Некалькі дзён таму «Наша Ніва» паведамляла аб знікненні заснавальніка крайне вострага сайта 1863x.com. Дагэтуль ніякіх звестак аб яго месцазнаходжанні знойдзена не было. Сайт перастаў абнаўляцца, а ягоны творца, вядомы пад інтэрнэт-псеўданімам Jhon Silver спыніў пісаць у свае акаўнты ў сацсетках.

«Наша Ніва» аказалася ў нязвыклай сітуацыі. Літаральна за некалькі дзён да знікнення Сільвера мы ўзялі ў яго інтэрв'ю. Яно мусіла пайсці ў адзін з майскіх нумароў папяровага тыднёвіка.

Мы не ведаем, чаму і куды Сільвер знік і спадзяёмся на лепшае.

Даём ягонае апошняе інтэрв'ю цалкам, у непрычасаным, у прынцыпе, выглядзе, адно з нязначнымі скаротамі. У інтэрв'ю Сільвер расказваў аб прычынах сваёй татальнай ананімнасці, сваім бачанні развіцця падзей вакол Беларусі і заклікаў да бязлітаснасці да ворагаў Айчыны. Ацэньвайце яго інтэрв'ю самі.

«Усе гэтыя блішчы, раманавы і г.д. – «бурбалкi на балоце»

Як пажывае сайт? Колькі цяпер наведванняў? Што чытаецца лепей за ўсё?

— Калі шчыра, бо крызіс паўплываў і на мяне, то апошнія тры месяцы сайт вёўся не так актыўна, як хацелася б. Але з пачатку красавіка я стаў на сцежку дармаеда, і таму буду надаваць больш увагі праекту. Цяпер наведвальнасць на ўзроўні 1500 унікальных наведвальнікаў у суткі.

Калі браць статыстыку, то топ-3 артыкулаў будзе выглядаць так:

1. Гісторыя гурту Brutto

2. Гісторыя выкрыцця Дыянава

3. Гісторыя пра казакоў на службе расійскай выведкі

Ты не выдаляеш нават каменты зусім звар’яцелых аматараў «рускага свету». Чаму?

Не заўсёды паспяваю ўсё праглядаць і адсочваць. А часам карысна для кантрасту бачыць упоратае трызненне рашыстаў. Гэта выклікае выцверажальны эфект і паказвае, з кім мы маем справу. Я ў тэорыі за свабодныя каментары на ўсіх рэсурсах, але з-за «вольгінскіх ботаў» цяжка фармаваць атмасферу нармальных абмеркаванняў на палітычных сайтах.

Табе ўвогуле што больш падабаецца — пісаць грунтоўныя тэксты альбо рабіць матэрыялы, якія распаляць большы срач?

У тэорыі — вялікія тэксты, але для іх трэба засесці за працу на адзін-два, а то і тры дні без перапынку. На жаль, не заўсёды ўдаецца. Срач падабаецца ў тым выпадку, калі хто-небудзь нарываецца. У нашым медыйным асяроддзі існуе куча тусовачак, якія ўтульненька абрастаюць мохам. Мне падабаецца гэты мох зрываць. Няхай усе выходзяць з зоны камфорту — гэта развівае.

Як думаеш, «канапныя змагары», якія абяцаюць пазабіваць адзін аднаго ў каментах, увогуле здольныя на нейкія дзеянні па-за межамі Інтэрнэту? А калі здольныя, то як іх на такое мабілізаваць?

Так, я думаю пэўны адсотак гатовы на дзеянні. Для мабілізацыі трэба сфармаваць у іх светапоглядзе выразны пасыл, навошта гэта трэба. Чалавек ідзе на дзеянне тады, калі ведае, навошта яму гэта. Навошта нам «катаць вату»? Каб заўтра пад вокнамі не клаліся «Грады». Вось калі даць выбар, што калі сёння ты дасі па мусе раздатчыку сссраўскіх сцяжкоў, а заўтра не ўбачыш «зялёных чалавечкаў», то 90% адэкватных людзей адразу ж пойдзе вылоўліваць гэтых «глуханямых».

