Мінск часоў Дуніна-Марцінкевіча. Плошча Высокі Рынак. Акварэль Напалеона Орды. Сабор — каталіцкая катэдра. Будынак езуітаў справа ад яго не захаваўся. На месцы яго цяпер стаіць адміністрацыйны будынак, дзе месцяцца пасольствы Балгарыі і Францыі

Мінск часоў Дуніна-Марцінкевіча. Плошча Высокі Рынак. Акварэль Напалеона Орды. Сабор — каталіцкая катэдра. Будынак езуітаў справа ад яго не захаваўся. На месцы яго цяпер стаіць адміністрацыйны будынак, дзе месцяцца пасольствы Балгарыі і Францыі

Імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры — вядома кожнаму школьніку. Але і ў сярэдзіне XIX стагоддзя ён быў адным з самых вядомых людзей.

Праўда, вядомасць тая пашыралася толькі на губернскі горад Мінск, дзе Марцінкевіч пасяліўся ў канцы 1820-х. Але папулярнасць і пазнавальнасць яго былі сапраўднымі, ну рыхтык як у сучасных поп-зорак. Перш за ўсё яму вядомасць прынесла тэатральная дзейнасць.

«Быў пацешнейшы за ўсіх»

Ужо першыя пастаноўкі на сцэне Мінскага тэатра ў суаўтарстве з кампазітарам Станіславам Манюшкам былі прыхільна сустрэтыя публікай. У губернскіх газетах адзначалася акцёрская ігра самога 33-гадовага Вінцэнта. У 1841, пасля першай пастаноўкі аперэты «Рэкруцкі яўрэйскі набор» у «Мінскіх губернскіх ведамасцях» адзначалася: «Сачыніцель Марцінкевіч быў пацешнейшы за ўсіх». У 1852 таксама прыхільна былі сустрэты таленты Марцінкевіча пасля пастаноўкі оперы «Сялянка» (ці «Ідылія»): «Вельмі добра выглядаў сам аўтар у ролі Навума Прыгаворкі і ў танцы «Мяцеліца»… Калі б яго творы былі пастаўленыя на вялікай сцэне, ад гэтага, бясспрэчна, была б карысць як для тэатра, так і для аўтара».

Менавіта таму адзін з малавядомых «тэатральных» эпізодаў з жыцця Вікенція Марцінкевіча ўспрымаўся ўсяго толькі як анекдот ці, як бы цяпер сказалі, «газетная качка».

Пра гэты выпадак, як пра галоўную навіну з жыцця Мінска, пісаў у лісце жонцы той жа Станіслаў Манюшка. Падамо гэты аповед у пераказе Адама Мальдзіса: «Нейкі багаты «жартаўнік» рашыў адпомсціць пісьменніку за прайграны ў судзе працэс і, ад’язджаючы, заказаў «пахавальны звон за спакой душы Марцінкевіча, а ў касцёле купіў саван і пахавальныя падсвечнікі і ўсю гэту пакупку паслаў яму на дом. Пачынаюць званіць у званы — ты ведаеш, што мінскія званы не любяць жартаваць і што гарадскім разявам толькі таго і трэба! І вось кожны пытае: па кім звоняць? Жабракі адказваюць, што памёр… Марцінкевіч, які жыў за губернатарскім садам. Вестка хутка распаўсюджваецца па ўсім горадзе. І трэба ж было здарыцца такой бядзе, што сам Марцінкевіч сустрэў людзей, якія неслі саван і падсвечнікі, і спытаў іх: — Каму нясуць? — Марцінавічу. — Якому?.. Скандал, вэрхал, паліцыя шукае віноўніка свавольства. Па ўсім горадзе шукаюць жартаўніка, а яго даўно і след прастыў».

Выпадак нагадвае анекдот, але…

Данос Душкевіча

У 30—40-я гады XIX стагоддзя расквітнеў яшчэ адзін талент Вінцэнта Марцінкевіча — талент, у якім спалучаліся ўменне мастака і каліграфа, веды дасведчанага чыноўніка, які ўмее правільна скласці любую «патрэбную паперу», а таксама веды гісторыі і палеаграфіі — навукі, «якая вывучае гісторыю пісьма, а таксама помнікі старажытнай пісьменнасці дзеля іх чытання». Праўда, мэты ў Вінцэнта і яго таварышаў былі крыху іншыя.

