Калі я пісаў пра тое, што пры немцах было адчынена нашмат больш праваслаўных храмаў, чым пры сталінскім пасьляваенным «адраджэньні», то рабіў гэта зусім не для таго, каб паказаць, якія добрыя нацысты.

Зразумела, нацысты былі таксама антыхрыставай сілай, але справа ў тым, што нам больш актуальна тое, што вырасла ў нас і працягвае ў нас дзейнічаць. Са сваёй хваробай немцы, мне здаецца, больш‑менш разабраліся, а вось у нас цягнецца гэтая сатанінская спадчына. Гэта тычыцца ня толькі менавіта рэлігіі і стаўленьня да яе, але ўсяго стылю жыцьця, які мы называем «савецкім» ці «саўковым».

Вядома, якая ідэалёгія пануе ў нашай краіне. І як там не казаў бы прэзыдэнт пра тое, што, быццам, царква абрана галоўнай у гэтай ідэалёгіі, мы добра ведаем, які строй грамадства абраны ў якасьці ўзору. Але постсавецкае грамадства гэта своеасаблівы постмадэрнісцкі фэномэн, калі дзіўна пераплятаюцца злучаюцца рэчы прынцыпова несумяшчальныя. І робіцца гэта наўмысна, каб зрабіць тое, што не арганічна для гэтай ідэалёгіі, пры захаваньні зьнешніх прыкмет перарадзілася б на самой справе ў сваю супрацьлегласьць (у лепшым выпадку) ці хаця б страціла сваю дзейсную сілу.

Вось таму трэба сачыць за такім працэсамі і тэндэнцыямі. Як гэта робіцца, можна было назіраць, напрыклад, учора па тэлебачаньню. Ёсьць такая на канале Лад ня вельмі, думаю, шмат каму вядомая перадача пра падзеі духоўнага жыцьця ў Беларусі пад назвай «Благавест» (вядучы Арцём Махакееў). Ня вельмі вядомая таму, што ідзе яна вельмі рана ў нядзелю, калі большасьць людзей яшчэ даглядаюць сны. Дарэчы, час трансьляцыі ўжо шмат што кажа пра сапраўднае стаўленьне да «галоўнай ідэалёгіі». Але мне ў гэтым выпадку ня вельмі шкада, што мала хто яе бачыць. Наадварот. Дзякуй Богу, што мала хто бачыць гэтую падробленую пад «духоўнасьць» падманку.

Асобная размова пра тое, што чамусьці духоўнае жыцьцё краіны зводзіцца выключна да падзеяў у межах праваслаўя. Быццам не існуе ў нас ні каталіцтва, ні пратэстантаў, ня кажучы ўжо пра нехрысьціянскія рэлігіі.

Але тое што кажуць і пра праваслаўе, лепш ня чуць. Вось у гэтую нядзелю ў Праваслаўнай царкве адзначалася памяць навамучанікаў. Так склалася, што гэтым тэрмінам называюць ў Царкве тых, хто стаяў да сьмерці за веру ў савецкія бязбожны час. Таму ўшанаваньне навамучанікаў мае зразумелы сэнс і накіраванасьць. І гэтая накіраванасьць неяк, канешне, не спалучаецца з рэанімацыяй прасавецкай ідэалёгіі. І вось раптам, менавіта ў дзень шанаваньня сьвятых навамучанікаў мы чуем, што лічыць навамучанікамі толькі тых, хто прыняў пакуты ў 20‑30‑я гады. На самой справе шмат навамучанікі былі і у гады нямецкай акупацыі і адразу пасьля лютаўскай рэвалюцыі (як сказаў вядучы, «так званай дэмакратычнай»). Адчуваеце? Адразу ж намечаны галоўныя ворагі ў адпаведнасьці з сучаснай прапагандай. Гэта, зразумела, дэмакраты і фашысты. І вось на гэта штучна і гвалтоўна перацягваецца акцэнт. І далей ідзе гаворка пра двух сьвятароў, якіх нацысты пакаралі сьмерцю

На усякі выпадак хачу падкрэсьліць, што зусім не ідэалізую ні час пасьля лютаўскай рэвалюцыі, ні гады нямецкай акупацыі. Кожная эпоха мела сваіх пакутнікаў. Былі яны ня толькі пасьля, але і да лютаўскай рэвалюцыі. Нават у часы самага «праваслаўнага» кіраваньня, як гэта было, напрыклад, з мітрапалітам Філіпам ці Максімам Грэкам. Але слова «навамучанікі» нельга разумець проста ў сэнсе «нядаўнія мучанікі». Навамучанікі гэта пакутнікі па аналёгіі з першымі хрысьціянскімі пакутнікамі, якія цярпелі ад антыхраставай ўлады і антыхраставай ідэалёгіі. У савецкай імпэрыі адбылася рэанімацыя гэтай падобнай ідэалёгіі, якія пануе ў нашых галовах, сярод нас і да гэтага часу. Мы павінны перамагчы яе, а натхненьне для нас — подзьвіг навамучанікаў. Менавіта тых, што ў веры сваёй супрацьстаялі тым «каштоўнасьцям», што нам цяпер зноў навязваюць і нават спрабуюць дзеля гэтага зьмяніць сам сэнс навамучаніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?