Рафал Юшчак стаў вядомым у прафесійных колах працай на кіраўнічых пасадах у банках Польшчы і Украіны. У адкрытым і шчырым інтэрв'ю «Ежедневніку» ён раскрыў, якія амбіцыі мае намер рэалізаваць у Беларусі і чым яго прывабіў на працу «Альфа-Банк». 

На пасаду дырэктара «Альфа-Банка» ў Беларусі Рафал Юшчак пагадзіўся яшчэ на пасадзе топ-менеджара польскага фінансавага холдынгу. Рашэнне на карысць такога нераўназначнага варыянту выглядае даволі нечаканым.

Рафал Юшчак згодны, што яно нечаканае: «Гэта ўжо не першы раз, калі я дзейнічаю супраць трэнду». Ён пачынаў сваю кар'еру ў французскім банку ў 1996 годзе і выклікаў здзіўленне калегаў, калі ў 2008 годзе вырашыў сысці ў польскі банк. Праз некалькі гадоў спадар Юшчак яшчэ раз здзівіў кам'юніці, заявіўшы аб сыходзе з Сitibank — найбуйнейшага рознічнага банка ў краіне. «Я люблю перамены», — прызнаўся менеджар.

Аб вялікіх магчымасцях у невялікай Беларусі

Дзіўны выбар амбіцыйнага банкіра на карысць сціплай Беларусі ён сам патлумачыў тым, што тут можна хутка дасягнуць поспеху.

Па-першае, на яго думку, у Беларусі няма сур'ёзнай канкурэнцыі паміж банкамі. Краіна немаленькая, але пры гэтым адзін з буйных польскіх банкаў па велічыні актываў перавышае ўвесь банкаўскі сектар Беларусі.

Па-другое, беларускі «Альфа-Банк» — невялікая кампанія. «У такім маленькім банку я ніколі ў жыцці не працаваў, — сказаў Рафал Юшчак. — І гэта цікава, бо ў мяне няма комплексу «ў каго большы». У маленькім банку за адзін квартал паспееш пазнаёміцца з усімі, можна ўплываць на карпаратыўную культуру, паказаць калегам, як развіваць бізнэс па-іншаму».

З іншага боку, банк хоць і маленькі, але ёсць адчуванне вялікай групы (банк уваходзіць у расійскую «Альфа-Груп»).

«Атрымліваецца, што б ты ні зрабіў у Беларусі, пра гэта даведаюцца ва ўсёй краіне, таму што тут мала банкаў, і даведаюцца ва ўсёй групе, таму што справы ў асобных банкаў групы ідуць няпроста. Тут твой поспех будзе выглядаць у тры разы большым, чым звычайна», — паўжартам распавёў пра свае сур'ёзныя амбіцыі дырэктар.

Нават тое, што група належыць расейцам, у вачах Рафала Юшчака дадае гэтай працы разыначку: «Гэта цікава — паляк працуе на расейцаў у Беларусі». Паводле яго слоў, у «Альфа-Банка» ёсць добрае разуменне Еўропы, менеджар нават назваў яго «расійскім заходнім банкам».

Для Рафала Юшчака таксама важна, што банк не з'яўляецца дзяржаўным: «Настолькі адважным я б не быў, каб пайсці ў дзяржбанк».

Аб планах у «Альфа-Банку»

Вядомы менеджар, як правіла, працуе з банкамі на працягу трох гадоў. Яго планы па Беларусі пакуль таксама на тры гады. Зараз ён працуе над стварэннем новай стратэгіі для «Альфа-Банка» — раскрыць яе ён павінен праз тры месяцы.

«Я не прыйшоў тут усё памяняць, — сказаў Рафал Юшчак. — Мая задача — выбраць прыярытэты з таго, што ёсць, і дадаць нешта новае. Цяперашняе дзясятае месца «Альфа-Банка» нікому не падабаецца, нягледзячы на добрыя пазіцыі брэнда на рынку. Я хачу больш. Я не хачу зрабіць яго банкам нумар адзін у краіне, я не вар'ят, з «Беларусбанкам» спаборнічаць не збіраюся. Але я хачу быць нумар адзін, напрыклад, па электронных паслугах».

Кіраўнік фірмы ставіць перад сабой задачу зрабіць «Альфа-Банк» банкам «першага выбару» — зразумелым, сучасным і камфортным, «каб усё можна было зрабіць праз тэлефон, а не ў аддзяленні банка». Яго банк павінен адрознівацца ад іншых. Для гэтага кампаніі трэба заняць нішу, якая яшчэ вольная на рынку.

Аб свабодных нішах на рынку

Рафал Юшчак упэўнены, што інавацыйная ніша ў беларускім банкаўскім сектары яшчэ вольная. Яго родная Польшча якраз атрымала поспех у гэтым плане — ацэначна, яна ўваходзіць у першую дзясятку краін свету па інавацыях у банкаўскай сферы. «Калі ў Польшчы я хачу адкрыць рахунак, я знайду дзесяць раўнацэнных прапаноў. У Беларусі я знайду толькі зарплатны рахунак», — сказаў банкір.

«Беларусь — гэта такая краіна ў Еўропе, дзе вельмі блізка да Варшавы, да Лондана, да Масквы. Амаль у цэнтры. Здавалася б, доступ да інфармацыі ёсць. Але доступ да інфармацыі пакуль не трансфармуецца ў рэальныя змены, — адзначыў менеджар. — І тым не менш я веру ў Беларусь. У Беларусі інтэрнэтам карыстаецца каля 6 млн чалавек, купляюць у інтэрнэце 2—3 мільёны, гэта ўжо добра. І гэта толькі пачатак».

