24 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у парафіі Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску адбылася святая Імша з нагоды 25-гадовага юбілею святарства кс. Міхала Сапеля. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Кажyчы пра ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, Мітрапаліт у гаміліі адзначыў: «Святы Дух ажыўляе Касцёл, надае яму новы дынамізм і праз духоўнае аднаўленне людзей аднаўляе аблічча зямлі. Сапраўднае аднаўленне аблічча зямлі – гэта не толькі і не столькі новыя гарады, дарогі і інфраструктура, але аднаўленне чалавека».

«25 гадоў таму ў сталіцы Латвіі пасля заканчэння Рыжскай духоўнай семінарыі атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне новы беларускі святар Міхал Сапель. Якая тады панавала радасць, бо адчыняліся раней канфіскаваныя касцёлы, а святароў было вельмі мала. Я тады прызначыў новага ксяндза вікарыем у парафію Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках у Мінску. Вернікі адразу ўбачылі ў ім разумнага, энергічнага і адданага справе духоўнага адраджэння Беларусі святара. 

12 красавіка 1991 г. мне ўдалося дамовіцца з Міністэрствам культуры тады яшчэ БССР аб сумесным выкарыстоўванні касцёла на Залатой Горцы, куды адказным за душпастырства я прызначыў ксяндза Міхала. А на наступны дзень Святы Айцец Ян Павел II перавёў мяне ў Расію. Потым падчас адной канферэнцыі, якая праходзіла ў Мінску, ксёндз Міхал запрасіў мяне цэлебраваць святую Імшу ў гэтым касцёле», - узгадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх дадаў, што ксёндз Міхал Сапель доўгі час узначальваў парафію на Залатой Горцы і прыклаў шмат намаганняў, каб касцёл быў перададзены парафіі, кіраваў дабрачыннай працай у архідыяцэзіі, а таксама вядзе на Беларускім радыё спецыяльную праграму агляду падзей з жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі за тыдзень.

«Езус кліча, а пакліканы Яму адказвае. Дзе, калі і ў якіх абставінах гэта адбываецца - ведае толькі Бог і сам пакліканы. З упэўненасцю ў выпадку ксяндза Міхала можна сказаць, што вялікую ролю адыграла яго сям’я і святары, якія служылі ў Браславе», - сказаў арцыпастыр. 

«Свет з аднаго боку адракаецца ад Бога, але з іншага – ён шукае ў Ім сваю апору. І гэтага Бога святар дае людзям у заўсёды жывым і дзейсным Божым слове. Сучасны свет напоўнены па берагі словамі. Але колькі ў іх праўды? Ці яны заўсёды нясуць палёгку чалавеку? Ці даюць надзею? Ці абвяшчаюць цывілізацыю жыцця? На вялікі жаль, яны часта застаюцца толькі пустымі словамі. У той жа час Божае слова напоўнена духоўным зместам, які ніколі не страціць свайго значэння і актуальнасці», - падкрэсліў Мітрапаліт.

Арцыпастыр дадаў, што святар «дае людзям Бога ў сакрамэнтах, у якіх мы атрымліваем патрэбную для збаўлення Божую ласку, а ў Эўхарыстыі – хлеб вечнага жыцця», таму праз святарскае служэнне «мы атрымліваем надзею на шчаслівую вечнасць». 

«Святар, як інструмент у Божых руках, які дзейнічае ад імя Езуса, дзякуючы ласцы Духа Святога вядзе людзей да Бога, каб прынесці ім палёгку і ўчыніць свабоднымі. Такімі свабоднымі духам ты, ксёндз Міхал, чыніш людзей ужо 25 гадоў. За гэта Касцёл у Беларусі дзякуе Богу і табе і просіць благаслаўлення на будучае служэнне», - сказаў Мітрапаліт, звяртаючыся да юбіляра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?