Марына Лаўрэнцьева жыве на Чарвякова ад сярэдзіны 90-х. Дом франтавіка, бацькі мужа, невялікі: 60 метраў, 4 пакоі. Дом быў пабудаваны яшчэ ў 1949, астатнія, дарэчы, прыкладна тады ж. Ацяпленне — у асноўным газавыя катлы, хаця ёсць і тыя, хто па сённяшні дзень карыстаецца печкай. Водаправода ў многіх дамах таксама няма.

Парэшткі хаты на Ураджаўнай, якая згарэла зімой

Парэшткі хаты на Ураджаўнай, якая згарэла зімой

Чуткі пра хуткі знос дамоў хадзілі з канца 80-х. Але, кажа Лаўрэнцьева, забудоўшчыкі то з’яўляліся, то знікалі. На практыцы нічога не рабілася. Апошні забудоўшчык, ТАА «Метадос», заняўся ўчасткам у 2001 годзе. У сувязі з гэтым у дамах забаранілі прапісваць людзей.

«Мы вырашылі прадаць частку дома, але высветлілася, што нельга прапісаць чалавека. Прычым там усё пастаянна змянялася: то можна, то нельга. І нас пра гэтыя забароны і дазволы ніхто не папярэджваў», — кажа Марына.

Два гады праектавання, затым на месцы былой аўтабазы пабудавалі шматпавярховы дом. Затым будоўля дайшла да тэрыторыі, дзе стаялі прыватныя дамы, пра якія ідзе гаворка. Частку іх знеслі і пачалі будоўлю наступнага шматпавярховіка. Людзей рассялілі. А ў тых шасці дамоў, якія засталіся, забралі зямлю пад будоўлю.

«Нам прынеслі «мутны ліст», як я яго называю. Дакумент ад «Белгіпразема». Там напісана так: скажыце, што вы хочаце за зямлю, але калі не напішаце, то яе і так адбяруць. Хутка прыйшлі, перапісалі зялёныя насаджэнні: дрэвы, кусты. За іх кампенсацыю мы чакаем і па сённяшні дзень. Пра тое, што мы атрымаем замест дамоў — кватэры ці кампенсацыю, — таксама ніхто не гаварыў», — кажа Лаўрэнцьева.

Перыядычна Марына з мужам пісалі лісты ў Мінгарвыканкам і «Метадос», каб даведацца, калі дакладна знясуць іх дамы. «У 2006 пытаем — адказваюць, што знясуць у 2008. Час праходзіць — і нічога. Пішаш ізноў, адказваюць: знясуць у 2011. Чакаеш, пішаш, адказваюць: знясуць у 2013. Потым — у 2015».

Асноўная прэтэнзія ў людзей — няпэўнасць. Ці тыя дамы рамантаваць, укладаючы грошы, ці чакаць зносу? А сярод жыхароў хапае небагатых пенсіянераў. Дый як палепшыць жыллёвыя ўмовы, калі зямля адпісаная пад будаўніцтва, кажа Марына. Людзі нават ваду не могуць сабе правесці, бо для гэта га трэба мець на гэтую зямлю адпаведныя дакументы.

Марына Лаўрэнцьеўна

Марына Лаўрэнцьеўна

«Каб не гэты знос, даўно б зрабілі з дома камфартабельнае жыллё. А так выходзіць, што ў нас дачны дамок лепш уладкаваны, чым дом, у якім мы жывём, — кажа Марына. — Я лічу, што, якую б кватэру нам ні прапанавалі, адбіраць прыватны дом у цэнтры сталіцы — гэта рабаўніцтва».

Падвешаны стан выкліканы і супярэчнасцямі ў заканадаўстве. Згодна з рашэннем Мінгарвыканкама ад 2008 года, «Метадос» павінен быў знесці старыя дамы да пачатку будаўніцтва. А рашэнне ад 2009 года дазваляе забудоўшчыку знасіць дамы і адсяляць людзей да пачатку ўводу шматпавярховіка ў эксплуатацыю — тады, калі яму самому будзе зручна.

Яднацца і пісаць калектыўныя скаргі людзі пачалі пасля таго, як здарылася трагедыя. У пачатку студзеня загарэўся адзін са старых дамоў на вуліцы Ураджайнай. Па адной з версій следства, прычынай мог быць выбух старога газавага катла. У агні загінула пенсіянерка — гаспадыня дома.

Жыхары «дамоў пад знос» лічаць, што частка віны ляжыць на «Метадосе», які не адсяліў людзей.

«І што нам рабіць? Шмат у каго стаяць такія ж старыя катлы. Я і сама часам думаю, што прыйду дамоў, а там толькі попел застаўся, — кажа Марына. — Ці добра: мы паставім новы кацёл. А калі загарыцца ў суседзяў, якія не памяняюць? У мінулы раз, каб пажарныя хутка не прыехалі, хто яго ведае, што б было. Мог бы выгарэць увесь гэты раён».

Ад «Метадоса» прыйшла папера з просьбай паведаміць банкаўскія рэквізіты для выплаты кампенсацыі за зялёныя насаджэнні. Але ацэнку праводзілі яшчэ ў 2008 годзе, і потым ніхто не паведамляў, ці пералічвалі іх, ці індэксавалі.

