14 лютага актывісты грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» правялі ў Мінску акцыю, прымеркаваную да свята ўсіх закаханых.

Удзельнікі акцыі, якая праходзіла пад лозунгам «Падорым сэрца гораду Мінску», сабраліся ў 17.30 на перакрыжаванні вуліц Якуба Коласа і Сурганава. Каля 30 членаў БРСМ выклалі на абочыне сімвалічнае сэрца з 300 запаленых свечак. Маладыя людзі таксама раздавалі прахожым «валянцінкі» з надпісам «Мінск. 940».

«Нам не пашанцавала з надвор’ем — пачалася снежная бура. Але нягледзячы на гэта, акцыя ўсё ж адбылася», — пракаменціраваў БелаПАН мерапрыемства адзін з яго арганізатараў, сакратар мінскай арганізацыі БРСМ Дзяніс Прохар. Ён таксама паведаміў, што сёння актывісты арганізацыі наведалі дзіцячыя дамы, прытулкі, бальніцы, дзе выступалі з канцэртамі і дарылі дзецям ласункі.

Паводле слоў Д.Прохара, у бліжэйшых планах сталічнай арганізацыі БРСМ — правядзенне 23 лютага акцыі з нагоды Дня абаронца Айчыны, падчас якой плануецца павіншаваць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0