Кіраўнік Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны Аляксандр Турчынаў заявіў, што Кіеў адкрыты для разьмяшчэньня элемэнтаў сыстэмы супрацьракетнай абароны ЗША на тэрыторыі Ўкраіны. Паводле яго, гэта неабходна, каб процідзейнічаць патэнцыйнай рызыцы нападу з боку Расеі.

Аляксандр Турчынаў паведаміў агенцтву Укрінформ 20 траўня, што ў сувязі зь неабходнасьцю абараніць сябе ад ядзернай пагрозы з боку Расеі варта правесьці кансультацыі па разгортваньні кампанэнтаў сыстэмы супрацьракетнай абароны на тэрыторыі Ўкраіны.

У Маскве прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Расея будзе разглядаць пытаньне аб разьмяшчэньні такіх кампанэнтаў ва Ўкраіне як «пагрозу бясьпецы Расеі». «Гэта пацягне за сабой неабходнасьць прыняцьця захадаў у адказ», — дадаў ён.

Масква раней крытыкавала пляны будаўніцтва сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Эўропе. ЗША неаднаразова заяўлялі, што сыстэма не скіравана супраць Расеі, а мае прадухіліць атаку з боку такой краіны, як Іран.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?