Была такая гісторыя. Жанчына-пенсіянерка ішла па пешаходным пераходзе. Ехаў кіроўца на аўтамабілі, які належыць прадпрыемству, дзе ён працаваў. У аўтамабілі былі няспраўныя тармазы, а кіроўца быў падслепаваты, і павінен быў быць у лінзах ці акулярах. Жанчыну збіў, яна загінула. Быў суд, кіроўцу пакаралі пазбаўленнем волі з адтэрміноўкай выканання пакарання. 

Дачка загінулай падала зыск да прадпрыемства, якому належыць аўтамабіль, каб сплацілі ёй матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды — 500 мільёнаў. Раённы суд спыніўся на лічбе ў 100 мільёнаў, маўляў, 500 — зашмат. Дачка абскардзіла рашэнне раённай інстанцыі ў абласной. У абласным судзе было так. 

Прадпрыемства (па-ранейшаму — саўгас, які займаецца вырошчваннем гародніны і садавіны) адмовілася павялічыць суму матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды. Патлумачылі сваю пазіцыю тым, што дачка не вельмі і гаруе па маці-нябожчыцы. Маўляў, і 100 мільёнаў хопіць за вочы! Не так-то яна і пакутуе, не на 500 мільёнаў. Нават у шпіталь не звярталася. Недзе яны нават заўважылі ці ўбачылі, што жанчына мала праяўляе эмоцый, мала плача. І гэта пайшло ёй у папрок на судзе. 

Заяўніца адказала, што плача яна мала, бо п'е заспакаяльныя сродкі «Новапасіт» — раз. Была ў святара, і ён не раіў плакаць — два. «Святар мне сказаў, што нябожчыкам не патрэбныя нашы слёзы, і плакаць ён не рэкамендаваў», — дадала жанчына. 

Тады прадстаўнікі саўгасу сказалі, што не могуць ёй такую суму выплаціць, таму што гаспадарка бедная і мае 15 мільярдаў крэдыторскай запазычанасці. З чаго, маўляў, плаціць, мы і так у мінусе! І заробкі малыя ў гаспадарцы — каля 3,5 мільёна. Тут жа на судзе сядзеў і вінаваты ў ДТЗ, прадстаўнікі саўгасу апелявалі да яго — вось ён наогул зараз 2,5 мільёна атрымлівае. Той падхапіўся і паправіў адміністрацыю: «Не два з паловай, а два мільёны сто, і гэта толькі бруднымі!». 

Тады жанчына, што падала касацыйную скаргу, парыравала, што не такое прадпрыемства беднае і няшчаснае, як прэзентуе сябе ў судзе. У першым квартале маюць запазычанасці — што натуральна для сельскай гаспадаркі, а ў трэцім ці чацвёртым квартале, калі збяруць ураджай — будуць пры грашах. 

Прадстаўніцу саўгасу такая заява абурыла, і яна сказала, што да чацвёртага кварталу ў гаспадарцы будзе ўжо не 15 мільярдаў запазычанасці, а ўсіх сто мільярдаў — з мінусам, канечне. 

Тады жанчына сказала, што яна пасівела ад гора, і прапанавала суду прадэманстраваць свае сівыя валасы — як доказ пакут. Суд аднёсся да такой прапановы стрымана. «Я цяпер вымушана часцей фарбаваць валасы з-за сівізны, а часцей фарбую — дык яны выпадаюць, і мне трэба іх лячыць! На гэта грошы таксама трэба!», — патлумачыла пацярпелая. 

Яшчэ яна дадала, што з-за трагедыі вымушана была шукаць новую працу, бо на мінулай працы яе ўсе шкадавалі і такім чынам не давалі забыць пра трагедыю, і яна зноў пакутавала праз тое шкадаванне. 

А прадстаўніца саўгасу ў сваёй прамове ўсё выбачалася перад жанчынай і зноў казала пра крэдыторскую запазычанасць у 15 мільярдаў і пра тое, што «сто мільёнаў — нармальная сума». Суддзя запыталася ў прадстаўніцы адказчыка: а вы не прапаноўвалі кампенсаваць пацярпелай маральную шкоду прадукцыяй? «Ды радзі Бога! — адказала прадстаўніца саўгасу. — Па сабекошце, канечне можам». «А бясплатна?» — спыталася суддзя. «Яны не згодзяцца, напэўна», — задумалася прадстаўніца саўгасу. 

Уявіце сітуацыю: жанчыне кампенсуюць смерць маці некалькімі грузавікамі зялёнага гарошку, памідораў і агуркоў. О так прывязуць і ў двор выгрузяць. 

У залі сядзеў і вінаваты ў аварыі. Суддзя зацікавілася і яго асобай, спыталася — чаму не праверыў тармазы перад дарогай?

«Як я магу праверыць, калі іх не бачна? А ямы, каб загнаць на яе машыну і паглядзець — што там унутры, у нашай гаспадарцы няма», — развёў рукамі чалавек. 

«Вы што — кепска бачыце?», — усё пыталася суддзя. «Чаму? Добра я вас бачу. — А чаму тады жанчыну на дарозе не ўбачылі? — Таму што мне тады зуб вырвалі, прычым здаровы зуб, а не хворы. — Прычым тут зуб?! — Таму што ён мне балеў, так балеў, што вочы слязіліся, вось я жанчыну і не ўбачыў!». 

Суддзі пайшлі раіцца. Ну і параіліся, што сто мільёнаў, па словах прадстаўніцы саўгасу — «нармальная сума». А 500 мільёнаў — ненармальная. Таму рашэнне прынялі на карысць саўгасу. 

Добра, што не агуркамі і яблыкамі кампенсавалі маральную шкоду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?