Ужо сёньня некаторыя птушкафабрыкі маюць праекты разьмяшчэньня папулярных лягатыпаў на абалонцы дыетычнага прадукту.

Аднак напачатку — пра звычайную традыцыйную рэкляму саміх яйкаў.

Птушкафабрыка «Салігорская» — наватар у рэклямным бізнэсе курынага яйка. Толькі што ў Менску на тралейбусах маршруту №37 зноў зьявіўся сьвежы лягатып : «Яйцо «Маладзецкае‑люкс» — брэнд №1 у Беларусі! «. Таксама ў Менску ў першы месяц новага года салігорскае яйцо курынае «Маладзецкія‑забава» рэклямавалі гастраномы ў мікрараёнах. На рынках «Ракаўскі», «Камароўскі» і «Маскоўскі» таксама найбольш месцаў продажу курыных яек з вёскі Краснадворцы, дзе месьціцца птушкафабрыка «Салігорская».

Чым жа можна патлумачыць экспансію прадукцыі пэрыфэрыйнай фабрыкі на менскіх паліцах?

Як высьвятляецца, прадпрыемства імкнецца атрымліваць у сярэднім за год больш як 80 000 000 штук яек. Салігорскаму рэгіёну столькі не спажыць. Каб заахвоціць пакупнікоў у іншых мясьцінах, а таксама ў Расеі, птушкафабрыка ўпадабала брэнд сэксуальнай стымуляцыі.

У гутарках са спэцыялістамі прадпрыемства я, напрыклад, пачула, што некалі перад любошчамі курыныя яйкі з задавальненьнем трушчыў Казанова. Цікава таксама, што і Шэйх Нафзаі, аўтар «Духмянага саду», раіў есьці як мага больш смажаных у тлушчы яйкаў, каб забясьпечыць сябе «палівам» для каханьня.

Як самастойную страву яйкі можна есьці сырымі ў выглядзе гогалю‑могалю, а таксама па‑рознаму зваранымі: усьмятку, у мяшэчку, укрутую. Можна прыгатаваць розныя амлеты, фаршыраваць яйкі, пасекчы зь зялёнай цыбуляй. Варыянтаў шмат, але салігорцы — наперадзе ўсіх.

Зусім нядаўна на птушкафабрыцы пачаў працаваць цэх, дзе яйкі марынуюць і вэндзяць. Тэрмін рэалізацыі гэтых далікатэсаў — да 19 сутак, у той час як звычайныя вараныя яйкі забаронена есьці пасьля двух сутак захоўваньня. Рэклямуецца, што ў марынаваных і вэнджаных яйках утрымліваецца вітамін сэлен. Даводзіцца, што сэлен абараняе сэрца, паляпшае кровазварот, таксама паляпшае сэксуальную функцыю…

Дарэчы, вітамін сэлен салігорскія птушніцы дадаюць у звычайны птушыны корм. Кажуць, нясушкі з задавальненьнем спажываюць карысны мікраэлемэнт разам зь зернем, а пасьля дзякуюць сэленавымі яйкамі.

У мяне быў недавер да таго, што сэлен захоўваецца ў смажаных ці вараных яйках, але дырэктар птушкафабрыкі Барыс Зінчук абвяргае ўсялякія сумневы. Маўляў, у 100 грамах яек «Маладзецкія‑люкс» утрымліваецца ня менш як 23 мкг прыроднага сэлену. За гэта і адпаведная грашовая надбаўка — 500 рублёў на кожным дзесятку.

Але, мажліва, што ў кошце яек у Беларусі чакаюцца зьніжкі. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня разглядаюцца цяпер прапановы зь рэгіёнаў аб разьмяшчэньні на курыных яйках каляровай рэклямы.

Пра пэрспэктыўнасьць гэтых намераў гаворыць расейская практыка. Першыя агітацыйныя яйкі зьявіліся ўжо на мінулым тыдні ў Благавешчанску. Адзін з аўтараў ідэі — сябра партыі «Единая Россия» Сяргей Барысаў. Ён — дырэктар птушкафабрыкі. Яйкі прадпрыемства ўпрыгожаныя чырвоным надпісам «За Барысава». Дзесятак гэтых рэклямных яек каштуе 22 рублі — на 7 рублёў таней яек іншых вытворцаў. Са словаў памочніцы і жонкі Алены Барысавай пакупнікі да яйкавай агітпрадукцыі «ставяцца нармальна «.

У ЗША на 35 мільёнах яек будзе красавацца лягатып тэлеканалу CBS і надпісы тыпу «CSI: Crack the Case on CBS» (рэкляма «Дасьледаваньне з месца злачынства»). Паведамляецца, што PR‑яйкі — частка маштабнай рэклямнай кампаніі, якую CBS называе outernet‑стратэгіяй.

Галіна Баравая, belnarod.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0