«Наша Ніва» ў артыкуле «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і падробка пячатак» у снежні 2014 ужо пісала аб тым, як непрыемная гісторыя ў справе аб падробцы дакументаў прывяла маладога Марцінкевіча ў Мінскі турэмны замак у 1835 годзе. Але тады для яго ўсё скончылася паспяхова, і пасля 4 месяцаў арышту Вінцэнт змог нават вярнуцца на працу ў Мінскую рымска-каталіцкую духоўную кансісторыю. Але гісторыя на гэтым не скончылася.

16 верасня 1844 года да Менскага грамадзянскага губернатара Аляксея Васілевіча Сямёнава з’явіўся селянін Іосіф Душкевіч, які распавёў прадстаўніку ўлады пра новыя правіны Вінцэнта Марцінкевіча: «Завуць яго Іосіф Душкевіч, селянін Мінскага павета памешчыка Любанскага маёнтка Мнішан, які знаходзіцца ў адміністрацыі памешчыка Вінцэнта Марцінкевіча, ад роду мае 20 гадоў, рымска-каталіцкага веравызнання, чые абрады выконвае акуратна, пад судом не быў, халасты, непісьменны, паказаў: адміністратар названага маёнтка Марцінкевіч узяў яго з вёскі чацвёрты таму год і ўтрымлівае ў сябе ў горадзе Мінску, дзе ён выконвае ўсе працы, не атрымліваючы за працу ніякага ўзнагароджання, акрамя таго, яго дрэнна кормяць і не даюць прыстойнай вопраткі і часта без усялякай віны жорстка карае сам Марцінкевіч. Прычым дадаў, што Марцінкевіч займаецца хаджэннем па справах аб дваранскім паходжанні розных асоб і складае падложныя дакументы, для чаго ўжывае старую паперу, якую яму дастаўляе былы службовец магістрата Ключынскі, а пісаць дапамагае нехта Квяткоўскі (ён жыве ў Марцінкевіча). Разам з ім яны выкарыстоўваюць ваду, размяшаную з тытунем, а каб паперы надаць стары выгляд, кладуць яе ў каву, і потым, высушыўшы, ужываюць для напісання старажытных дакументаў. …У Марцінкевіча пражывае цяпер са Слуцкага павета Рачыцкі, якому ён абяцаў выклапатаць дваранства, за што дамовіўся атрымаць 200 рублёў срэбрам…»

«Шчытаю патрэбным растлумачыць»

Сямёнаў неадкладна даручыў правесці расследаванне, якое пачалося з праведзенага ў экстраным парадку ператрусу ў доме Марцінкевіча. Але ніякіх падазроных рэчаў не знайшлі, толькі ў стайні па ўказанні таго ж Душкевіча пад дахам знойдзеная «драўляная калодка, якая ўжываецца нібыта для нанясення пячатак, і невялікі скураны чамаданчык, у якім былі старыя шляхецкія паперы, якія належаць двараніну Рачыцкаму, які спыніўся ў яго».

Натуральна, Марцінкевіч адмаўляў удзел у падробцы дакументаў, тлумачачы данос Душкевіча інтрыгай памешчыка маёнтка Мнішаны Любанскага.

«Шчытаю (так у арыгінале!) патрэбным растлумачыць: калі Любанскі па даносе жонкі сваёй адпраўлены быў на жыхарства ў Вяцкую губерню, то давер аб хаджэнні па справе ў маёнтку Мнішаны даў адвакату Любавіцкаму, якому даў сапраўдную даверанасць, ён жа, Любавіцкі, калі я прыняў такую ж ад жонкі Любанскага, стараўся мяне схіліць на свой бок, калі ж гэтае яму не ўдалося, то завёў справу ў складанні быццам бы падробленых дакументаў… бачачы, што яго паклёпу нідзе не даюць веры, прыдумаў падгаварыць прыгоннага Любанскай Юзука Душкевіча, данос якога быць не можа быць прыняты, бо ён, Юзук Душкевіч, знаходзіцца пад следствам за крымінальнае злачынства, і справа яго знаходзіцца ў Мінскай гарадской паліцыі…»

