Заснавальнік Microsoft і самы багаты чалавек Зямлі ў інтэрв’ю Vox распавёў, што не баіцца падзення астэроіда ці ядзернай вайны — хутчэй чалавецтву пагражае глабальная эпідэмія.

У сучасных умовах эпідэмія накшталт эпідэміі іспанкі ў міжваенны час за 200 дзён заб’е 33 мільёны.

Калі паглядзець на графік чалавечых смерцяў за XX ст., можна пабачыць пікі у часы Першай сусветнай (як мінімум 26 млн ахвяр) і Другой сусветнай войнаў (як мінімум 65 млн). Але паміж імі будзе пік, параўнальны з Другой сусветнай — у 1918-1919-м іспанскі грып забраў каля 65 млн жыццяў.

Шанцы ядзернай вайны падчас свайго жыцця 59-гадовы Гейтс ацэньвае як вельмі нізкія. Вядомыя дзякуючы Галівуду сцэнары катастроф — падзенні астэроідаў, глабальныя землятрусы і вывяржэнні вулканаў — яшчэ менш імаверныя.

Хаця медыцына зрабіла за стагоддзе фантастычны скачок наперад, людзі сталі больш перасоўвацца па свеце, што дазволіць хваробам распаўсюджвацца хутчэй. Вынікі даследавання групы навукоўцаў, што прафінансаваў Гейтс, даюць страшныя лічбы: сучасная эпідэмія можа за 100 дзён забіць 770 тысяч чалавек, а за 200 дзён — 33 мільёны.

Да таго ж, у свеце існуе няроўнасць у ахове здароўя: калі амерыканскі ўрад траціць на здароўе чалавека па 8 тысяч даляраў на год, то Эрытрэя — толькі 20 даляраў.

***

Біл Гейтс траціць сотні мільёнаў даляраў на развіццё аховы здароўя. Адна з апошніх інвестыцый — 75 млн даляраў у сетку медустаноў у Афрыцы і Азіі дзеля барацьбы з дзіцячай смяротнасцю і прадухілення эпідэмій кшталту Эболы. Дзеля дабрачыннасці Гейтс гатовы піць ваду, здабытую з каналізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?