Чацьвёрты год жыхарка Менску Галіна Юбко дабіваецца паўнавартаснага і справядлівага сьледзтва па факце сьмерці яе сястры Кацярыны. За гэты час яна выратавала ад турмы невінаватага чалавека і паспрыяла раскрыцьцю яшчэ аднаго забойства.

Жыцьцё загадчыцы адной зь менскіх сталовак Галіны Юбко зьмянілася 7 кастрычніка 2004 году, калі ў вёсцы Захараўка Крупскага раёну Менскай вобласьці пасьля пажару на папялішчы ўласнага дому знайшлі цела яе роднай сястры Кацярыны. Сьледзтва, па словах Галіны Пахомаўны, адразу пайшло ня так. Гэтыя словы яна падмацоўвае безьліччу афіцыйных папераў: шматлікіх пастановаў, выпісак, пратаколаў, на якіх стаяць пячаткі судоў, пракуратуры, МУС і подпісы адказных асобаў — ад сьледчага раённай пракуратуры да выконваючага абвязкі кіраўніка сьледчага аддзелу Генэральнай пракуратуры. Незадаволеная хадой справы, жанчына ўзялася за сваё ўласнае сьледзтва, пачаўшы з патрабаваньня распачаць крымінальную справу па факце забойства сястры.

Супрацоўнік МНС у ролі сьледчага

У чым жа сумнявалася Галіна Пахомаўна? Вернемся да самага пачатку. Зьнешні агляд трупа паводле Крымінальна‑працэсуальнага кодэкса (арт. 205) павінен праводзіць сьледчы. Намесьнік пракурора Крупскага раёну, які прыехаў на месца здарэньня, даручыў гэта супрацоўнікам Міністэрства па надзвычайных справах. Не праводзіў агляд ён і ў трупярні. Пазьней супрацоўнік інспэкцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду Крупскага райаддзелу МНС паведаміў М. Багамазу, што вэрсія падпалу хаты выключаная. Сьледчы не зьвярнуў увагу на заяву пацярпелай пра адсутнасьць на пажарышчы большай часткі слоікаў з кансэрваванай прадукцыяй, што, на яе думку, магло сьведчыць пра магчымасьць забойства з мэтай рабунку. Афіцыйнай прычынай сьмерці Кацярыны Юбко назвалі вострае атручваньне чадным газам, пра што гаворыць запіс у пасьведчаньні аб сьмерці. У выніку намесьнік пракурора адмовіў ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. За справу ўзялася сястра нябожчыцы. Найперш яна дабілася правядзеньня эксгумацыі трупа сястры. Экспэртыза не выявіла прычынаў сьмерці, сьлядоў атручваньня чадным газам у парэштках не адшукалі. Засталіся і пытаньні: чаму разам з тымі парэшткамі ў трупярні захоўвалася нага староньняга чалавека, а сам труп ўяўляў сабой некалькі кіляграмаў бруду, зьмяшанага з касьцямі, ня гледзячы на тое, што эксгумацыю праводзілі пасьля асеньне-зімовага сэзону.

Першы падазраваны

Г. Юбко самастойна адшукала і прадставіла ў пракуратуру доказы таго, што яе сястру Кацярыну маглі забіць. Праз 10 месяцаў была ўзбуджаная крымінальная справа. Сьледзтва даручылі сьледчаму па асабліва важных справах Менскай абласной пракуратуры З.. Падазраваным у справе стаў Уладзімер Маркоўскі. Па сьведчаньнях вяскоўцаў, сабраных Галінай Юбко, апошні неўзабаве пасьля пажару хваліўся знаёмым, што нарыхтаваў сабе на зіму процьму запасаў. Відэазапіс першых допытаў падазраванага сьведчыў пра тое, што віну за забойства той ускладаў на рэцыдывіста з дзевяцьцю судзімасьцямі Б.. Пазьней касэта з запісам была згубленая, а Маркоўскі зьмяніў свае сьведчаньні, узяўшы віну на сябе. Нібыта ён з мэтай рабунку забіў жанчыну сякерай, якую пакінуў у хаце. Г. Юбко прадставіла сьледчаму аналяг сякеры, пра якую казаў падазраваны. Сьледчы не прызначыў біялягічную экспэртызу. Замест гэтага ён далучыў да справы знойдзеную міліцыянтамі праз год сякеру, не падобную да той, якую апісаў у сваім прызнаньні Маркоўскі.

