Польскі друк шырока абмяркоўвае магчымасьць дэпартацыі ў Беларусь 10‑месячнага хлопчыка Яся. Гэта адна з галоўных тэмаў сёньняшняга нумару штодзёнкі «Dziennik». Маленькі беларус хварэе на мукавісцыдоз — гэта генэтычная хвароба страўнікавых і дыхальнай шляхоў, яму неабходная сталая апека. Пасьля таго, як мама Яся пакінула хлопчыка ў шпіталі, яго забрала да сябе 24‑гадовая жыхарка Гдыні, аднак пазьней і яна адмовілася ад Яся. Пра справу даведаўся беларускі консул і падаў зварот у адпаведныя польскія ворганы аб дэпартацыі хлопца ў Беларусь. Суд у Любліне, горадзе, дзе нарадзіўся Ясь, выдаў згоду на вяртаньне хлопца на радзіму маці.

Аднак польскія лекары моцна занепакоеныя станам здароўя хлопца. На іх думку, толькі поўная сям’я ў стане забясьпечыць нармальнае разьвіцьцё дзіцяці. У Беларусі Ясь павінен трапіць у дзіцячы дом для псыхічна хворых у Горадні. Беларускія дыпляматы ў Польшчы запэўніваюць, што на радзіме Ясь будзе пад належнай апекай беларускіх дактароў і выхавальнікаў.

Ясь нарадзіўся ў красавіку 2007 году неданошаным. Пры нараджэньні хлопчык меў таксама брата‑блізьнюка, але выжыў толькі Ясь.

Польскія лекары не разумеюць, чаму ў Беларусі хлопчык трапіць у прытулак для псыхічна хворых.

«Ясь цалкам здаровы псыхічна, і знаходжаньне ў такой установе можа толькі нашкодзіць яму» — кажуць палякі.

Прадстаўнік UNICEF зь Беларусі Аляксандар Каранкевіч пераконвае, што дзіцячыя дамы ў Беларусі адпавядаюць міжнародным стандартам. Падобнай думкі й былы амбасадар Польшчы ў Менску Марыюш Машкевіч:

«Сытуацыя дзяцей у мясцовых дамах дзіцяці не адрозьніваецца ад польскіх. Я наведваў некалькі такіх установаў і лічу, што яны цалкам нармальныя. Калі дзіцячы дом можна назваць нармальным».

Але польскія лекары зьвяртаюць увагу ня столькі на факт, што Ясь павінен трапіць у Беларусь, а на тое, што дзіця ня будзе там мець нармальнай сям’і, якая проста неабходная ў яго сытуацыі.

Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0