Апошнім часам, корпаючыся ў сацыяльных сетках ды форумах, спрачаючыся, часта бываю здзіўлены ды разгублены. 

Абмяркоўваючы тэму Вялікага Княства, я знарок ужываю назву «Вільня» ды тэрміны «Летува» і «летувісы» ў дачыненні да сучаснай дзяржавы і яе жыхароў. Не толькі па-беларуску, але і па-расейску, тым самым падкрэсліваючы сваё права называць другую сталіцу ВКЛ у нашым, беларускім, гучанні ды транскрыпцыі. І ледзь не адразу на мяне пачынаюць наклейваць «ярлыкі»: маўляў, «свой чалавек», «сапраўдны ліцвін» ці наадварот — «фашыст», «нацик», «недабиток». А я ж ні той, ні другі. 

«Вільнянаша?»

Чытачу не трэба нагадваць леташнюю істэрыю ў расейскім грамадстве, звязаную з анексіяй Крыма. Так, маю на ўвазе менавіта тыя «крымнашы», «крымрусскій» і г.д. І ў гэтай сувязі ўзнікае пытанне: а чым адрозніваюцца нашы сучасныя прыхільнікі «Вялікай Літвы беларускай нацыі» ад тых самых «крымнашаў»?

Спрэчкі наконт таго, продкі якога народа гістарычна з’яўляліся «бацькамі» Вялікага Княства насамрэч цягнуцца даўно. Моваю справаводства ВКЛ была менавіта старабеларуская мова. Але ці ж з’яўляецца тое падставаю, каб, падобна маскоўскім імперцам, марыць пра перадзел межаў?

Хто ў нашай «хаце-галаве» гаспадар?

Самыя яскравыя чыннікі масавай нацыянальнай дэградацыі выяўляюцца якраз праз псіхалагічныя асаблівасці адзінак, якія ў сваю чаргу і складаюць так званае сярэднестатыстычнае «подавляющее большинство». Зазвычай, гэта самая маргінальная, аморфная ды люмпенізаваная частка, якую ў адпаведных колах прынята называць «гопнікамі». Тым не менш, менавіта яна і з’яўляецца своеасаблівым індыкатарам, «лакмусаваю паперчынай» маральна-інтэлектуальнага стану ўсяго грамадства.

Менавіта ў гэтым асяродку найчасцей можна заўважыць самыя рэакцыйныя, цемрашальныя ды нават чалавеканенавісніцкія «тыпажы» свядомасці, з прэтэнзіяй на «ісціну ў апошняй інстанцыі». І нашая Беларусь у гэтым плане, на жаль, далёка не выключэнне. Хоць і з некаторымі, так бы мовіць, «лакальнымі» асаблівасцямі «развіцця хваробы».

Па маіх назіраннях, самымі заўзятымі папулістамі ў беларускім грамадстве з’яўляюцца якраз не «ватнікі», а нашыя «вялікалітвіны». Аказваецца, у беларускай «хаце-галаве» гаспадараць далёка не беларускія стэрэатыпы.

Тутэйшыя: «зразумець і дараваць» ці «абняць і плакаць»?

Існаванне нашага народа ў складзе Расейскай Імперыі ды СССР не прайшло без наступстваў.

Нават нягледзячы на аб’ектыўныя фактары пачатку працэсаў фармавання нацыі, развіцця мовы і літаратуры, здабытку «дзяржаўнасці» ў выглядзе БССР, «беларусізацыі» і шмат чаго іншага, беларусы нібы падсвядома не адчувалі сябе гістарычна самастойнымі, самадастатковымі, цалкам «дарослымі» на палітычнай мапе Еўропы. І тое мне падаецца цалкам натуральным, бо знаходжанне нейкі працяглы час «пад пільным вокам старэйшага брата», не толькі не спрыяе нацыянальнаму сталенню, але, наадварот, правакуе з’яўленне нейкага «нацыянальнага інфантылізму», які мы зараз можам назіраць ледзь не ва ўсіх праявах беларускага жыцця. Пачынаючы ад дзяржаўнай палітыкі і заканчваючы «прусакамі» ў галаве аднаго асобна ўзятага змагара «за гістарычныя тэрыторыі».

