26 мая ў Мінгарсудзе на працэсе па справе аб забойстве 34-гадовай мінчанкай свайго трохгадовага сына была дапытаная ў якасці сведкі бабуля хлопчыка, маці абвінавачванай. Жанчына шчыра і вельмі эмацыянальна расказала суду пра сваю дачку.

Паводле слоў пенсіянеркі, Іна хацела жыць за чужы кошт, не хацела працаваць, ёй нідзе не падабалася, максімум, наколькі затрымлівалася на адным месцы, два месяцы. Працу знаходзіць не імкнулася. Дзіця нарадзіла, каб не працаваць, ёй выгадна было сядзець дома, калі хлопчык хварэў.

Жанчына абурана такімі паводзінамі дачкі, якую ёй даводзілася карміць, апранаць, аплачваць яе даўгі, крэдыты, а Іна купляла мабільныя тэлефоны, адсылала грошы і сродкі сувязі ў папраўчую калонію, дзе адбываў пакаранне яе былы неаднаразова судзімы сужыцель. На гэтым фоне ўзнікалі канфлікты. 

Менавіта з-за немагчымасці выплаціць «неслабы» крэдыт, паводле слоў пенсіянеркі, Іна ў 2008 годзе спрабавала скончыць жыццё самагубствам, але зрабіць ёй гэта не дазволілі.

Асобныя «цёплыя» адносіны ў сведкі да былога сужыцеля дачкі Аляксандра. Паводле яе слоў, мужчына яе біў, зламаў нос, нанёс страсенне. Калі пенсіянерка была на працы, маладыя людзі «пілі, гулялі». І, вядома, яна была супраць іх адносінаў.

Ужо калі дзіця нарадзілася, а сужыцель Іны быў адпраўлены ў калонію, дачка прапаноўвала маці, каб тая сядзела з унукам, а яна пойдзе працаваць. Пенсіянерка адмовілася ад гэтага, паколькі лічыць дачку ненадзейнай. Ведаючы стаўленне дачкі да працы, жанчына разумела, што ўся сям'я магла аказацца наогул без сродкаў да існавання. Таму вырашылі, што сядзець з хлопчыкам будзе Іна.

На пытанне суддзі, чым жа дачка займалася дома, сведка заявіла: «Нічым. Нічога не хацела рабіць. Дзіцем амаль не займалася, малы дома рабіў, што хацеў. Дзіця цэлы дзень сядзела ў тэлевізары, дачка — у інтэрнэце».

Праясніла пенсіянерка і лёс сваёй малодшай дачкі. Яна расказала суду, што ў 2005 годзе дзяўчына скончыла жыццё самазабойствам. Нагадаем, раней пра тое, што яна загінула, упаўшы з вышыні, паведаміла сяброўка абвінавачванай.

Цікава, што на першапачатковым этапе следства маці абвінавачванай адмовілася ад дачы паказанняў, затым пагадзілася, але танальнасць яе выказванняў у адрас дачкі была больш мацярынскай. Гэтыя абставіны сёння жанчына растлумачыла тым, што «якая ёсць, але Іна яе дачка».

На следстве бабуля загінулага хлопчыка адмовілася выступаць у якасці пацярпелай па гэтай крымінальнай справе і заяўляць у дачыненні да сваёй дачкі грамадзянскі іск.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?