Гэта пачалося з маёй генерацыі, з тых, хто ў піянерах пабываць паспеў, а ў камсамол ужо прыняты не быў, бо дзяржава ляснулася разам з піянерамі, камсамольцамі і чарговым планам на пяцігодку. Да нас задачамі сярэднестатыстычных бацькоў было: а) карміць; б) набыць школьную форму і ранец; в) дапамагчы адкасіць ад войска; г) знайсці блат, каб усунуць дзіцятка ў ВНУ.

Пасля 1991-га ўсё змянілася. Адукацыя зрабілася платнай. Студэнцкі білет як такі болей не забяспечваў дыплом. Трэба было шукаць грошы, каб «чада» вучылася, вучылася і вучылася, як раіў Ленін. Бацькі не маглі ўздыхнуць вольна пасля таго, як малое паступіла: траблы для іх толькі пачыналіся.

Замест ад’езду ў адпачынак, новых ботаў для мамы ці новага аўто для таты яны вымушаныя былі працаваць як Сізіф, адкладаючы з заробкаў на штосеместравыя выплаты ўніверсітэту. Дзеткі плаціць за ўласную адукацыю не маглі нават тэарэтычна: куды ж яны ўладкуюцца, калі ў іх няма дыплома?

Хаця той феномен, які я хачу апісаць, узнік з іншай прычыны. Ён з’явіўся (зразумела, што гэта толькі мая гіпотэза) якраз таму, што і сам дыплом болей не гарантаваў працаўладкавання. Скончыўшы найлепшую ВНУ, атрымаўшы пасведчанне «юрыста-эканаміста», недаростак заставаўся а) без працы; б) без грошай. Нічым не лепей, чым да ўніверсітэта!

Так узнікла схема адносін паміж бацькамі і дзецьмі, якой нашае цяперашняе грамадства характарызуецца ў той жа ступені, як характарызуецца яно плакатамі «Разам мы Беларусь», Аляксандрам Саладухам ці віншаваннем з 9 траўня ад Мінскага гарадскога савета дэпутатаў у метро. Бацькі тут – статус адвечны. Гэта кшталту працы, з якой нельга пайсці на пенсію.

У той час, як у Штатах, Еўропе і нават суседніх Літве з Украінай дзеткі, адвучыўшыся, пачынаюць самі дапамагаць старэйшым, у нас яны садзяцца на пажыццёвую рэнту, чакаючы дапамогі штомесяц.

Першы прыклад: сям’я, ёй 40, яму 42. Яна інжынер, ён — нешта сярэдняе паміж архітэктарам і тэхнолагам. 2 гады таму яе звольнілі праз крызіс, у яго працы як такой не было ўвесь час, як я яго памятаю, ён жыў на яе грошы, піў, канечне, але хто тут не п’е?

Дык вось, яна звальняецца, сям’я застаецца без кармільца, і ім… што б вы думалі? Так! Ім пачынаюць дапамагаць бацькі!

Ягоная маці, пенсіянерка (3,5 мільёны), уладкоўваецца ў дробны гандаль (яшчэ 4 мільёны). Яе маці – таксама пенсіянерка са стажам у сацыяльным сектары (2 мільёны) ідзе прыбіральшчыцай на аздараўленчы аб’ект (3 мільёны). Яны даюць дзеткам супольна, у чатыры рукі, блізу 5 мільёнаў штомесяц, і гэтага хапае, каб піць, глядзець тэлевізар, асуджаць Украіну з «піндосамі» і «шукаць працу». «Шуканне працы» ў такіх выпадках – працэс, здольны цягнуцца 3, 5, 10 гадоў. Паўтаруся, пацыентам 40 і 42.

Другі прыклад, з іншай сацыяльнай страты. Бацькі нявесты – уладальнікі буйной рэстараннай сеткі з такой калгаснай назвай, што я ніколі б не зайшоў у іх установу. Бацькі жаніха — ніхто, а таму жаніх у свае 23 – ужо ўладкаваны спецыяліст з надзеяй зрабіцца сэлфмэйдам праз тры гады. Шлюб, 600 запрошаных, прэзентаваная трохпакаёўка ў навабудзе на Някрасава, усё, карацей, як у рускім (і, надзіва, бліскучым!) фільме «Свадьба». І што? Яна заканчвае вучыцца і — не, не ўладкоўваецца на працу менеджарам у бацькоўскі бізнес.

