Фота ТАСС.

Фота ТАСС.

30 мая прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ аб прызначэнні былога прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі кіраўніком адміністрацыі Адэскай вобласці. У гэты ж дзень Парашэнка афіцыйна прадставіў у Адэсе новага губернатара.

У ходзе прадстаўлення Саакашвілі назваў Адэсу горадам «з самымі вялікімі нявыкарыстанымі магчымасцямі» і паабяцаў пачаць працэс яе ператварэння ў «сусветны цуд». «Для мяне важна пачаць, бо гэта будзе доўгі працэс, рабіць з Адэсы галоўны горад, сталіцу Чорнага мора. Няма ў Чарнаморскім басейне горада, які па патэнцыяле можа канкураваць з гэтым цудоўным горадам», — цытуюць Саакашвілі ўкраінскія СМІ.

Паводле яго слоў, для прыцягнення ў горад турыстаў і інвестараў спатрэбяцца сур'ёзныя пераўтварэнні, новыя людзі і правілы. Саакашвілі дадаў, што яго мэта — аб'яднаць грамадства і стварыць грамадзянскую згоду вакол ідэі развіцця будучага, прыстойнасці і празрыстых правілаў для ўсіх.

Кандыдатуру Саакашвілі прапанаваў урад Украіны.

Прадстаўляючы новага кіраўніка, Парашэнка ахарактарызаваў яго як «незалежнага, рашучага чалавека, які змяніў Тбілісі».

«У шматнацыянальнай Адэскай вобласці трэба да кожнага знайсці свае словы», — сказаў Парашэнка, звяртаючыся да Саакашвілі і паўтарыў гэтыя словы на некалькіх мовах — украінскай, рускай, румынскай, балгарскай.

Парашэнка таксама дадаў, што адной з галоўных задач для Саакашвілі стане дэалігархізацыя, каб ва Украіне «больш не было алігархаў».

Сярод задач Саакашвілі таксама — барацьба з карупцыяй, забеспячэнне празрыстасці ў працы мытні і фіскальнай службы, абарона правоў грамадзян і дэмакратыі.

Таксама Парашэнка адзначыў: «Ва Украіне ёсць свой уласны шлях, але прыклад Грузіі дазволіць нам не наступаць на тыя ж граблі, змяняючы краіну».

Саакашвілі быў прэзідэнтам Грузіі два прадугледжаныя канстытуцыяй тэрміны, пасля чаго сышоў у адстаўку, а паўнамоцтвы прэзідэнта былі ўрэзаныя. У бытнасць прэзідэнтам Грузіі Міхаіл Саакашвілі імкнуўся развіваць адносіны з Беларуссю. Перад выбарамі 2010 года ён падтрымаў Аляксандра Лукашэнку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?