Добры дзень, паважаная рэдакцыя!

Я — афіцэр запасу ўкраінскай арміі. Я ўжо не малады і не магу ўдзельнічаць у падзеях, якія разгортваюцца ў маёй краіне. Карані маёй сям’і сыходзяць у Гомельскую вобласць. А ўжо адтуль у Жытомір пераехаў мой дзед. Таму я шчыра рады той падтрымцы, якую аказваеце нам вы, беларусы.

Перад 9 Мая я вырашыў, што абавязаны неяк падзякаваць вам за тую падтрымку, якую вы аказваеце нам. Я заўважыў, што беларусы лічаць, што толькі яны асабіста, а не ўся ваша краіна падтрымлівае нас. Гэта не так. Мы адчуваем падтрымку ад усёй краіны.

17 красавіка прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка праявіў сваю палітычную волю і адмовіўся ўдзельнічаць у ганебным спектаклі, які рыхтаваў Пуцін 9 мая ў Маскве.

Як кажуць, сябры пазнаюцца ў бядзе. Калі Украіна зазнала на сабе агрэсію імперыі, беларускія браты змаглі падзяліць наш боль. Менавіта ў беларусаў мы знайшлі падтрымку. У нашу армію прыйшлі беларускія грузавікі, Мінск цалкам забяспечыў нашу тэхніку палівам. Прэзідэнт Лукашэнка падтрымаў Парашэнку падчас сустрэчы ў Мінску ў лютым.

Але мы, украінцы, павінны разумець, наколькі цяжка беларусам трымаць свой незалежны курс ва ўмовах ціску Расіі. Наша перамога забяспечана тым, што ўвесь свет на нашым баку. Расія засталася ў вечнай ізаляцыі. У Крамля адны васалы, а сапраўдных сяброў няма.

Варта сказаць, што акрамя падтрымкі нашай справе на вышэйшым узроўні беларускай улады, дапамога ідзе ад асобных грамадзян і арганізацый. Вось нядаўна з Беларусі ў зону баёў на Данбасе паступіў новенькі рэанімабіль.

У шэрагах нашых батальёнаў актыўна ваююць беларусы. Няма таямніцы ў тым, якой небяспецы падвяргаюцца гэтыя добраахвотнікі, якія са зброяй у руках адстойваюць на фронце незалежнасці Украіны і сваёй Беларусі.

Я асабіста знаёмы і з афіцэрамі беларускай арміі, якія бачаць несправядлівасць, што творыць Расія, і не баяцца пра гэта казаць.

Яны разумеюць і тое, што беларускія ўзброеныя сілы прызначаныя не для вядзення вайны, а для яе прадухілення. Яны адкрыта кажуць, што НАТА не з’яўляецца нават патэнцыйным праціўнікам, а ў сучасных умовах адпору расійскай агрэсіі можна казаць пра саюзніцкі патэнцыял у адносінах з НАТА.

Мы, украінцы, удзячныя вам, беларусы, за дапамогу і падтрымку. Дзякуй вам!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?