Праз восем месяцаў адбыўся суд. Галіна Юбко на той час хварэла, але яе хадайніцтва аб пераносе суду было адхіленае. Адзін факт: суд пастанавіў вярнуць у пракуратуру згубленую і так і ня знойдзеную сьледчым відэакасэту.

У. Маркоўскага прызналі вінаватым паводле ўласнага прызнаньня. Яго пакаралі 13 гадамі зьняволеньня. У касацыйнай скарзе ён выказаў жаданьне прадставіць дадатковыя сьведчаньні, але толькі на судовым паседжаньні, бо непакоіўся за сваё жыцьцё. Разгляд скаргі меў адбыцца 18 чэрвеня 2006 г., але за тры дні да гэтага 19‑гадовы малады чалавек раптоўна памёр у выніку вострага расстройства кровазвароту ў сардэчнай мышцы. Галіна Юбко здабыла сьведчаньні трох дзясяткаў былых сукамэрнікаў Маркоўскага, якія паказалі, што апошні ня скардзіўся на здароўе. Пра добрае здароўе Ўладзімера сьведчаць таксама апошнія запісы ў мэдычных дакумэнтах турэмнай санчасьці.

«Я прымусіла іх раскрыць яшчэ адно забойства»

У 2005 годзе ўвагу Галіны Пахомаўны прыцягвае яшчэ адно жудаснае здарэньне — ва ўласным доме згарэў дзядзька Алесі Белай, маладой жанчыны, якую Юбко таксама падазравала ў забойстве сястры (тую бачылі ў куртцы, падобнай да той, якую насіла Кацярына Юбко, а патлумачыць, дзе яе ўзяла, маладзіца ня здолела). Разам з пляменьнікам, супрацоўнікам міліцыі, жанчына зьвярнулася ў праваахоўныя органы. Яна прывяла факты падабенства ў выпадку з абодвума пажарамі. Была распачатая крымінальная справа, экспэртыза абвергла папярэднюю вэрсію пра неасьцярожнае абыходжаньне з агнём — на целе мужчыны знайшлі сьляды ўдараў, што і сталі прычынай сьмерці. На пажарышчы знайшлі фрагмэнты курткі, падобнай да той, што зьявілася ў Алесі Белай пасьля сьмерці К. Юбко. Гэтыя факты сястра загінуўшай прад’явіла ў пракуратуру з тым, каб аднавіць справу паводле адкрыцьця новых акалічнасьцяў. Справу пасьля некалькіх адмоваў і адпісак з пракуратуры аднавілі 21 чэрвеня 2007 г. Напрыканцы жніўня 2007 г. у сьледзтва зьявіўся новы падазраваны — Леанід Баравуля.

«Мне насоўвалі сьметніцу і зьбівалі»

22 жніўня Леаніда Баравулю затрымалі і адвезьлі ў Крупкі, дзе дапыталі ў якасьці падазраванага ў забойстве К. Юбко. Той факт, што на момант забойства ён знаходзіўся ў суседняй вёсцы, што папярэдняму сьледчаму пацьвердзілі суседзі, новы сьледчы пакінуў без увагі: «Пасьля разьбяромся». Разьбіраліся каля месяца. 31 жніўня яму высунулі афіцыйнае абвінавачваньне паводле частак 12 і 15 артыкулу 139 КК РБ. Даведаўшыся пра арышт Баравулі, Галіна напісала заяву ў пракуратуру, у якой пацьвердзіла яго алібі. Яна дабілася, каб новага падазраванага вызвалілі з‑пад варты. «Яго ўжо вазілі ў кайданах да нашай былой хаты і ён даваў «паказаньні», — узгадвае жанчына. Пазьней Леанід Баравуля пісьмова засьведчыў, як яго прымусілі агаварыць сябе. Яго прызнаньне было аформленае ў выглядзе яўкі з павіннай. «Мяне білі, прыкоўвалі кайданамі да батарэі і спрабавалі апрануць на галаву сьметніцу, казалі, што пасьля гэтага ў турме я буду мець статус поруч з так званымі «апушчанымі», — напісаў у скарзе на дзеяньні сьледчых Баравуля. Зь ягоных словаў, яму зладзілі вочную стаўку з Алесяй Белай, загадалі запамінаць, што тая скажа, каб паўтарыць тое самае на судзе. Фактычна, ён мусіў узяць на сябе забойства. «У часе вочнай сустрэчы зь Белай, я спытала яе, як яна магла агаварыць невінаватага чалавека. Пачула ў адказ — калі б цябе так прэсавалі, як нас тут прэсуюць, ты б яшчэ не тое зрабіла» — гаворыць Г. Юбко.

Алеся Белая адбывае дзевяцігадовы тэрмін за забойства роднага дзядзькі. Рэцыдывіст Б., на якога ўказваў У. Маркоўскі, на волі.

«Забілі, бо было за што»

У Вярхоўным судзе чакае разгляду скарга Галіны Юбко на дзеяньні загадчыка прыёмнай Адміністрацыі прэзыдэнта Пятра Катушкіна. У траўні мінулага году, па словах жанчыны, чыноўнік у прысутнасьці сьведак заявіў, што сьмерць яе сястры была зьвязаная з ладам яе жыцьця. У сваю чаргу аднавяскоўцы характарызуюць памерлую станоўча, як добрага і спакойнага чалавека, што вёў нармальны лад жыцьця. Звароты Г. Юбко ў суды па абарону гонару і годнасьці нічога не прынёс. У часе судовага паседжаньня ў судзе Ленінскага раёну была зачытаная адозва П. Катушкіна. У ёй у прыватнасьці гаворыцца, што Г. Юбко ў Адміністрацыі прэзыдэнта «скандаліла» і «правакавала супрацоўнікаў», у выніку чаго служба бясьпекі прэзыдэнта вымушаная «ўзмацняць ахову прыёмнай». У адозьве гаворыцца, што Г. Юбко стварыла «аб’яднаньне, удзельнікі якога намагаюцца прыцягнуць да сябе ўвагу прадстаўнікоў заходніх краінаў ў Беларусі і апазыцыйных СМІ, адкрыта выказваючы незадаволенасьць дзеючай уладай». У судзе сп. Катушкін не зьявіўся.

Няма сьведкаў — няма справы

«Во‑первых, сам Марковский В.В. мёртв и провести с ним очные ставки нельзя. Во‑вторых, многие свидетели допрашивались спустя длительное время (до 3 лет) с момента происшествия, причём значительная часть свидетелей находилась в тот период в состоянии опьянения и не помнит подробностей событий. В третьих, в тот вечер, когда произошёл пожар, события в д. Захаровка происходили очень быстро, большое количество людей двигалось в различных направлениях и предпринимало различные действия на небольшой территории в ограниченный промежуток времени . В четвёртых, некоторые свидетели, на которых указывает Юбко Г.П., в частности (…) и другие, умерли». Гэта вытрымка з чарговай пастановы аб прыпыненьні крымінальнай справы па факце забойства К. Юбко, падпісанай пракурорам Менскай вобласьці Міхаілам Сьнегіром (мова арыгіналу захаваная). Цяпер Галіна Юбко змагаецца за законную магчымасьць азнаёміцца з матэрыяламі сьледзтва, а таксама рыхтуецца абскардзіць прыпыненьне справы.

«Як заяц супраць ільвоў»

За гады прыватнага сьледзтва Галіна Пахомаўна напісала безьліч лістоў і зваротаў да пракурораў і міліцэйскіх чыноўнікаў. Была на прыёме ў міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава і яго намесьніка Аляксандра Шчурка: «Яны за галаву схапіліся, калі пабачылі, як вялася гэтая справа, казалі, што атрымаюць яшчэ па адной вымове, як у выпадку з гарадзенскім міліцыянтам‑маньякам». Сустракалася з Генпракурорам Пятром Міклашэвічам і міністрам юстыцыі Віктарам Галаванавым, хадзіла ў Адміністрацыю. Большасьць чыноўнікаў ад мяне адмахваецца, а хто‑ніхто і мерыцца абразіць, кажа Галіна. Але яна не губляе пачуцьця гумару: «Змагаюся зь імі, як заяц з ільвамі». Жанчына настроеная рашуча:

«Буду шукаць праўды да канца, дзеля памяці сястры, дзеля таго, каб такія забойствы не хаваліся няўмелымі сьледчымі і не паўтараліся ізноў, бо, як паказаў прыклад Л. Баравулі, нявіннаму чалавеку трапіць за краты прасьцей, чым сапраўднаму злачынцу».

На апошняй прэс‑канфэрэнцыі групы жанчын, ня згодных з рашэньнямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах, юрыст Тамара Сяргей, назвала Галіну Пахомаўну «народным сьледчым»:

«Гэта ненармальна, калі простыя грамадзяне вымушаныя рабіць працу пракурораў і міліцыянтаў, каб даведацца праўду і дамагчыся справядлівасьці, адзначыла Т. Сяргей.

Сямён Печанко




Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0