Трэба аддаць належнае Марцінкевічу: апытанне ўсіх суседзяў паказала, што ён выключна станоўчых паводзін, ніхто і ніколі нічога дрэннага пра яго ніколі не чуў. А вось што тычыцца паводзінаў селяніна Душкевіча, то ўсе апытаныя паказалі, што ён «паводзінаў у грамадстве ёсць нясцерпных, бо займаецца распустай, а часам і крадзяжом». Сам Марцінкевіч баяўся яго помсты: «Я асцерагаюся, каб ён не выканаў сваіх пагроз і не падпаліў дамоў маіх, то і ўпрошваюць Ваша благароддзе ўжыць найстражэйшыя меры, каб ён быў утрыманы пад строгай вартай ці ж дасланы ў турэмны замак».

Мінск у пачатку ХІХ ст. Малюнак Юзафа Пешкі. Валокі Полацкія (сённяшні раён дома Ваньковічаў). І не скажаш нават, што ў гэтым горадзе была кандытарская.

Мінск у пачатку ХІХ ст. Малюнак Юзафа Пешкі. Валокі Полацкія (сённяшні раён дома Ваньковічаў). І не скажаш нават, што ў гэтым горадзе была кандытарская.

Сведка «пахавання»

Ход гэтай справы, якая доўжылася не адзін год, трохі адцягнула нас ад пытання аб зладжаным Вінцэнта Марцінкевіча «пахаванні». Натуральна, па даносе Душкевіча былі дапытаныя ўсе, хто хоць нешта мог ведаць: і сам Ключынскі, які па інфармацыі даносчыка дастаўляў яму старадаўнюю паперу, а таксама яго служанка Барбара Жыдкевіч. На допыце 22 студзеня 1847 яна паказала: «За дзевяць гадоў службы ў Ключынскага памешчык Марцінкевіч ніводнага разу ў доме Ключынскага не быў, яна ж, Барбара, таго Марцінкевіча ведае па выглядзе толькі праз тое, што, не помніць якога года, білі ў званы ў кафедральным касцёле, і на пытанне, хто там памёр, казалі, што Марцінкевіч. Між тым ён выйшаў з кандытарскай, тут, паказваючы на яго, сказалі, што Марцінкевіч ходзіць, а па ім звон…»

Такім чынам, мы маем дакладныя паказанні сведкі, якая асабіста бачыла Марцінкевіча, які выходзіў з кандытарскай у той шумны дзень. На жаль, нам дакладна невядомая дата здарэння, а таксама аўтар, мабыць, самай маштабнай тэатральнай пастаноўкі з удзелам Вінцэнта Марцінкевіча, сцэнаю для якой стаў увесь горад Мінск, а гледачамі — усе мінчукі. Паколькі Манюшка піша ў сваім лісце аб помсце за прайграны судовы працэс, а таксама аб тым, што ў справу ўмяшалася паліцыя, то ў нас ёсць надзея з часам даведацца і імя рэжысёра-пастаноўшчыка перформансу «пахаванне Марцінкевіча». Безумоўна, замоўца быў забяспечаным, калі змог выдаткаваць на такі жарт немалыя грошы. Ім, цалкам верагодна, мог быць названы вышэй памешчык Бенедыкт Любанскі, які, прайграўшы некалькі судовых спраў, у тым ліку аб нібыта падробленых Марцінкевічам дакументах, быў адпраўлены ў Вяцкую губерню.

Гісторыя даказала вядомую народную прымету: той, аб чыёй смерці пачалі казаць заўчасна, пражыве доўгае жыццё. Пасля свайго мінскага «пахавання» Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч пражыў яшчэ больш за сорак гадоў, поўных падзеяў і творчасці, і сваім жыццём па праве заслужыў цяперашнюю неўміручасць.

***

Зміцер Дрозд

гісторык-архівіст, аўтар кніг «Землеўласнікі Мінскай губерні 1861—1900», «Землеўласнікі Мінскай губерні 1900—1917». Пасля Плошчы-2010 быў асуджаны за ўдзел у «масавых беспарадках» на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Выйшаў на волю ў жніўні 2011.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0