Сярэдні конкурс на паступленне ў ліцэй Белдзяржуніверсітэта сёлета склаў сем чалавек на месца (летась — 6,4), паведамляе прэс-служба БДУ паводле вынікаў уступнай кампаніі.

Усяго ў ліцэй паступаў 1.651 чалавек, уключаючы 31 пераможцу рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. У 10-ты клас залічаныя 264 навучэнцы, з якіх будуць сфарміраваныя 12 класаў па 22 чалавекі. Восемдзесят працэнтаў залічаных — мінчане. Упершыню ў гісторыі навучальнай установы рэкамендаваныя да залічэння навучэнцы, якія вывучалі ў базавай школе кітайскую мову.

Найбольш запатрабаванымі ў абітурыентаў былі фізіка-матэматычныя класы, на паступленне ў якія было пададзена 649 заявак, а конкурс склаў 6,3 чалавека на месца. У філалагічныя класы спрабавалі паступіць 358 чалавек, хіміка-біялагічныя — 327, грамадазнаўчыя — 166, хіміка-матэматычны — 151.

Самы высокі конкурс быў зафіксаваны на рускім філалагічным кірунку — 11,3 чалавека на месца. 

Для паступлення на грамадазнаўчы кірунак сёлета неабходна было набраць 116 балаў, на рускі філалагічны — 123, на беларускі філалагічны — 142, на хіміка-біялагічны — 125, на хіміка-матэматычны — 124, фізіка-матэматычны — 115. 

У ліцэй БДУ могуць паступаць навучэнцы, якія пастаянна жывуць на тэрыторыі Беларусі і атрымалі сёлета агульную базавую адукацыю. Пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд (дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў), што праводзіліся Міністэрствам адукацыі ў гэтым навучальным годзе, залічаюцца без папярэдніх іспытаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?