Федэральная паліцыя Швейцарыі арыштавала ў Цюрыху дзевяць чыноўнікаў ФІФА, экстрадыцыі якіх патрабуюць Злучаныя Штаты. Арышты былі зробленыя раніцай у сераду ў адным з гатэляў Цюрыха.
Арыштаваныя абвінавачваюцца ў ЗША, сярод іншага, у адмыванні грошай, вымагальніцтве і махлярстве з выкарыстаннем электронных пераводаў.
Кіраўніцтва ФІФА з'язджаецца ў Цюрых на штогадовы з'езд, які пачнецца ў пятніцу і ў ходзе якога павінен быць абраны новы прэзідэнт арганізацыі. Цяперашні прэзідэнт Зэп Блатэр хоча быць пераабраным на пяты тэрмін.
Крыху пазней сталі вядомыя імёны дзевяці затрыманых.
Сярод арыштаваных — віцэ-прэзідэнты ФІФА Джэфры Уэб і Эухеніа Фігерэда, былы член выканкама ФІФА Джэк Уорнер, а таксама Эдуарда Лі, Хуліа Роча, Костас Такас, Рафаэль Эскевель, Хасэ Марыя Марын і Нікалас Леас.
Паведамляецца, што абвінавачванні таксама прад'яўленыя Алехандра Бурзака, Аарону Дэвідсану, Уга Джынкісу і Марыяна Джынкісу, якія маюць дачыненне да спартыўнага маркетынгу, а таксама Хасэ Маргулісу, які выступаў пасярэднікам пры, як мяркуецца, незаконных здзелках.
Дзеючы кіраўнік арганізацыі Ёзэф Блатэр адсутнічае ў спісах арыштаваных або падазраваных.
У заяве міністэрства ўнутраных спраў Швейцарыі гаворыцца, што пракуратура Усходняга раёна Нью-Ёрка расследуе справу, згодна з якой арыштаваныя падазраюцца ў атрыманні хабараў, якія вылічваюцца мільёнамі даляраў, з 1990-х да сённяшняга дня.
Наколькі вядома, паліцэйскія ў цывільным ўзялі ключы ад пакояў гасцініцы Baur au Lac і падняліся ў нумары. Аперацыя прайшла без якіх-небудзь інцыдэнтаў.
Генеральны сакратар ФІФА Жэром Вальке прыбыў у гатэль, дзе прайшлі арышты, але адмовіўся каментаваць. ФІФА мае намер «разабрацца ў сітуацыі» перш чым рабіць афіцыйныя заявы.