На мерапрыемствы ў межах міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» у Нацыянальны мастацкі музей Беларусі (НММ) змогуць трапіць толькі 4 тысячы чалавек. Музей прыняў рашэнне абмежаваць колькасць наведнікаў у гэты дзень у сувязі з будаўніцтвам музейнага квартала, паведаміў на прэс-канферэнцыі 13 мая дырэктар НММ Уладзімір Пракапцоў.

Паводле яго слоў, у мінулыя гады розныя акцыі ў «Ноч музеяў» праводзіліся як унутры мастацкага музея, так і ва ўнутраным дворыку. Аднак зараз на месцы гэтага дворыка выкапаны катлаван пад фундамент будучых будынкаў музейнага квартала.

«Мы прададзім каля 4 тысяч квіткоў. На сёння прадалі каля тысячы. Хто купіў гэтыя квіткі, той у музей і ўвойдзе», — сказаў Пракапцоў. Ён дадаў, што наведнікаў будуць прапускаць у некалькі патокаў — двойчы па 700 і 1.300 чалавек.

«Мы прынялі гэтае рашэнне з мэтай бяспекі, а таксама, каб наведьнікам было камфортна, — растлумачыў дырэктар музея. — У мінулыя гады было занадта шмат людзей. Мы не гонімся за колькасцю наведвальнікаў, мы на гэтым [на «Ночы музеяў»] не стараемся зарабіць нейкую звышнорму грошай. Мы проста хочам паказаць свае мастацкія, інтэрактыўныя, музычныя праграмы. Каб людзі, якія да нас прыйдуць з дзецьмі, пажылыя людзі маглі адчуваць сябе камфортна, адносна свабодна, каб мы маглі ўсё кантраляваць».

Сёлета Нацыянальны мастацкі музей падрыхтаваў для наведнікаў «Ціхую ноч», якая пачнецца 16 мая ў 19.00 і «будзе доўжыцца да раніцы, калі спатрэбіцца», зазначыў Пракапцоў.

Так, на пляцоўцы перад музеем мінчан і гасцей сталіцы чакаюць музычныя і тэатральныя выступленні, таксама будзе дзейнічаць фотазона.

Паказ кароткаметражных нямых фільмаў пачатку ХХ стагоддзя з фондаў Музея гісторыі беларускага кіно пройдзе ў арт-кафэ музея. У галерэі на другім паверсе наведнікі змогуць убачыць выставачны праект Беларускага саюза дызайнераў «ПаСтулат».

У дзвюх экспазіцыйных залах рускага мастацтва на другім паверсе музея размесціцца выстава тэкстыльных скульптур «Снежнае лета». Яшчэ ў трох залах размесцяцца «Пакой, які шэпча» з «карцінамі, якія размаўляюць, «Пакой цішыні» з экспазіцыяй флуарэсцэнтнага і псіхадэлічнага мастацтва, а таксама інтэрактыўная пляцоўка «Анатомія пачуццяў». 

У новым корпусе-прыбудове (белыя залы) наведнікаў чакаюць мноства інтэрактыўных зон і праграм, музычныя, тэатральныя і харэаграфічныя выступленні.

«Праграма цікавая, мы задзейнічалі ўсе магчымасці свае і нашых калег — мастакоў, дызайнераў, музыкантаў і гэтак далей», — зазначыў Пракапцоў.

Дырэктар НММ звярнуў увагу на тое, што праход на выставу вынаходстваў Леанарда да Вінчы на першым паверсе музея будзе ажыццяўляцца па асобных квітках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?