У «Нэвэрлэндзе». Фота: Jim Bartsch via Wall Street Journal

У «Нэвэрлэндзе». Фота: Jim Bartsch via Wall Street Journal

Агенцтва Sotheby's International Realty выставіла на продаж па цане ў 100 млн даляраў ранча Sycamore Valley Ranch ў Каліфорніі, ЗША, паведамляе The Wall Street Journal. Раней ранча мела назву «Нэвэрлэнд» і належала спеваку Майклу Джэксану.

Сядзіба мае 22 пабудовы на плошчы ў 11 км², у тым ліку 50-мясцовы кінатэатр, пажарную станцыю і чыгуначную станцыю, а таксама тэнісны корт, сажалкі і два возера.

Галоўны дом плошчай у 1100 м² мае 6 спальняў, два дома для гасцей маюць чатыры і дзве спальні. Адзначаецца, што парк атракцыёнаў і заапарк не прадаюцца, але пакупніку разам з сядзібай дастанецца лама. Славуты гадзіннік з кветак застаўся на сваім месцы.

Чыгуначная станцыя і кветкавы гадзіннік у «Нэвэрлэндзе» у 2001 годзе. Фота: Jason Kirk/Getty Images

Чыгуначная станцыя і кветкавы гадзіннік у «Нэвэрлэндзе» у 2001 годзе. Фота: Jason Kirk/Getty Images

У 1987 годзе Джэксан набыў ранча за 19,5 млн даляраў. Ён абставіў ранча як дзіцячы парк забаў ды назваў яго ў гонар казачнай краіны Пітэра Пэна. Штомесяц утрыманне «Нэвэрлэнда» абыходзілася спеваку ў 120 тысяч даляраў. У 2008 годзе, за год да смерці, ён прадаў ранча за 23 млн даляраў, каб кампенсаваць запазычанасці.

«Нэвэрлэнд» двойчы быў месцам педафільскіх скандалаў: у 1993 і 2003 годзе Джэксана абвінавачвалі ў непрыстойных дзеяннях у дачыненні да хлопчыкаў, што гасцілі ў спевака. У першы раз Джэксан заплаціў сям’і 22 млн даляраў (у 2009 годзе бацька хлопчыка прызнаўся, што абвінавачанне было фальшывым), у другі раз суд прызнаў Джэксана нявінным праз недастатковасць доказаў.

Суды праз дзяцей у «Нэвэрлэндзе» негатыўна паўплывалі на здароўе спевака, ён пачаў прымаць лекі ад стрэсу. Прычынай смерці Джэксана называецца перадазіроўка моцнага анастэтыка, лекар Джэксана быў прызнаны вінным у ненаўмысным забойстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?