Так адбылося б у ЗША, так, можа, адбылося б і ў Расіі. Але ў нашых бізнесоўцаў вельмі спецыфічныя этычныя законы. Ім «западло», калі дзеці працуюць.

Тым больш у іх сістэме. Ні іх жонкі, ні іх дзеці не павінныя быць уключаныя ў іх імперыю. Я, дарэчы, не ведаю, чаму так. Можа, уласнікам кампаній – асабліва буйных і тых, што працуюць у Беларусі на «асаблівых умовах», – проста крыху сорамна дапускаць блізкіх да ўсіх тых канвенцый, з якімі яны вымушаныя лічыцца? Хаця я ім не псіхааналітык. Я толькі назіраю і раблю высновы.

Карацей, маладыя садзяцца на надзейную штомесячную «рэнту», вызначаную лімітам на бацькавай картцы. Нявеста не шукае працу, яе жыццё праходзіць недзе паміж салонам прыгажосці і «Каронай Замак». Ён у пэўны момант разумее, што заробак, які ён атрымлівае як патэнцыяльны будучы сэлфмэйд, – слёзы і сорам. Таму ён звальняецца, пачынае таўсцець і робіцца заўсёднікам некалькіх пазнавальных мінскіх кавярняў.

Я магу прадказаць, чым гэта скончыцца: да таты рана ці позна прыйдуць, і тады накрыецца дабрабыт усёй гэтай кодлы.

Прычым, я думаю, гэта не будзе азначаць, што маладыя ўладкуюцца на працу. Хутчэй за ўсё жонка алігарха пойдзе прыбіральшчыцай у басейн і будзе дапамагаць дзеткам хаця б пяццю мільёнамі.

Азірніцеся на сваіх знаёмых, вы абавязкова знойдзеце некалькі прыкладаў дзетак, што надзейна сядзяць на шыях у бацькоў. Дзетак, якім 30, 35, 40 гадоў.

Мы нават ужо не ўспрымаем гэта як вычварэнства: проста так у нас у грамадстве ўсё склалася. Гэта не менш натуральна для нас, чым сем’і, у якіх жонка корпаецца як мурашка на трох працах, а тлусты і лянівы мужанёк служыць «зоркай у сеціве», не зарабляючы анічога, ці проста моўчкі бухае, ці бухае і паціху графаманіць, запэўніваючы яе і астатніх, што ён – пісьменнік, апошняя надзея нацыянальнай прозы (ці музыка, ці паэт, прыклады вы бачыце навокал).

Можна лёгка вылучыць агульнадзяржаўныя перадумовы, якія схіляюць маладых да такіх дзікунскіх паводзін: добра прыхаванае беспрацоўе, калі праца, здавалася б, ёсць, але памер заробкаў такі, што гэта болей падобна да рабства. І вось старым бацькам не западло працаваць на 4 мільёны, а маладым ды фанабэрыстым крыўдна, у іх гонар ад гэтага чэшацца.

Ці тое, што генерацыя на 5-10 гадоў старэйшая за мяне, генетычна прыстасаваная да працы, яны не разумеюць, як так можна – не працаваць, а вось мае аднагодкі і маладзейшыя працу бачаць выключна як сродак нарубіць грошай, каб займацца сваёй любімай справай, сваім «хобі». Сумяшчаць пошук прыбытку і самарэалізацыю ў іх чамусьці не атрымліваецца. І навошта працаваць, калі літасцівыя бацькі гатовыя «дапамагаць», хай сабе з грашовых пенсій?

Я ім не суддзя. Я добра разумею, што гэта не праз ляноту. Ці не толькі праз ляноту.

Што справа, якой ты прысвяціў жыццё, тут можа скончыцца – з умяшаннем дзяржавы ці без. Але калі я назіраю за фінскімі ці нямецкімі пенсіянерамі ў гарах вакол Мандалая, мне робіцца крыўдна за тое, што іх старасць такая, а мая, магчыма, будзе зусім іншай…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?