Спецыяліст зараз назірае за развіццём транзакцыйнага электроннага бізнэсу. Ён упэўнены, што хутка ўсе будуць купляць валюту праз інтэрнэт. «Таму што гэта лёгка — прасцей параўнаць цэны».

Аб прыцягненні польскага бізнэсу ў Беларусь

Калі Рафал Юшчак пазнаёміўся з Беларуссю, яго збянтэжала пытанне, чаму тут так мала замежных банкаў. Бо краіна не маленькая, патэнцыял ёсць. Але з заходніх банкаў тут толькі польскія і адзін з аўстрыйскіх банкаў.

«Думаю, справа ў тым, што няма разумення краіны, таго, як тут працуе бізнес, — мяркуе банкір. — Але гэта можна змяніць. Бо дваццаць гадоў таму гэтак жа ніхто не разумеў Польшчу».

Эксперт лічыць Беларусь перспектыўнай краінай для прыцягнення інвестыцый.

«З польскіх кампаній да мяне вельмі шмат пытанняў прыходзіць пра Беларусь — ці можна тут працаваць. Я пераконваю польскіх калегаў, што Беларусь можа быць добрай краінай для пабудовы бізнэсу, асабліва ўлічваючы тое, што адбываецца ва Украіне».

Такую цікавасць ён разглядае як магчымасці для маркетынгу — «Альфа-Банк» мог бы аказваць паслугі польскім кампаніям: «Тады ўвесь польскі бізнэс у Беларусі будзе абслугоўвацца ў нас», — сказаў дырэктар.

Чым можа быць цікавая замежнікам Беларусь? Напрыклад, у Еўропе дэпазіт на год даецца пад 1% тлумачыць эксперт. Калі ў Беларусі ён пад 7%, то для еўрапейца гэта ўжо выглядае прывабным. «Адзін з польскіх банкаў працаваў так у Германіі — мы плацілі па ўкладах не 1%, а 3%», — дзеліцца ідэямі Рафал Юшчак.

Дыверсіфікацыя рэсурсаў — гэта задача любога банка. Сёння «Альфа-Банк» не патрабуе ад новага дырэктара прыцягнуць заходні капітал — банк ліквідны, для яго гэтае пытанне стаіць не востра. «Але калі будуць такія магчымасці, то чаму не», — разважае эксперт.

Аб дэвальвацыі і Нацбанку

Пярэчанні аб складанасці працы ў беларускіх рэаліях Рафал Юшчак адмёў.

Параўноўваючы нашу краіну з Украінай, ён адзначыў у Беларусі адчувальны ўзровень бюракратыі. «Але яна транспарэнтная. Тут я магу запоўніць на два дакументы больш, але я разумею ўмовы, яны празрыстыя. Калі я працаваў ва Украіне, памятаю, ніхто нічога не разумеў. Хіба што колькі плаціць грошай і каму. І нават гэта не ўсе разумелі».

Істотнай пагрозай на беларускім рынку з'яўляецца макраэканамічная нестабільнасць і дэвальвацыя. «Я не хачу смяяцца і казаць, што нам усё роўна, — сказаў менеджэр. — Гэта сур'ёзная праблема і для зберажэнняў, і для крэдытаў. Але я не хацеў бы апраўдваць гэтым сваю неэфектыўную працу. Бо такія ўмовы для ўсіх удзельнікаў рынку».

Абмежаванні і пастаянныя ўмяшанні Нацбанка спецыяліста таксама не палохаюць. «Нацбанк ў Беларусі працуе вельмі актыўна і кантралюе сітуацыю, і гэта добра. Напрыклад, пазбаўленне ліцэнзіі трох банкаў — правільны крок. Гэта лепш, чым дапусціць банкруцтва гэтых банкаў. Дзейнічаць на апярэджанне заўсёды бяспечней. Вядома, тут важна, што гэта толькі тры банкі», — адзначыў банкір.

Па яго словах, у заходніх краінах пасля падзей 2008 Цэнтрабанкі таксама пачалі кантраляваць рынак у ручным рэжыме. «Такой моцнай пазіцыі банкаўскага нагляду ў свеце яшчэ не было. І гэта нармальна, бо банкаўскі сектар — гэта не рынак бульбы і таматаў, гэта сур'ёзная сфера, якая ўплывае на эканоміку краіны. І Цэнтрабанк — гэта орган, які не проста рэгулюе банкі, ён адказвае за манетарную стабільнасць».

Рафал Юшчак сцвярджае, што ў Еўропе таксама паралельна з законамі існуюць «рэкамендацыі» Цэнтрабанка, якія «паспрабаваў бы хто-небудзь не выканаць».

Інфармацыя па справе

Рафал Юшчак працаваў на пасадзе намесніка старшыні праўлення холдынгу Getin Holding (польскага алігарха Лешэка Чарнецкага), а таксама на кіраўнічых пасадах у польскім банку PKO Bank Polski, «Першым міжнародным украінскім банку» (належыць украінскаму мільярдэру Рынату Ахметаву), у «Румынскім міжнародным банку», «Ідэя-Банку» ва Украіне, Беларусі і Расіі, атаксама ў «Беларускім банку малога бізнэсу».

Нарадзіўся 7 верасня 1969 года. Скончыў у 1994 Універсітэт Гданьска (Польшча), атрымаўшы ступень магістра гістарычных навук, і ў 1996 — Вышэйшую школу менеджменту (бізнэс-школа) горада Руан (Францыя) са ступенню магістра банкаўскай справы і фінансаў.

Захапляецца ўсходнімі адзінаборствамі: тройчы чэмпіён Польшчы па кунг-фу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?