Ты пісаў Сашы Раманавай, што вы з ёй не калегі. Удакладні, чаму?

Я не журналіст. І Саша Раманава, калі шчыра, не вельмі паходзіць на журналіста. Яна спрабуе зарабляць на «анлайн-часопісе», які косіць пад аналагічныя расійскія выданні двухгадовай даўніны. Я ж сваёй каравай мовай з шматлікімі памылкамі пішу ў 90% выпадках пра палітыку, якую Раманава вельмі не любіць. Ды і наогул, усе гэтыя Блішчы, Раманавы і г.д. – «бурбалкi на балоце». У адсутнасці нармальнай рынкавай эканомікі ў Беларусі ўвага прыкоўваецца не толькі да прафесіяналаў, але і проста да тых людзей, якія не лянуюцца нешта рабіць. Мяне гэта таксама датычыць. Мой праект — фігня ў параўнанні з іншымі еўрапейскімі, заходнімі або расійскімі выданнямі.

Увогуле, як табе бачыцца стан сённяшняй беларускай журналістыкі? На што падобныя, па-твойму, нашы цяперашнія СМІ? І каму давярае персанальна Джон Сільвер?

Стан беларускай журналістыкі, вядома ж, нікчэмны. Я ўвогуле не разумею тых людзей, якія ідуць на журфак, бо рынку нармальнага няма. Журналіст, як я бачу, можа сябе нармальна пракарміць, працуючы толькі ў двух-трох выданнях. Адпаведна, і якасць кантэнту падае. На Захадзе супрацоўнік можа тыдзень ці больш працаваць над сваім артыкулам, перамяшчацца па свеце, закупляць для сябе ўсю патрэбную тэхніку. Ён мабільны, сучасны, мае мноства сувязяў і кантактаў. А нашых выпускнікоў пасля ВНУ накіроўваюць у маленькія раённыя гарады за 2 мільёны працаваць. Таму ўся сумленная журналістыка трымаецца на ідэйных людзях, якія і «Ролтанам» гатовыя харчавацца, толькі б рабіць сваю справу. А такіх заўсёды адзінкі.

Наконт таго, што чытаю — стараюся як мага больш крыніц ахопліваць. «Наша Ніва», «Беларускі партызан», Хартыя, Радыё Свабода, Радыё Рацыя, Еўрарадыё, Generation.by, Медуза, The Huffington Post. Раней вельмі любіў Ленту.ру, пакуль Галiна Цiмчанка не сышла. З новых беларускіх медыя падабаецца Ideaby.org: яны імкнуцца рабіць разумны і цікавы часопіс, зычу ім поспеху. А наогул — хай усё робяць свае СМІ.

Ты даваў магчымасць наведвальнікам сайта падтрымаць твой праект матэрыяльна. Як поспехі з гэтым, колькі ўжо закінулі грошай?

Я неймаверна ўдзячны тым людзям, якія не пашкадавалі сваіх грошай, і даслалі іх мне. Я жадаў не нажыцца, а прыцягнуць увагу да ідэі краўдфандынгу. Бо ўся наша апазіцыйная палітыка і незалежная журналістыка трымаецца на грантах заходніх краін. Але калі мы хочам прабеларускія медыя, партыі і палітыкаў — мы павінны прывыкнуць самім іх фінансаваць. Паглядзіце на Навальнага, які паспяхова які год збірае грошы для працы свайго Фонду па барацьбе з карупцыяй. Нам трэба вучыцца гэтаму.

Усяго мной было сабрана каля 150 даляраў, чаго як раз і хапіла для тэхнічных патрэб праекта на доўгі час (хостынг, дамен і г.д.). Пасля дадзенай сумы я ўжо грошы не клянчыў і згарнуў кампанію, бо хай чытачы свае рэсурсы лепш адашлюць беларускім хлопцам у АТА. Але калі мэтанакіравана працаваць у гэтым кірунку, то, думаю, цалкам рэальна збіраць сярэднюю месячную зарплату беларуса (смяецца).

