Іван Раманавіч Размысловіч з жонкай Янінай Васільеўнай, дачкой Алай і сынам Раманам.

Іван Раманавіч Размысловіч з жонкай Янінай Васільеўнай, дачкой Алай і сынам Раманам.

Ён прайшоў усю вайну, ад Мінска да Манчжурыі, але не любіў звякаць медалямі на парадах. Чалавек з прагрэсiўным мысленнем, якое не здолела затлумiць савецкая прапаганда, навуковец прадстаўляў БССР у ААН, а пасля шчыра вітаў абвяшчэнне незалежнасці Беларусі пад гістарычнымі сімваламі.

Сын ворага народу і франтавік

Іван Раманавіч нарадзіўся ў вёсцы Восава, што на Пухавіччыне. Яго бацька працаваў рабочым на станцыі Асіповічы і ў страшны 1937-мы стаў адным з мільёнаў беспадстаўна рэпрэсаваных. Правёў чатыры гады ў сталінскім канцлагеры, быў рэабілітаваны, але вярнуцца на радзіму ды пабачыць крэўных не паспеў — памёр у Мічурынску ў 1941-м.

У гэты час ягоны сын Іван, выпускнік мінскага палітэха, распрацоўваў машыны для здабычы торфу ў адной з праектных арганізацый Мінска. У першыя ж дні нямецкіх авіяналётаў дом у раёне Чэрвеньскага рынка, дзе ён здымаў кватэру, згарэў.

Іван Размысловіч пайшоў добраахвотнікам на фронт.

Тэхнік-лейтэнант, ён адказваў за першую дапамогу пацярпелай ваеннай тэхніцы на перадавой. Удзельнічаў у баях пад Масквой, на Калінінскім, Заходнім, Цэнтральным, 2-м і 3-м Украінскіх франтах, у шэрагу буйных наступальных аперацый у Балгарыі, Венгрыі і Чэхаславаччыне.

Вайна скончыцца для яго толькі ў верасні 1945-га у Маньчжурыі.

Навуковец: ад Сталінскай прэміі да ААН

Пасля дэмабілізацыі Размысловіч вярнуўся ў Мінск, каб заняцца справай усяго жыцця — сельскагаспадарчым машынабудаваннем. У 1951-м 36-гадовы аспірант Навукова-даследчага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі разам са слынным акадэмікам Міхаілам Мацэпурам сталі лаўрэатамі Сталінскай прэміі (Дзяржпрэміі СССР) за распрацоўку сельскагаспадарчых машын для асваення забалочаных і хмызняковых зямель.

Практычнымі распрацоўкамі і вынаходніцтвамі Іван Раманавіч займаўся цягам чатырох дзесяцігоддзяў.

Гэтак, пад ягоным кіраўніцтвам былі распрацаваныя некалькі пакаленняў бульбаўборачных камбайнаў — ключавая прылада айчыннай сельскай гаспадаркі. Нароўні з практычнымі распрацоўкамі (на яго рахунку было 47 вынаходак) Размысловіч ствараў тэарэтычную базу сельскагаспадарчай адукацыі ў Беларусі: быў сааўтарам сямі кніг, падрыхтаваў 27 кандыдатаў навук, узначальваў кафедру сельскагаспадарчых машын (1956-78) і быў прарэктарам па навуковай рабоце Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі (1956-66).

У перыяд «кукурузнай кампаніі» ў СССР Іван Раманавіч вёў тэматычныя семінары для партыйных дзеячаў, слухачамі якіх былі кіраўнікі Савецкай Беларусі Пётр Машэраў і Кірыла Мазураў.

А з 1964 па 1967 прадстаўляў БССР у групе механізацыі сельскай гаспадаркі пры аддзяленні ААН у Жэневе.

Іван Размысловіч (другі злева) у складзе дэлегацыі БССР у ААН.

Іван Размысловіч (другі злева) у складзе дэлегацыі БССР у ААН.

За «жалезнай заслонай»

Яго дачка Ала Баранава распавядае, што вандроўкі за «жалезную заслону» — у Швейцарыю, скандынаўскія краіны — моцна паўплывалі на светапогляд бацькі.

«Тады ж пра такія рэчы нельга было гаварыць голасна. Ён зачыняў дзверы ў нашай кухні і распавядаў маці, сваякам пра высокі ўзровень жыцця на Захадзе, пра высокатэхналагічную сельскую гаспадарку», — прыгадвае Ала Iванаўна.

Ён вылучаўся нават з акадэмічнага акружэння прагрэсіўнымі поглядамі і крытычным мысленнем, быў адкрытым да новых ведаў і ідэй, за што карыстаўся вялікай павагай і папулярнасцю ў студэнтаў і аспірантаў.

«Адзін сваяк мамы пасля вайны атрымаў па партызанскіх сувязях пасаду старшыні калгаса. Чалавек быў недалёкі, любіў нахвальваць савецкую ўладу ды нашу «перадавую» сельскую гаспадарку. Бацька ўсё гэта слухаць не мог. Паўтараў, што савецкая гаспадарка патрабуе карэннай мадэрнізацыі. Крытыкаваў, што мы гонімся за тэмпамі росту і лічбамі, а ў Еўропе галоўнае — якасць і вынік. Таму мы заўжды будзем адставаць».

«Трэба арыентавацца на Еўропу…»

Кавалер трох ордэнаў і дзесятка медалёў, ён не хадзіў на парады ды не насіў узнагароды, прыгадваюць у сям’і. Не любіў гераічныя фільмы пра вайну, напышлівыя прамовы пра патрыятызм ад партыйных халуёў, услаўленні Сталіна ды партыі.

«Бацька вітаў распад СССР, з радасцю ўспрыняў абвяшчэнне незалежнасці Беларусі.

Ён быў перакананы, што мы маем кампактную краіну, якой трэба арыентавацца на Еўропу і будаваць уласны лёс самастойна, без кантролю з Крамля. Казаў, што мы павінны вучыць беларускую мову, уласную гісторыю, цешыўся вернутымі гістарычнымі сімваламі», — распавядае Ала Баранава.

Дачка прыгадвае, як ужо ў 1990-я Іван Раманавіч ездзіў у Польшчу, і нягледзячы на гіперінфляцыю, якую тады перажывала краіна, радаваўся, што суседзі, у адрозненне ад нас, перахварэлі на камунізм, а значыць атрымалі шанец на светлую будучыню.

Што да Беларусі, дзеляцца родныя Івана Размысловіча, ён быў песімістам. Лічыў, што народ «абалванены», а з гэтай уладай на перамены ды рэформы спадзявацца не выпадае.

«Дзядулю вельмі засмуцілі вынікі першых прэзідэнцкіх выбараў, рэферэндуму аб змене бел-чырвона-белага сцяга і «Пагоні», — прыгадвае яго ўнучка Таццяна. — Ён казаў, што вярнуўшы гэты злепак савецкага мінулага, мы паставілі крыж на ўласнай будучыні ў выглядзе».

Іван Раманавіч пражыў 90 год, аддана працуючы дзеля радзімы.

Свае светлыя думкі і мары аб дэмакратычнай еўрапейскай Беларусі ён перадаў дзецям і ўнукам. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?