Як адзначае адзін з жыхароў, Георгій Плашчынскі, толькі па афіцыйных дадзеных, індэкс цэнаў за гэты час вырас на 400%, а рубель упаў амаль на 700%. Напрыклад, адна з жанчын, якая ўжо памерла, павінна была атрымаць за свае зялёныя насаджэнні амаль 1,5 тысячы даляраў. Сёння сума кампенсацыі (3 312 130 рублёў) — гэта трохі больш за 200 даляраў.

Георгій Плашчынскі

Георгій Плашчынскі

Сам Плашчынскі жыве ў доме нумар 8 на Ураджайнай. Будоўля ідзе адразу за яго плотам. Плашчынскі ўпэўнены, што зацягванне зносу дамоў выгадна «Метадосу».

«Чым далей людзі жывуць у гэтых дамах, якія немагчыма ўладкаваць, тым больш хочуць з’ехаць, — кажа Георгій. — Да таго ж хапае пенсіянераў, яны проста паміраюць».

У выніку больш за 30 жыхароў з 8 дамоў па вул. Чарвякова і Ураджайнай накіравалі калектыўныя звароты на імя міністра ўнутраных спраў Шуневіча, генеральнага пракурора Канюка, старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Анфімава і старшыні Следчага камітэта Шаева з просьбай разгледзець падставы для завядзення крымінальнай справы ў адпаведнасці з КК РБ па артыкулах 424 КК РБ «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі», 426 КК РБ «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў», 425 КК РБ «Бяздзейнасць службовай асобы», 428 КК РБ «Службовая халатнасць» і артыкуле 303 КК РБ «Парушэнне правілаў бяспекі горных або будаўнічых работ».

Жыхары таксама папрасілі праверыць дзеянні кіраўніцтва ТАА «Метадос» і адказных дзяржаўных органаў і кантралюючых структур па гэтым пытанні на прадмет наяўнасці карупцыйнага складніку. Таксама людзі плануюць звярнуцца ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай правесці антыкарупцыйнае расследаванне.

А 21 мая жыхары былі на прыёме ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска. Намесніца кіраўніка адміністрацыі, Жанна Круглікава, паведаміла, што над дакументамі 2008 і 2009 гадоў, якія супярэчаць адзін аднаму, працуе юрыдычная служба.

Што тычыцца кампенсацый за насаджэнні, то «Метадос» збіраецца праводзіць новую ацэнку, старая ўжо не актуальная. Можна паспрабаваць змяніць забудоўшчыка, сказала Круглікава, але тады ўчастак ізноў трапіць на аўкцыён. Пакуль гэта зробіцца, пакуль возьмецца за працу новы забудоўшчык, людзям усё адно прыйдзецца чакаць.

Круглікава паабяцала арганізаваць сустрэчу кіраўніцтва «Метадоса» з жыхарамі ў бліжэйшы час. Ігар Самуйленкаў, дырэктар ТАА «Метадос», заяўляе, што да дыялогу з людзьмі гатовы. «Будзем сустракацца, размаўляць. Дагэтуль мы не зносілі, бо ў адным з дамоў былі праблемы з дакументамі, адзін з прапісаных лічыўся зніклым, — кажа Самуйленкаў. — Увогуле, сёлета мы будзем зносіць толькі тры дамы. У нас ёсць праект, які прайшоў экспертызы, мы згодна з ім дзейнічаем».

Іншым жыхарам Чарвякова — Ураджайнай прыйдзецца пача каць.

«Іх чарга прыйдзе ў наступным годзе. Адразу не магу, бо яны ж хочуць усе асобныя кватэры. У мяне кватэры вялікай плошчы, па 100—150 метраў. Я прапаноўваў, каб людзі бралі такую на сям’ю, прадавалі і набывалі самі іншае жыллё, яны не хочуць. А калі яны хочуць асобныя кватэры на кожнага, то іх мне трэба шукаць і набываць. Адпаведна, каб іх купіць, мне трэба прадаць кватэры ў сваіх дамах. Але цяпер жа праблемы на рынку нерухомасці», — тлумачыць кіраўнік «Метадоса».

Кватэры ў сваіх дамах яму даваць нявыгадна. «Не, калі там два чалавекі, а я дам кватэру ў 150 метраў. Ну як гэта? Ёсць нормы, 15—20 метраў на чалавека», — кажа Самуйленкаў.

Але перспектыва змены забудоўшчыка яго не палохае. Ён упэўнены, што гэта нявыгадна ў першую чаргу самім жыхарам: «Няхай мяняюць. Але тады ім будуць даваць кватэры згодна з новымі правіламі, то бок зыходзячы з колькасці метраў у іх дамах. А я павінен даваць па колькасці тых, хто прапісаны».

Але жыхары дамоў настроеныя скептычна. «Я не веру ў дыялог з «Метадосам». Ён пачне нешта рабіць толькі ў адным выпадку: калі яго заканадаўча абавяжуць, — кажа Георгій Плашчынскі. — Інакш нічога не будзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?