Ты плануеш зарабляць грошы на гэтым праекце?

Шчыра — не хацелася б. Але заўсёды ёсць класічны канфлікт, які вядомы многім, хто робіць нешта бясплатнае — для якаснага кантэнту трэба шмат часу. У ідэале трэба стаць раннім жаўранкам, каб усё паспяваць.

Калі б зараз знайшоўся чалавек, які б цалкам згадзіўся прафінансаваць тваю дзейнасць, ты б згадзіўся?

Гучыць падазрона. Я не чуў пра змагароў-мільярдэраў, якім няма куды грошы падзець (смяецца). Але калі нехта б захацеў спансараваць без усялякіх умоў — думаю, пагадзіўся б. У рэальным палітычным жыцці, прымаючы ад кагось грошы, ты трапляеш у сур’ёзную залежнасць, губляючы пэўную частку свабоды дзеянняў, што для мяне недапушчальна.

«Калі не знесці Крэмль, беларусам жыцця і праз 100 год не будзе»

Як увогуле прыйшла ідэя стварэння такога сайта?

Пасля 2010—11-га года я ўсё чакаў, калі вылезуць ананімныя групы супраціву, якія пачнуць адціскаць неэфектыўныя апазіцыйныя структуры і дзейнічаць. Чакаў-чакаў і не дачакаўся. А пасля Майдану і Крыма зразумеў, што трэба хоць нешта рабіць. Хоць нейкую кропельку або часціцу укладваць, інакш спаць спакойна не буду.

Ты ў прынцыпе да стварэння сайта як-небудзь у супраціве ўдзельнічаў?

Так, выконваў класічную нізавую працу: ўлёткі раздаваў, подпісы збіраў, рабіў відэаролікі і ўсё ў такім духу.

Ні ў якіх арганізацыях не быў і асабістых адносін з прадстаўнікамі палітычнай апазіцыі не меў?

Не, ні ў якую партыю ніколі не ўступаў. З прадстаўнікамі апазіцыі перасякаўся пару разоў, але нейкіх глыбокіх і сталых адносін ні з кім не меў і не маю.

У міліцыю трапляў?

Вось неяк у аўтазак усіх пакавалі на адной акцыі, а на мяне ўжо месца не хапіла — адпусцілі (смяецца).

Ну і як тады табе ўдалося так радыкалізавацца?

На самой справе, я ні кропелькі не радыкальны. Не ведаю, хто так стаў мяне пазіцыянаваць. Магчыма, дзякуючы ананімнасці магу пісаць выразна і непаліткарэктна. Калі публікуеш артыкул, напрыклад, пра тое, што «Крэмль павінен быць разбураны», то гэта мне здаецца абсалютна лагічным. Беларусь павінна жыць спакойна і шчасліва — для гэтага патрэбна пад бокам нармальная і дэмакратычная Расія. Дэмакратычнай Расія не стане на культурным саўкова-імперскім падмурку. А які самы імперскі знак у РФ? Крэмль. Таму ўсе такія сімвалы трэба альбо ператварыць у музеі (з правільнай падачай). Інакш жыцця не будзе беларусам і праз 100 гадоў.

Хай здохне любы падонак, які заклікае ў маёй Радзіме зладзіць крывавую лазню. Я прапаную для ўсіх такую формулу: «Жадаеш маёй краіне вайны — жадаем табе смерці». Сіла дзеяння роўная сіле процідзеяння — гэта сусветны закон. Ну а некаторыя мае заклікі могуць ўтрымліваць схаваны гумар або сарказм, які не ўсе разумеюць.

Увогуле, што стала штуршком да твайго разумення нацыянальнай ідэі? І калі ты пачаў адчуваць сябе беларусам?

