Беларусь пакуль не гатовая да шчыльнай супрацы з Еўрасаюзам і пагаднення аб асацыяцыі. Пра гэта міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макейзаявіў у інтэрв'ю газеце The Washington Post.

«На гэтым этапе, я буду казаць адкрыта, мы не гатовыя да таго, каб гаварыць аб шчыльных адносінах з Еўрапейскім саюзам у выглядзе заключэння Пагаднення аб асацыяцыі, напрыклад», — паведаміў чыноўнік. Разам з тым кіраўнік беларускай дыпламатыі не выключыў, што больш шчыльныя адносіны з ЕС можа мець «гадоў праз 5, 10, 15. Калі Еўрапейскі саюз захаваецца як арганізацыя да таго часу».

У кантэксце ўкраінскага крызісу, адзначыў Макей, гаворка сёння ідзе пра захаванне і ўмацаванне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі і шэрагу іншых краін. Асновай палітычнай незалежнасці ён бачыць эканамічны суверэнітэт. «Таму мы зацікаўленыя ў тым, і мы гаворым пра гэта з нашымі еўрапейскімі партнёрамі, каб у нас былі нармальныя гандлёва-эканамічныя адносіны, у першую чаргу, з Еўрапейскім саюзам. Мы не толькі гаворым пра гэта, але і робім канкрэтныя меры», — зазначыў міністр.

Кіраўнік МЗС заявіў: «Мы не баімся, што нехта нападзе на Беларусь, але мы не хочам дапусціць эканамічнага калапсу». На яго думку, Беларусь працягне заставацца выспай стабільнасці ў рэгіёне, калі замежныя партнёры будуць супрацоўнічаць з ёй у гандлёва-эканамічнай сферы, каб Беларусь змагла спакойна прайсці крызіс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?