У мінулым годзе ў Крымінальны кодэкс Беларусі была ўведзена новая норма, якая забараняе падбіраць мёртвых дзікіх жывёл і разбіраць іх. За гэта прадугледжана крымінальная адказнасць: ад штрафу да адседкі (артыкул2821 КК).
У Гродзенскай вобласці знайшліся тыя, хто ўжо адчуў на сабе новаўвядзенне.
«Так, у студзені 2015 жыхар Гродна знайшоў у лесе на тэрыторыі паляўнічых земляў загіблую казулю. Загрузіў яе ў машыну і павёз дамоў, дзе меркаваў разабраць. Пасля затрымання інспектарамі аховы жывёльнага і расліннага свету ў адносінах да названай асобы была заведзена крымінальная справа за незаконнае перасоўванне (транспарціроўку) казулі. Абвінавачаны на стадыі следства сам пакрыў нанесеную шкоду ў 21 мільён 600 тысяч рублёў. Па рашэнні суда ён асуджаны да штрафу ў 45 мільёнаў рублёў з канфіскацыяй у даход дзяржавы аўтамабіля, які прызналі прадметам здзяйснення злачынства», — расказваў прадстаўнік Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.
У снежні 2014 на трасе каля Слоніма мінчук за 100 даляраў набыў у невядомага мяса дзіка. А ў якасці падарунка атрымаў ад прадаўца тры вывараныя чарапы казуль. Пасля затрымання супрацоўнікамі ДАІ на пакупніка завялі крымінальную справу. Падчас следства сплаціў 18 мільёнаў рублёў. Справа накіравана ў суд.
Шаршаневіч адзначыў, што раней, пакуль не было нормы пра перасоўванне (транспарціроўку) дзікіх жывёл, гэтым карысталіся браканьеры. Яны забівалі, напрыклад, дзіка. Тушу пакідалі ў лесе, а самі хавалі зброю. Затым вярталіся ў лес і спакойна везлі здабычу дамоў. А калі іх спынялі, то тлумачылі тым, што купілі дзіка ў незнаёмцаў. І ім за гэта нічога не было.