Трэба сказаць дзякуй тату, ён з дзяцінства абмяркоўваў са мной палітычныя і гістарычныя тэмы. Таму беларусам сябе адчуваў з ранніх гадоў. А разуменне нацыянальнай ідэі стала прыходзіць падчас вывучэння гісторыі і літаратуры. Асабіста маё меркаванне, што наша нацыянальная ідэя простая — мы павінны жыць шчасліва і спакойна. Для гэтага неабходная дэмакратыя, нацыянальная культура, мова, магутная эканоміка і эфектыўная армія. Рэспубліка Беларусь — гістарычны нашчадак ВКЛ, і ўсе гэта павінны паважаць. Лічу таксама, што дэфініцыя «літвін» павінна асацыявацца з дэфініцыяй «беларус».

Раз мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, любы сур’ёзны канфлікт — пагроза для жыцця нашай краіны. Таму вельмі хачу, каб Беларусь спыніла быць залежнай ад розных полюсаў. Мы самі павінны ўплываць на еўрапейскую палітыку ў выгадным для нас рэчышчы. Нельга быць вечным закладнікам амбіцый Расіі ці Германіі. Але да статусу паўнапраўнага еўрапейскага палітычнага гульца нам трэба будзе шмат працаваць і змагацца.

«Беларусь — гэта проста палігон для сапраўдных ваяроў духу і цела»

— Твая дзейнасць — нябачаная для Беларусі справа. Чым цябе прыцягвае ідэя поўнай ананімнасці?

Ананімнасць = эфектыўнасць. Калі хочаш сапраўды мець магчымасць спакойна займацца палітыкай, то без ананімнасці неразумна гэта рабіць. Інакш цябе возьмуць пад каўпак, і з любой нагоды будуць на 15 сутак цягаць на Акрэсціна. Як у выпадку з Паўлам Вінаградавым.

Увогуле, чаму менавіта Jhon Silver? Чым падабаецца гэты персанаж? І чаму менавіта з памылкай?

У дзяцінстве вельмі любіў кніжкі пра піратаў, скарбы і прыгоды. Таму імя гэтага персанажа стаў выкарыстоўваць як нікнэйм ў камп’ютарных гульнях. А паколькі быў малы, англійскую ведаў слаба — таму і з памылкай.

То бок Беларусь — гэта зараз такі своеасаблівы Востраў Скарбаў?

Дакладна. Скарбаў у нас поўна — толькі рыць бывае няма каму.

І які твой асабісты прагноз наконт таго, як будзе развівацца сітуацыя на гэтым самым востраве?

Шчыра — ніхто не можа дакладна ведаць. У такія моманты гісторыі, як цяпер, сцэнары могуць быць зусім розныя. Можа, праз паўгода вайна з Расіяй, а можа праз паўгода ў Расіі рэвалюцыя. Можа Лукашэнка ў нас вырашыць зладзіць Паўночную Карэю (закон аб дармаедах), а можа заўтра пабяжыць еўрапеізавацца, ратуючыся ад татальнага краху эканомікі. Галоўнае, бачыць канчатковую мэту, да якой ідзеш. А тактыку заўсёды можна скарэктаваць у залежнасці ад абставін. У пачатку 1917 года ніхто не мог уявіць, што манархія абрынецца, а яшчэ праз паўгода руліць усім будуць нейкія бальшавікі. Але так адбылося.

— Наша палітычная апазіцыя цяпер уяўляе з сябе сумнае відовішча. Адкуль, па-твойму, возьмуцца людзі, якія нешта змогуць змяніць у краіне?

Людзі ўжо ёсць, проста ў іх дурныя надзеі на каго-небудзь. У любой моцнай аўтарытарнай улады апазіцыя дэградуе і ўяўляе з сябе вартае жалю відовішча. Ніхто нам не дапаможа — ні Еўропа, ні ЗША, ні Кітай, ні жыдамасоны. Самі павінны ўсё рабіць. Вось прыходзіш з працы дадому, паеў, і гадзінку барацьбе прысвячаеш. Хочаш — сайты рабі, хочаш — улёткі расклейвай, хочаш — казакоў у падваротнях вылоўлівай. Кожны павінен вызначыцца, у чым ён добры, і ў гэтым кірунку рабіць усё магчымае. Сапраўдныя лідары могуць выявіцца толькі ў дзеянні. Таму — усе за працу.

