Расейскі амбасадар Сурыкаў апошнім часам упэўнена заяўляе, што газ для Беларусі калі і падаражае з красавіка, то ня болей чым на 10%. Гэта зноў прагучала на прэсавай канфэрэнцыі 11 лютага. Як высьветлілася, такі ліміт падвышэньня цягам году закладзены ў кантракце. Безапэляцыйнасьць лічбы лішні раз пацьвярджае, што цана — палітычная.

Між тым напярэдадні першы віцэ-прэм'ер Расеі Сяргей Іваноў на канфэрэнцыі ў Мюнхене спрабаваў давесьці, што цана іхніх энэрганосьбітаў вызначаецца "ўсім вядомай празрыстай рынкавай формулай". Льготы ж для Беларусі патлумачыў так: Лукашэнка, маўляў, кажа, што ў яго няма грошай, каб разьлічвацца паводле эўрапейскіх ставак. А што, хіба ня рынкавы аргумэнт? :)

Насамрэч, канешне, цяжка паверыць, што Крэмль зьлітаваўся над бедным партнэрам па "братняй інтэграцыі". Аналітыкі будуюць вэрсіі наконт закулісных абяцаньняў беларускага боку. Ва ўсякім разе, з выказваньняў Сурыкава можна зрабіць выснову, што Масква надта хоча атрымаць замову на АЭС ды даціснуць нарэшце пагадненьне пра аб'яднаную сыстэму супрацьпаветранай абароны (Лукашэнка ў свой час даў зразумець, што гэта грошай каштуе).

А вось наконт пэрспэктываў канстытуцыйнага акту Сурыкаў выказаўся надта цьмяна. З намёкам на тое, што сама Расея можа займець клопаты, калі наднацыянальныя органы атрымаюць вялікія паўнамоцтвы.

Фота з сайту www.newsru.com

Так што гэтыя інтэграцыйныя гульні — кій з двума канцамі. Болей праўдападобнай, чым фарсаваньне аншлюсу, выглядае вэрсія пра тое, што Крэмль робіць стаўку на паўзучую эканамічную экспансію. Зараз жа ўсё выразьней вымалёўваецца і пэрспэктыва фінансавай пятлі для Беларусі. Вось і пад АЭС, як вынікае са слоў амбасадара, Масква гатовая даць адмысловы крэдыт...

Тым часам канчаткова растаюць надзеі афіцыйнага Менску на выгады ад пракладкі другой ніткі газаправоду Ямал — Эўропа. Сурыкаў дыпляматычна зазначыў, што яе мэтазгоднасьць узважаць хіба што пасьля пабудовы "Паўночнай плыні". Калі памятаеце, менавіта гэты намер пракласьці трубу па дне Балтыкі Лукашэнка назваў "самым дурным" праектам Расеі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?