Санітарна-эпідэміялагічная служба ў красавіку-маі бягучага года абследаваны паркі, скверы, зялёныя зоны горада, тэрыторыі аздараўленчых лагераў.

Цэнтральныя паркі Мінска з каротка стрыжанымі газонамі і рэдкімі дрэвамі вольныя ад кляшчоў. У лясных масівах, што месцяцца па перыферыі горада і пераходзяць у прыгарадныя лясы, рэгіструюцца знаходкі кляшчоў, якія могуць быць пераносчыкамі інфекцый, у тым ліку хваробы Лайма.

Меры прафілактыкі і абароны

У час знаходжання на прыродзе неабходна:

Максімальна прыкрываць цела, апранаць светлую адзежу (на ёй лепш відаць кляшчоў) з доўгімі рукавамі і капюшонам, штаны запраўляць у шкарпэткі.

Аглядаць сваю вопратку кожныя 2-3 гадзіны, перыядычна праводзіць праверку скуры.

Па вяртанні з лесу, парку старанна агледзець вопратку, скуру, звяртаючы асаблівую ўвагу на наступныя часткі цела: шыя, падпахі, пахвіна, вушы - у гэтых месцах скура асабліва пяшчотная і тонкая, кляшчы часцей за ўсё прысмоктваюцца менавіта там. Таксама неабходна агледзець жывёл, букеты з лясных і палявых кветак і іншыя рэчы прывезеныя з лесу.

Пры неабходнасці выкарыстоўваць процікляшчовыя рэпеленты, у адпаведнасці з інструкцыяй па іх ужыванню.

Як дзейнічаць у выпадку прысмоктвання кляшча

Кляшча варта як мага хутчэй выдаліць. Чым даўжэй клешч знаходзіцца ў прысмактаным стане, тым большая верагоднасць заражэння чалавека. Зрабіць гэта лепш у медыцынскай установе. Калі такой магчымасці няма, выдаліць яго можна самастойна адным з наступных спосабаў:

Пры дапамозе баваўнянай ніткі. Яе завязваюць ў вузел, як мага бліжэй да хабатка кляшча. Закручваючы канцы ніткі пры дапамозе кругавога руху, здабываюць кляшча, паволі падцягваючы яго ўверх. Рэзкія рухі недапушчальныя.

Пры дапамозе стэрыльнай (пракаленай) іголкі - як стрэмку.

Пінцэтам. Кляшча трэба захапіць як мага бліжэй да хабатка. Затым яго акуратна выцягваюць, круцячы вакол сваёй восі ў зручны бок. Звычайна праз 1-3 абароты клешч здабываецца цалкам разам з хабатком. Калі ж кляшча паспрабаваць выдраць - вялікая верагоднасць яго разрыву. Нельга націскаць на брушка, пры гэтым магчыма выдушванне яго змесціва разам з узбуджальнікамі хвароб у ранку.

Пасля выдалення кляшча скуру ў месцы яго прысмоктвання апрацоўваюць настойкай ёду або спіртам.

Пры выдаленні кляшча нельга выкарыстоўваць алей, крэмы, якія закаркоўваюць дыхальныя адтуліны кляшча і правакуюць дадатковы выкід узбуджальнікаў у кроў чалавека.

Пасля выдалення кляшча неабходна абавязкова звярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства да ўрача-інфекцыяніста (тэрапеўта, педыятра) для прызначэння прафілактычнага лячэння і арганізацыі медыцынскага назірання.

Пры з'яўленні прыкмет захворвання неабходна неадкладна звярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства і паведаміць лекару пра прысмоктванне кляшча на працягу апошняга месяца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?