Гэта, дарэчы, вельмі ўдала прыкмеціў Янка Купала ў сваёй п’есе «Тутэйшыя». І калі разглядаць «тутэйшасць» не з пункту гледжання мастацкага слова, не як трапную метафару, а менавіта з падыходу «гэта – наша ўсё», то адразу ж становяцца відавочнымі і ўсе патаемныя «сімптомы» цяжкага «дыягназу» пад назвай «імперыя па-беларуску». Яно ж бо і зразумела: ніхто не жадае быць «тутэйшым», усе прагнуць «людзьмі звацца», нібы дзіця якое заўсёды будзе заўчасна хацець «стаць дарослым». Нават не надта зважаючы на аб’ектыўны стан рэчаў.

Маю на ўвазе, што мары аб «былой велічы і магутнасці», «слаўных часах» насамрэч з’яўляюцца нічым іншым як спробай падмяніць «брыдкую сучаснасць» сваёй «тутэйшасці» на героіку мінулага, рамантызм сярэдневечча і г.д. І вось гэтая падсвядомая прага схавацца «пад коўдру» летуценняў, мрояў ды ўсяляк пазбавіцца свайго «тут і зараз» і ёсць бадай што самай галоўнай прыкметай беларускага «комплексу непаўнавартасці». А адсюль – усе іншыя рэакцыі, фобіі, жахі і забабоны нашага, так бы мовіць, «падлеткавага максімалізму» на шляху нацыянальнага сталення.

З іншага боку, упартае непрыманне рэчаіснасці, спробы атаясаміць сябе са «слаўнымі дзядамі», а не з народам, які ўжо больш за 20 год ніяк не можа пазбавіцца дыктатуры ва ўласнай дзяржаве, правакуе з’яўленне адпаведнага стэрэатыпу мыслення, свядомасці, адносін да іншых ды стылю паводзін ледзь не брутальнейшага за «русский — значит лучший». Бо, як вядома, «няма горшага пана як з хама, а з дзярма — пірага». Да таго ж, адным з тыповых адметнасцяў падобнага комплексу з’яўляецца непрыманне аніякай крытыкі ці іншага пункту гледжання па прынцыпе: «хто не з намі — той супраць нас». А гэта ўжо — «дыягназ», і, шчыра кажучы, у мяне няма пэўнага адказу на пытанне, як на тое адэкватна рэагаваць здароваму чалавеку… «понять и простить» ці «абняць ды плакаць»?

Вільня? Вільно? Вільнюс?…

Самым шавіністычным момантам ва ўсёй гэтай беларуска-імперскай «свядомасці» ёсць устойлівае жаданне давесці сабе і іншым аб тым, што Вільня належыць толькі беларусам. Нібы нейкая феадальная прыватнаўласніцкая спадчына. Тут крыху засяродзімся.

У грунтоўнай працы Івана Воранава «Вільня-Вільно-Вільнюс. Гісторыя аднаго горада» аналізуецца ў тым ліку і этна-нацыянальны склад жыхароў другой сталіцы ВКЛ па дадзеных перапісаў ад канца XIX да пачатку XXI стагоддзя: «Як у Рэчы Паспалітай палякі мелі значныя прывілеі над астатнімі жыхарамі гаспадарства, так і ў Вільні ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя іх атрымлівалі людзі тых нацыянальнасцяў, якія панавалі ў дзяржавах, якія валодалі Вільняй той канкрэтны адрэзак часу. У перапісах кожны з уладароў намагаўся стварыць «сваю» нацыянальную большасць, каб потым з дапамогай гэтых «дакумантаў» даказаць сваю правату».

Адчуваеце ў гэтым кантэксце хітравата-«тутэйшую» ўсмешку Купалы?

