Зямля будучыні
Жанр: фантастыка, прыгоды, баявік
Рэжысёр: Брэд Бёрд
У ролях: Джордж Клуні, Брыт Робертсан, Х'ю Лоры, Рэфі Кэсідзі, Цім МакГроў, Кэтрын Хан, Кігэн-Майкл Лі, Крыстафер Баўэр
ЗША, 130 хв
Адзнака: 8

У рукі маладой дзяўчыны трапляе загадкавы прадмет, які адкрывае доступ у паралельную рэальнасць — Зямлю будучыні, у якой рэалізаваныя найноўшыя тэхналагічныя магчымасці. Але час знаходжання там абмежаваны, і Кейсі вырашае даведацца, як туды трапіць зноў. Дзяўчына вымушана звярнуцца па дапамогу да генія-вынаходніка Фрэнка Уолкера, але спачатку трэба пераканаць былога вундэркінда раскрыць ёй таямніцу загадкавага месца, вядомага як Зямля будучыні, і прымусіць Фрэнка вярнуцца туды, адкуль яго аднойчы выгналі.

У 1955 Уолт Дысней пашырыў свой парк забаў Disneyland, назваўшы новы ўчастак «Зямля будучыні».

У той час уяўленне малявала жыхарам Зямлі вельмі аптымістычную будучыню, аднак паступова яна зрабілася змрочнай і бязрадаснай. Гэты працэс зацікавіў сцэнарыста і прадзюсара Дэймана Ліндэлофа. Аднойчы ён даведаўся, што ў архівах Disney Studios знайшлі незвычайную скрынку. У ёй былі мадэлі і чарцяжы, фатаграфіі і запісы, так ці інакш звязаныя з будаўніцтвам «Зямлі будучыні» і Сусветным кірмашом 1964-га.

Ліндэлоф вырашыў, што можа існаваць нейкае рэальнае месца з назвай «Зямля будучыні». Гэтая ідэя стала асновай для сюжэта апавядання, якое Ліндэлоф пасля перапрацаваў у сцэнар разам з рэжысёрам і прадзюсарам Брэдам Бёрдам.

Прататыпам для Зямлі будучыні стаў іспанскі Горад навукі і мастацтва ў Валенсіі. Палі пшаніцы вакол горада і палі кукурузы каля фермы Фрэнка былі спецыяльна вырашчаныя ў канадскіх правінцыях. Таксама здымкі праходзілі ў Парыжы і Каліфорніі. Агулам было задзейнічана больш за 90 спалучэнняў розных натурных і павільённых пляцовак. Здымачнай групе давялося пераязджаць 10 разоў.

Стужка сабрала зорную каманду акцёраў.

«Ты можаш здзейсніць сваю мару і зрабіць будучыню ярчэйшай», — упэўненая выканаўца галоўнай ролі Брыт Робертсан. Праз з'яўленне яе персанажа ў рэчасінасці зямлян могуць адбыцsа пазітыўныя змены ў будучыні.

«Мы, людзі, заўжды перажывалі ўзлёты і падзенні. Я ўпэўнены, нас чакаюць светлыя часы», — аптымістычна заявіў Джорж Клуні, выканаўца ролі Фрэнка. На вялікім экране з'явіўся і харызматычны акцёр і музыка Х'ю Лоры, які выканаў ролю злодзея.

Фільм пакідае ўражанне добрай футурыстычнай казкі.

Сюжэт дынамічны і жывы, прысутнічаюць адсылкі да класікі літаратурнай і кінематаграфічнай фантастыкі. Праз гэта стужка можа здацца трохі другаснай, але кампіляцыя ідэй ўдалася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?