У Мінгарсудзе 26 мая працягваецца слуханне крымінальнай справы паводле абвінавачання 34-гадовай мінчанкі ў наўмысным забойстве трохгадовага сына.
28 студзеня жанчына, збіраючыся пакончыць жыццё самагубствам разам з дзіцем, скінула хлопчыка з агульнага балкона 12-га паверха дома на вуліцы Адзінцова, а сама скакаць перадумала.
Сёння стала вядомая прычына балючай рэакцыі абвінавачанай на зададзенае напярэдадні суддзёй пытанне пра яе малодшую сястру. Тады жанчына заплакала, як плакала, калі зачытвалі абвінавачанне з пералічэннем траўм, атрыманых яе сынам пры падзенні.
Падчас допыту сведак 26 мая былі зачытаныя паказанні, дадзеныя падчас следства сяброўкай абвінавачанай, суседкай па доме, якая ў 2011 годзе пазычыла ёй 1.000 долараў. У тым ліку немагчымасцю аддаць гэтыя грошы з-за цяжкага матэрыяльнага становішча абвінавачаная тлумачыць свае суіцыдальныя памкненні.
Згодна з гэтымі паказаннямі, прыблізна 10 гадоў таму малодшая сястра абвінавачанай у юным узросце загінула пры падзенні з вышыні. Непасрэдна падчас допыту суседка зазначыла, што адносіны абвінавачанай з малодшай сястрой «былі не вельмі».
Сведка таксама сказала, што ёй вядома як мінімум пра адну спробу самазабойства жанчыны, у 2008 годзе, калі яна сама яе супакойвала і выклікала з працы маці. У стане алкагольнага ап'янення жанчына збіралася выкінуцца з акна.