Віна 34-гадовай мінчанкі, якая скінула трохгадовага сына з 12-га паверха, даказаная, мяркуе прадстаўнік пацярпелага, супрацоўнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Фрунзенскага раёна сталіцы.

Пра гэта яна заявіла 27 мая падчас судовага пасяджэння па справе маці, якая забіла сваё дзіця.

Чужы для сям'і чалавек выступае ў судзе ў якасці прадстаўніка пацярпелага, загінулага хлопчыка, бо яго бабуля адмовілася быць у статусе пацярпелай у судзе.

Прадстаўнік органа апекі мяркуе, што абвінавачаная павінна быць прыгавораная да пазбаўлення волі, «неабходна прымяніць строгае пакаранне», бо забойства было ўчыненае наўмысна, у стане алкагольнага ап'янення і заведама малалетняга.

У чыстасардэчным прызнанні, напісаным мінчанкай пасля ўчынення злачынства, яна заявіла, што раскайваецца ў тым, што зрабіла, і папрасіла суд не караць яе строга. Праўда, у судзе абвінавачаная растлумачыла, што пісала чыстасардэчнае прызнанне пад дыктоўку следчага. І менавіта ён параіў не пісаць просьбу да суда аб асуджэнні да вышэйшай меры пакарання.

Варта зазначыць, што 27 мая, на трэці дзень судовага працэсу, суддзі нарэшце ўдалося дабіцца ад абвінавачанай яснага поўнага прызнання сваёй віны.

Пасля абвяшчэння абвінавачання ў наўмысным забойстве малалетняга сына жанчына спачатку прызнала сваю віну поўнасцю, а потым заявіла, што не хацела забіваць дзіця, а хацела «сысці з ім».

Сёння падчас допыту прадстаўнік упраўлення адукацыі раённай адміністрацыі заявіла, што сям'я, у якой здарылася трагедыя, ні на якім уліку не знаходзілася, не была сацыяльна непаспяховай і чыноўнікі пра яе даведаліся толькі пасля таго, што адбылося. Нягледзячы на цяжкае фінансавае становішча, маці-адзіночка ў сацыяльныя службы не звярталася.

Адказваючы на пытанне суддзі аб сістэме набору супрацоўнікаў дзіцячых дашкольных устаноў (апошняе месца працы абвінавачанай — дзіцячы садок, памочнік выхавальніка), магчымым праходжанні імі тэставання, вывучэнні асаблівасцяў асобы, прадстаўнік упраўлення сказала, што памочнікаў выхавальніка набірае непасрэдна загадчыца.

І наогул кадраў не хапае, таму пра нейкае глыбокае вывучэнне асобы гаворка не ідзе.

Хаця, як зазначыла чыноўнік, «магчыма, і трэба было б». У любым выпадку работнікі дзіцячых садкоў праходзяць медкамісію з атрыманнем неабходных звестак з наркалагічнага і псіханеўралагічнага дыспансераў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?