Меркаванні44

Малы ўспамін пра вялікага чалавека

Не стала айца Аляксандра Надсана. Калі верыць (а я хачу і дужа ў гэта веру), усе мы, хто сёння жыве на зямлі, з’яўляемся злучвом паміж пакаленнямі, якія былі да нас, і тымі, што прыйдуць пасля. Мы тое жывое кола, якое звязвае ланцуг у народ, і з гэтага кола выйшаў, адышоў да папярэднікаў а. Аляксандар. Ён пайшоў да тых, хто яго чакаў: а. Язэпа Германовіча, а. Уладзіслава Чарняўскага, кс. Вінцэнта Гадлеўскага і многіх іншых папярэднікаў-беларусаў.

Мне пашчасціла пазнаёміцца з айцом Аляксандрам асабіста, пагаварыць і памаўчаць разам.

Была позняя восень, лістапад 2008 года, я прачуў пра тое, што а. Аляксандар Надсан прылятае ў Беларусь і будзе выступаць у лёхах Чырвонага касцёла. На імправізаванай сцэне з’явіўся мілы сівенькі дзядок з добрымі вачыма.

Чорная марынарка, на якой былі прышпілены два значкі — сцяг і над ім крыж. Мова чыстая, самабытная, мова-песня для вуха студэнта першага курса філалагічнага факультэта.

Пачаў сваю прамову Аляксандар Надсан з падзякі за падарункі да свайго юбілею. Умела жартаваў, чым развесяліў сабраных, а пасля перайшоў да рэчаў больш важных, грунтоўных.

Казаў пра тое, што Хрыстос прыйшоў на зямлю не каб яму служылі, а каб служыць іншым, пра тое, што мэта нашага зямнога вандравання — здабыццё вечнага жыцця. Таксама згадаў, што, будучы чалавекам, кожны з нас мае сваю Бацькаўшчыну, для якой ён хоча шчасця, бо Бацькаўшчына — гэта пашыраная сям’я.

Вельмі важныя, фундаментальна важныя, словы прагучалі з вуснаў а. Аляксандра: святы Павел, апостал для ўсіх народаў, паходзіў з жыдоў і казаў, што, калі б гэта было карысным для яго народа, адрокся б ад Хрыста. Зразумела, што не адрокся, бо карысным гэта не было, але наколькі моцна трэба любіць свой народ, каб сказаць такое.

Узгадаў Надсан і Францішка Скарыну. У прадмове да Псалтыра першадрукар пісаў, што выдае кнігу дзеля дабра і пажытку свайго народа, «бо з гэтага языка Бог мяне і паклікаў».

«Гэтыя словы павінны быць прыкладам», — казаў Надсан. Калі Бог зрабіў нас беларусамі, то меў для нас пэўную мэту.

Так выйшла, што айцец Сяргей Гаек прапанаваў мне асабіста сустрэцца з айцом Аляксандрам. У капліцы грэка-каталікоў, што на вуліцы Арджанікідзэ, было ціха і светла.

Халодны восеньскі ранак быў скупым на цяпло, але досыць яркім сонцам заліваў драўляную падлогу. Сярод цішыні сядзеў сівенькі дзядок і ўзіраўся ў абраз у алтары, пад якім тлела шэрым дымком чырвоная лампадка. Я падышоў да чалавека ў чорнай сутане і размясціўся побач, колькі хвілін мы сядзелі моўчкі і ўзіраліся ў абраз.

Айцец Аляксандар няспешліва, але са шчырай, добрай усмешкай паглядзеў на мяне.

— Пахвалёны Езус Хрыстус! — кажу я.

— На векі вечныя амэн, — адказаў айцец.

Мы ўсміхнуліся адзін аднаму.

— Гэта ты той самы хлапец, які хацеў са мной пагаварыць?

— Так, ойча, гэта я. Мяне завуць Дзяніс.

— У цябе добрыя вочы, Дзяніс.

— Дзякуй, — няёмка адказаў я.

Мы гаварылі пра розныя рэчы: пра маю вучобу, пра пакліканне ў жыцці, пра гісторыю і літаратуру.

— У цябе прыгожая беларуская мова, Дзяніс. Мне досыць рэдка апошнім часам даводзіцца чуць харошую беларускую мову.

— Для мяне гэта самы прыемны камплемент — пачуць такое ад Вас. Вашай мовай я насычаюся, слухаю яе з вялікім замілаваннем, нібыта акамулятар, зараджаюся ад яе.

— У цябе беларускамоўная сям’я?

— Бацька заўсёды стараўся, каб мы з сястрою гаварылі, чыталі, навучаліся па-беларуску. Прыкладам сямейнай беларушчыны быў для нас брат майго прадзеда а. Уладзіслаў Чарняўскі.

— Бач ты, во яно як. Чаму ж, ведаю я твайго сваяка. А хочаш яшчэ пра аднаго з тваіх продкаў раскажу?

— Буду бязмежна ўсцешаны, дзякуй!

— Звалі яго Францішак Чарняўскі. Пазнаёміўся я з Франуком у Лондане, ён там таксама з беларусамі працаваў, пасля ў Парыжы з беларускімі студэнтамі апекаваўся. Памёр у Амерыцы. Добры быў чалавек. Мг, дык у цябе, кажаш, славуты род, — усміхнуўся.

Мы яшчэ з паўгадзінкі гаварылі пра розныя рэчы, але святара паклікалі па пільных справах, і мы вымушаныя былі развітацца.

Сем гадоў прайшло з тэй сустрэчы. Пасля меўся запісаць айца Аляксандра на відэа, як той чытае верш для платформы Litara-A, ужо нават дамовіліся пра здымкі, мае лонданскія сябры павінны былі ў гэтым дапамагчы, але не паспелі.

Што ж, светлая памяць вялікаму беларусу.

Каментары4

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж43

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Усе навіны →
Усе навіны

«Кава стане раскошай». Беларусы шакаваныя цэнамі ў крамах16

«Апантанасці геапалітыкай, як у Расіі, у нас сёння няма». Гісторык паразважаў, ці перажывуць беларусы «русский мир»16

Рубіа патлумачыў заяву Трампа пра зброю для Украіны за кошт НАТА

«Горад працоўнай славы 1941—1945». У Баранавічах адкрылі манумент з дзіўнай назвай9

У Беларусі і Расіі распрацуюць штучны інтэлект з традыцыйнымі каштоўнасцямі4

Асудзілі за «садзеянне экстрэмізму» былога дырэктара школы

Вучоныя знайшлі агромністае радовішча золата, якое змяшчае 99,999% усяго золата планеты8

У Польшчы адбылося ДТЗ з аўтобусам, поўным беларусаў3

Макрон заявіў пра гатоўнасць адправіць ва Украіну 50 тысяч вайскоўцаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж43

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць