На саміце Еўрапейскай народнай партыі ў Рызе 21 мая абмеркавалі сярод іншага і геапалітычную сітуацыю. Удзел у ім узялі лідары ЕНП, кіраўнікі еўрапейскіх правацэнтрысцкіх партый і шэрагу краін Еўрасаюзу.
Прысутнічалі і прадстаўнікі беларускай апазіцыі — старшыні Руху «За Свабоду», АГП і Партыі БНФ Аляксандр Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька і Аляксей Янукевіч.
«Падчас абмеркавання было зазначана, што «Усходняе партнёрства» сёння – гэта пытанне геапалітычнага выбару, але Еўрасаюз разумее, што інтэграцыя ў яе Украіны, Грузіі, Малдовы, Беларусі, Азербайджана і Арменіі будзе разнахуткаснай. Таму Еўрасаюзу трэба набрацца цярпення. Нельга нікому, у тым ліку Беларусі, казаць, маўляў, у вас няма дэмакратыі, як будзе, то прыходзьце. Пераход ад камунiзму да дэмакратыi cкладаны, змены ў галовах адбываюцца праз пакаленні, каб стаць незваротнымі», - распавёў Pyx.by Аляксандр Мілінкевіч.
Шмат абмяркоўвалася і цяперашняя сітуацыя ў нашым рэгіёне, «бо ў дрэнным сне ніхто не мог уявіць, што здарыцца расійска-украінская вайна». Таму ва «Усходнім партнёрстве» адно з ключавых пытанняў – бяспека.
«Усходняе партнёрства» не супраць Масквы. Трэба размаўляць з Расіяй, але пры гэтым нельга забывацца на тое, што адбылося ва Украіне», - сказала канцлер Германіі Ангела Меркель.