Горацкі райвыканкам не дазволіў партыйнаму актывісту Эдуарду Брокараву выдаваць газэты.

Паводле пастановы, падпісанай старшынём райвыканкаму Міхаілам Анікеевым, у раёне афіцыйна выходзяць тры газэты, якія цалкам забясьпечваюць насельніцтва інфармацыяй.

Райвыканкам зарэгістраваў актывіста індывідуальным прадпрымальнікам з правам займацца рэклямнай дзейнасьцю ды гандлем, аднак не зацьвердзіў яшчэ аднаго віду дзейнасьці — выданьня газэт.

«Яны ведаюць мяне як актывіста партыі БНФ, яны ведаюць мяне як актывіста руху «За свабоду». І як наагул чалавека з дэмакратычнымі поглядамі, а з дэмакратамі яны цяпер змагаюцца ўсімі спосабамі. Яны разумеюць, што пісаць пра ўраджаі і надоі я ня буду. Я буду пісаць пра тое, што бачу. Гэта адзін з маіх прынцыпаў. Ім не патрэбная праўда», — гэтак пракамэнтаваў «Свабодзе» пазыцыю райвыканкаму Эдуард Брокараў.

Эдуард Брокараў выдае ў Горках газэты «Ўзгорак» ды «Горацкі выбар», а таксама рэдагуе газэту абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў Магілёўшчыны «Выбар».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0