Расія не будзе ўдзельнічаць у рэструктурызацыі доўгу Украіны. Пра гэта паведаміў намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Сторчак.

«Не, мы не будзем удзельнічаць у пазыковай аперацыі», — адзначыў чыноўнік. Ён таксама падкрэсліў, што ў чэрвені Масква чакае ад Кіева выплаты чарговага траншу па крэдыце.

Расія з'яўляецца адным з трымальнікаў еўрааблігацый Кіева — яна валодае бондамі на 3 млрд даляраў. У чэрвені 2014 Украіна выплаціла 73,3 млн даляраў, у снежні — яшчэ 75,5 млн.

Раней, 10 красавіка, Камітэт прыватных крэдытораў Украіны, які аб'ядноўвае ўладальнікаў каштоўных папер на 10 млрд даляраў, таксама адмовіўся спісваць даўгі.

У той жа час Украіна да 2019 года павінна зэканоміць на абслугоўванні замежнага доўгу 15 млрд даляраў. Гэта адна з умоў для далейшага атрымання фінансавай падтрымкі ад Міжнароднага валютнага фонду (МВФ).

Знешні дзярждоўг Украіны па выніках сакавіку 2015 вырас на 8,3%, або на 2,4 млрд даляраў. Яго памер дасягнуў 32,8 млрд даляраў. У Нацбанку прагназуюць, што сукупны доўг краіны складзе 93% ВУП па выніках года.

17 лютага Сяргей Сторчак дапускаў, што Расія можа прыняць удзел у праграме фінансавай падтрымкі Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?