Аргкамітэт па стварэнні Беларускай партыі працоўных падтрымаў вылучэнне лідара Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года.

Пра гэта паведаміў старшыня аргкамітэта Аляксандр Бухвостаў. 

Паводле яго слоў, у левых сілах апошнім часам «адбылася пэўная інтэграцыя». «Таму пасля рашэння з'езда партыі «Справядлівы свет» аб вылучэнні Калякіна кандыдатам у прэзідэнты мы сабралі аргкамітэт партыі, правялі пайменнае галасаванне і большасцю падтрымалі яго ўдзел у выбарах», — сказаў Бухвостаў. 

«Калякін — чалавек, які мае палітычны, кіраўнічы вопыт, розум, ён умее аналізаваць. У яго ёсць даныя, каб займаць пасаду прэзідэнта», — падкрэсліў ён. 

Бухвостаў разумее, што ў сітуацыі, калі сумленных выбараў няма, можна чакаць фальсіфікацый, выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу. «Гэта выклікае сумненні ў неабходнасці ўдзелу ў выбарах. Але гэта палітычная барацьба. Да таго ж правесці эфектыўны байкот выбараў асобна ўзятай партыяй ці кааліцыяй нельга», — сказаў ён. 

Бухвостаў таксама лічыць, што сабраць 100 тысяч подпісаў апазіцыйнаму кандыдату на выбарах гэтага года будзе вельмі цяжка. «Цяпер у апазіцыі наўрад ці знойдуцца сілы, якія змогуць іх сабраць. Але ёсць надзея: у Калякіна дзеючая партыя, у яе ёсць дастатковая колькасць людзей у рэгіёнах», — адзначыў ён. 

Рашэнне пра вылучэнне Сяргея Калякіна кандыдатам у прэзідэнты было прынята 24 мая на XVIII справаздачна-выбарным з'ездзе Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».

Аляксандр Бухвостаў у 1993—2004 гадах узначальваў Беларускую партыю працы. У жніўні 2004 года яна была ліквідаваная Вярхоўным судом на падставе прэтэнзій Мінюста да юрыдычнага адраса і колькасці арганізацыйных структур. Цяпер арганізацыя дзейнічае ў статусе аргкамітэта Беларускай партыі працоўных. 

Чарговыя прэзідэнцкія выбары павінны прайсці ў Беларусі не пазней за 20 лістапада. Найболей верагоднай датай іх правядзення ў ЦВК назвалі 15 лістапада. 

Пра намер вылучацца кандыдатамі ў прэзідэнты ўжо заявілі старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч і Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, першы намеснік старшыні грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) Алена Анісім, а таксама актывістка кампаніі «Гавары праўду», член Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Таццяна Караткевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?