Як паведаміла 28 мая УУС Гродзенскага аблвыканкама, мужчына вечарам ішоў разам з сынам дамоў, калі да дзіцяці падбегла жывёла без намордніка і спужала яго.

Бацька, як у такіх выпадках і належыць, зрабіў гаспадару сабакі заўвагу, на што той адрэагаваў неадэкватна. 

Паводле інфармацыі начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Дзмітрыя Козела, паміж бакамі завязаўся канфлікт, падчас якога дайшло да рукапрыкладства. Гаспадар сабакі аказаўся больш удалым у кулачным баі. 

Пасля першага хука апанент прысеў на калені і надалей толькі абараняўся, прыкрыўшы галаву рукамі.

Пазбегнуць траўм удалося цаной зламанага пальца. Паводле заключэння судмедэксперта, у пацярпелага менш цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Распачата крымінальная справа. У дачыненні да падазронага складзены адміністрацыйны пратакол за выгул сабакі без намордніка. 

Што да цялесных пашкоджанняў, то, паводле версіі агрэсара, пацярпелы сам зламаў сабе палец, даючы здачы ў ходзе бойкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?