Спадар Воранаў не дае пэўнага адказу на пытанне, якія «этнічныя» суадносіны ў складзе жыхароў Вільні былі, скажам, у XVI ці ў XVII стагоддзях. Гэта цалкам натуральна, бо сталыя працэсы фарміравання нацый ва Усходняй Еўропе пачаліся толькі на пачатку пазамінулага стагоддзя. Тады ж ўзнікла праблематыка нацыянальнага пытання.

На абшарах Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага не існавала падзелу па «нацыянальных прыкметах», як і не існавала «нацменшасцяў» у сучасным разуменні гэтага слова. Усе насельнікі гэтай дзяржавы лічыліся «ліцвінамі», то бок падданымі ВКЛ. І ўжыванне азначэнняў «жмудзін», «палачанін» ці то «рускі» было цалкам умоўным і адносілася да тапанімічных назваў мясцовасцяў, дзе жыў той ці іншы ліцвін, або такім чынам падкрэслівала яго паходжанне.Тое самае тычыцца і Вільні як сталіцы гэтай дзяржавы.

Вільня належала ліцвінам. Не беларусам, летувісам, палякам ці чорту лысаму, а менавіта – ліцвінам, супольным продкам беларусаў, летувісаў, украінцаў, а гэтаксама продкам шматлікіх сучасных габрэяў, палякаў ды расейцаў. І менавіта дзякуючы гэтай мультыкультурнасці сталіца ВКЛ была адной з культурных сталіц тагачаснай Еўропы.

Паміж імперыяй і цывілізацыяй

Дык што цяпер Вільня для беларусаў? Жывы напамін аб страчаных пластах мінуўшчыны, якая ўжо быццам «не наша», ці, наадварот, відавочнае сведчанне аб прыналежнасці беларусаў да народаў Еўропы? Культурны помнік нашым продкам ці аб’ектам патаемных мараў аб «вільнянаша» ў будучым часе? Месцам на мапе, горадам таннага шопінгу, бліжэйшым замежжам ці чымсьці больш важкім… чымсьці, што да гэтага моманту так і застаецца неасэнсаваным, быццам белая пляма на тле нашага нацыянальнага светаўспрымання?

Для мяне Вільня як была, так і дагэтуль застаецца найперш — сталіцай. Аднак не толькі сталіцай дзяржавы, якая сышла ў нябыт. Гэты горад можна атаясаміць з нейкай культурнай Меккай для ўсіх нашчадкаў былога ВКЛ, нечым падобным, чым з’яўляецца Мекка для ўсяго мусульманскага свету, мусульманскай цывілізацыі. Сімвалам, які яднае, а не раз’ядноўвае.

У XX стагоддзі краіны Еўропы адмовіліся ад імперскіх закідаў. Першая, а затым і Другая сусветныя войны разам са стратамі прынеслі і ўсведамленне таго, што ў «барацьбе за жыццёвую прастору» ці то за нейкія палітычныя амбіцыі няма пераможцаў, але «пераможанымі» насамрэч будуць абодва бакі. І гэтае ўсведамленне ўвайшло ў ментальнасць народаў Еўропы, выявілася бадай што галоўнай супольнай прыкметай, каштоўнасцю, маральнай аксіёмаю, каменем, з якога і распачалася «будоўля» новай агульнаеўрапейскай цывілізацыі.

Вышэй я нездарма параўнаў еўрапейскую Вільню з арабскай Меккай. Бо, мабыць, кожны мусульманін, незалежна ад краіны нараджэння, хаця б раз у жыцці, здзейсніўшы хадж, святарнае паломніцтва ў Мекку, можа з упэўненасцю заявіць аб тым, што гэты горад — належыць у тым ліку і яму, роўна як і кожнаму яго адзінаверцу. Яны сапраўды маюць права казаць: «Мекка — наша!», супольная для кожнага прыхільніка вучэння Магамета. І ў гэтым, і толькі ў гэтым сэнсе мы можам сказаць, што Вільня — наша. То бок належыць еўрапейскай цывілізацыі, да якой можна аднесці і Беларусь… а гэтаксама, спадзяюся, што і нас з вамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?