Усталёўка сонечнай батарэі ў Рычмандзе, Каліфорнія. Фота: Michael Macor, The Chronicle

Усталёўка сонечнай батарэі ў Рычмандзе, Каліфорнія. Фота: Michael Macor, The Chronicle

У Каліфорніі, ЗША, кампаніі, што забруджваюць навакольнае асяроддзе, аплоцяць усталёўку сонечных батарэй бедным жыхарам штату, піша Motherboard.

Каля 1600 гаспадарак атрымаюць да канца наступнага года бясплатныя сонечныя батарэі, што дазволяць ім зэканоміць на аплаце электраэнергіі ад 400 да 1000 даляраў на год. За батарэі заплоцяць кампаніі, што забруджваюць паветра.

За бедных прымаюцца тыя, чые гаспадаркі прызнаныя штатам гаспадаркамі ў нявыгадным становішчы, і чый прыбытак не перавышае 80% сярэдняга прыбытку па раёне, тлумачыць SFGate. Ім батарэі дастануцца бясплатна, але пры ўмове дапамогі мантажнікам ва ўсталёўцы — не працай, дык абедам.

Згодна з законам штату пра гандаль эмісійнымі квотамі, каліфарнійскія кампаніі мусяць плаціць за кожную тону шкодных выкідаў у атмасферу, частка з гэтых выплат мусіць ісці на змяншэнне шкодных выкідаў.

Частку сабраных такім чынам грошай, 14,7 млн даляраў некамерцыйная кампанія Grid Alternatives прапанавала скіраваць на далейшае змяншэнне шкодных выкідаў праз дапамогу ў пераходзе на сонечную энергію тым, хто не толькі не задумаўся бы аб гэтым, але і мае цяжкасці з аплатай электраэнергіі з традыцыйных крыніц.

Выданне не без захаплення адзначае, што гэта не дабрачыннасць, а прадуманая схема: кампаніі не проста плоцяць за забруджанне паветра, але і дапамагаюць зменшыць шкоду прыродзе. Да таго ж, у адрозненне ад традыцыйнага гандлю квотамі на забруджанне, кампаніі не змогуць зарабіць на перапродажы «права псаваць паветра». Але такая сістэма стане насамрэч карыснай, калі будзе лепш фінансаванай, больш пашыранай геаграфічна, а таксама стане пастаяннай — як пастаянным мае стаць рост цэн на шкодныя выкіды.

Чытайце таксама: Францыя прымусіла супермаркеты аддаваць ежу бедным

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?