У нас пад бокам дзве краіны ў агні вайны. Расія пагражае анексіяй праз сваіх прапагандонаў кожны тыдзень. «Казакі» маюць па ўсёй краіне свае арганізацыі, якія праводзяць тактычныя вучэнні з баявой зброяй. Тры ваенныя базы РФ. Развальваецца эканоміка і чыноўніцкая калгасная сістэма.

Мы проста тормаз. У нас пачнуць многія дзейнічаць «радыкальна», толькі калі «Грады» пад вокнамі класціся пачнуць. Нам перашкаджае не нацыянальны характар, а класічная псіхалагічная абарона. Навошта мне думаць пра нейкую там вайну, рэвалюцыю ці барацьбу, калі сёння ўсё спакойна, і я магу спакойна затарыцца ў «Еўраопце»? А вось заўтра — пабачым, што там будзе заўтра. Галоўнае, што сёння ўсё добра. Сапраўдны нацыянальны актыў ўжо дзейнічае. Хлопцы ў Пясках ўжо даўным-даўно трымаюць абарону супраць «рускага свету». Усё з намі нармальна, проста 20 гадоў Лукашэнка напампоўваў краіну наркозам «пасіўнасці». А зараз паволі пачынаецца адхадняк. Павольна, тармазнута, але пачынаецца.

Беларус – ён таксама такі чалавек на хутары. У нас існуе нейкае жаданне да таго самага «мая хата скраю». Як з гэтым змагацца?

— «Хата с краю» — спосаб выжывання. Калі з 17-га стагоддзя на тваёй тэрыторыі кожныя 30 гадоў адбываліся войны і канфлікты, то ты хоць крышачку пажыць хочаш, ды дзяцей вырасціць. Змагацца з гэтым можна праз выхаванне і гераізацыю байцоўскага духу. Дзе яшчэ можа праявіць сябе мужчына, як не ў цяжкіх умовах? А Беларусь гэта выдатнае месца, проста палігон для сапраўдных ваяроў духу і цела. Дарэчы, Міхалок гэта зразумеў даўно, і яго група Brutto першая пачала працу ў гэтым напрамку. Усім «Гіры».

Увогуле, як ты бачыш аб’яднанне нашага грамадства? Правых і левых, праваслаўных і каталікоў — вось усіх гэтых катэгорый.

Супольныя ворагі. Нішто так не аб’ядноўвае, як супольныя ворагі. Усе хочуць жыць шчасліва і добра. Але трэба правільна растлумачыць, хто крадзе ў людзей іх шчасце і жыццёвыя магчымасці. Савок, дыктатура, расійскі імперыялізм, карупцыя, культурная недаразвітасць. І не важна, хто ты — правы ці левы. У цябе могуць быць розныя погляды, але быць шчаслівым ты зможаш толькі ў свабоднай і развітай краіне. Таму любы, хто перашкаджае свабодзе і развіццю — наш вораг, супраць якога варта аб'ядноўвацца.

Што ты бачыш мэтай свайго праекта? Што павінна адбыцца, каб ты змог сказаць, што твая справа выкананая? І што табе дае нагоды для радасці ў штодзённым жыцці?

Вось калі ў нас стане так спакойна, як у Нарвегіі, дзе сенсацыйныя навіны гучаць так — «Лось аб’еўся дзікіх яблыкаў, і ап’янеўшы, залез на дрэва», думаю можна праект закрываць. Буду яго весці, пакуль ёсць хоць кропля карысці для каго-небудзь. Калі змагу рабіць нешта большае і карыснае ў іншых умовах, то таксама, магчыма, закрыю.

Дык якая ідэальная Беларусь паводле Джона Сільвера?

Вось неяк цяперашні крамлёўскі прапагандон Сяргей Дарэнка абазваў беларусаў хобітамі. А гэта, у прынцыпе і не крыўдна. Хобіты спынілі Смауга і Саўрона, а затым вярнуліся да сябе спакойна жыць у Шыр. Хай і ў нас будзе спакойнае жыццё хобітаў. Ну а калі хтосьці захоча яго парушыць, ён пасля моцна пашкадуе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?