У сераду, 13 лютага, пасол Літвы Эдмінас Багдонас даваў прэс-канфэрэнцыю, якая падсумавала першы год ягонай працы ў Беларусі, а таксама праходзіла напярэдадні 90-годзьдзя абвяшчэньне Літвой незалежнасьці, якое будзе сьвяткавацца 16 лютага. Дыплямат нават не чытаў традыцыйны даклад аб зробленай за год працы, а прапанаваў журналістам адразу задаваць пытаньні.

На думку Багдонаса, дыялёг між Беларусьсю і Эўрасаюзам не адбываецца.

«Ня ідзе гэты дыялёг чамусьці. Калі мы хацелі стаць сябрамі ЭС, то імкнуліся да гэтага дыялёгу любымі шляхамі. Калі перад намі зачынялі адны дзьверы, то мы ішлі празь іншыя. Калі ня будзе ўзаемнага жаданьня да дыялёгу, то нічога ня будзе. Ня трэба нікога абвінавачваць у тым, што цяпер адбываецца цяпер».

Найбольш журналісты цікавіліся візавай тэмай. Журналістка БелТА пыталася, ці не зьбіраецца Літва зьнізіць цэны на візы для грамадзянаў Беларусі, пасьля таго, як нядаўна падобнае было зроблена нашым бокам. Такое пытаньне пакінула невялікае неразуменьне ў Эдмінаса Багдонаса.

«Ні для кога не было сакрэтам, што Літва ўступае ў Шэнгенскую зону, а цана на візу будзе 60 эўра. Для таго, каб цэны зьнізіліся патрэбен дыялёг з Брусэлем, ён не атрымаўся. Літоўскі прэзыдэнт, парлямэнт, урад, МЗС падымаюць гэтае пытаньне на ўсіх магчымых форумах і сустрэчах, але ад нас тут далёка ня ўсё залежыць. За студзень мы выдалі дзесьці 3 тысячы віз, 30 % зь іх бясплатныя. Гэта ў два-тры разы болей, чым выдаюць нашы калегі ў Вільні. Цяпер абмяркоўваецца пытаньне наконт памежных тэрыторыяў. Грамадзянам, якія жывуць за 50 кілямэтраў абапал мяжы, атрымаюць пасьведчаньні на пяць гадоў, якія дазволяць бязь візаў езьдзіць. Праўда, знаходзіцца па гэтых пасьведчаньнях можна будзе толькі ў межах гэтай пяцідзесяцікілямэтровай зоны. Я не магу сказаць, што беларусы зьнізілі цэны для літоўцаў. Паглядзіце расцэнкі на сайце беларускага пасольства ў Літве. Гадавая віза каштуе 260 эўра. Наведваць вашу краіну могуць толькі багатыя бізнэсоўцы. Простым грамадзянам рабіць гэта праблематычна”, – кажа Э. Багдонас

Літва зацікаўленая, каб іхныя інвэстыцыі прыходзілі ў Беларусь, але літоўскія канцэрны і прадпрыемствы сутыкаюцца з мноствам бюракратычных перашкодаў.

«Вашы газэты пішуць, што ў Беларусі добры інвэстыцыйны клімат, я вам веру. Толькі чамусьці інвэстыцыі ідуць сюды вельмі цяжка. Перад нашымі канцэрнамі ставяцца вялікія бюракратычныя шлагбаўмы. Мноства праектаў па сёньняшні дзень ляжаць на сталах і ў шафах беларускіх чыноўнікаў, ім не даюць ходу. Літоўскія інвэстары хацелі б увайсьці на беларускі рынак, жаданьне такое ёсьць. Гэта было б яшчэ 2-3 мільярды эўра ў нашым таваразвароце штогод. Я асабіста прашу нашых бізнэсоўцаў інвэставаць у Беларусь грошы, але ёсьць аб’ектыўныя прычыны, якія не дазваляюць нам ісьці сюды поўным крокам. Літоўцы пачалі рэканструкцыю стадыёна “Трактар”, але каб цалкам разьвіць інфаструктуру, трэба пабудаваць побач з пляцоўкай некалькі дамоў. Атрымаць дазвол на падобнае будаўніцтва вельмі цяжка. Нашы інвэстыцыі ўкладваюцца ў бровар “Аліварыя”, яшчэ ёсьць некалькі праектаў, але гэтага вельмі мала. Калі ў Беларусь ня прыйдуць літоўскія інвэстыцыі, то прыйдзе наш “вялікі брат” з Усходу”, – лічыць Э. Багдонас.

Спадара пасла таксама папрасілі падвесьці вынікі свайго першага году працы ў Менску.

«Мы зрабілі насамрэч многа. Была падпісаная дамова аб дэмаркацыі мяжы – гэта амаль 700 кілямэтраў. Працуе 11 памежных пераходаў, нашы памежнікі і мытнікі добра супрацоўнічаюць. Таваразварот летась павялічыўся на 36 %. Ён склаў 1,115 мільярды даляраў. Клайпэдзкі порт на 20 % загружаны беларускімі таварамі, у асноўным каліем. Клайпеда ўвогуле стала ледзьве не беларускім портам. Больш за 30 нашых гарадоў зьяўляюцца пабрацімамі”, – кажа дыплямат.

Пасольства Літвы таксама хоча, каб болей людзей прыяжджалі ў Беларусь зь Літвы, як турысты. На думку Эдмінаса Багдонас, літоўцы часам кажуць, што ў Беларусі няма на што паглядзець, апроч Нацыянальнай бібліятэкі. З гэтай мэтай пасольства будзе ствараць адмысловыя відэаролікі, якія б расказвалі пра месцы зьвязаныя з супольнай спадчынай ВКЛ – Мір, Нясьвіж, Горадня, Наваградак, Ліда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?