Юрый, якога збілі да смерці. Фота з сацыяльных сетак.
Раніцай 22 снежня ў інтэрнаце нежывым знайшлі 24-гадовага студэнта Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Смерць наступіла ад пабояў.
Па падазрэнні ў забойстве тады затрымалі 21-гадовага суседа, студэнта той жа ВНУ. Хлопцы жылі ў адным пакоі інтэрната. Узнікла сварка, падчас якой малодшы да смерці рукамі і нагамі збіў старэйшага. Перад гэтым разам выпівалі.
Цяпер у Следчым камітэце агучылі падрабязнасці справы. Хлопцы разам адправіліся адпачываць у той вечар. Гулялі да раніцы.
«Перад закрыццём забаўляльнай установы адзін са студэнтаў вярнуўся ў інтэрнат. Другі праз адсутнасць грошай не змог аплаціць рахунак, у сувязі з чым пакінуў заклад — свой мабільнік», — расказала прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова. Але хлопец быў пакрыўджаны ўчынкам суседа і ў інтэрнаце пачаў яму выказваць свае прэтэнзіі. Калі словы скончыліся, у ход пайшлі кулакі.
Інтэрнацкі пакой, у якім адбылося забойства. Фота Следчага камітэта.
24-гадовы Юрый, якога знайшлі забітым, навучаўся на 3 курсе. Паходзіў з Пінска, дзе скончыў перад гэтым аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці заатэхнія. Хлопец быў адзіным дзіцём у сям’і, расказала яго знаёмая. Бацькі развяліся і не жылі разам, і цяпер маці засталася зусім адна. Дзяўчына называе яго жыццярадасным чалавекам, якога можна назваць «душой кампаній». «Ён заўжды прыходзіў на дапамогу ў розных сітуацыях».
«Яны надта ніколі блізка не сябравалі, проста кантактавалі як суседзі па пакоі», — адзначыла яго знаёмая.
Крымінальная справа заведзена за забойства. Увесь час хлопец знаходзіцца ў ізалятары. Яму пагражае ад 6 да 15 гадоў калоніі. Справа накіравана пракурору для перадачы ў суд.