Даведнік пра Беларусь выйдзе ў самай папулярнай серыі гідаў у Расіі. Серыя «Аранжавы гід» выдавецтва «Эксмо» ахоплівае вялікую колькасць краін свету. «Наша Ніва» пагутарыла з аўтаркай і куратаркай даведніка па Беларусі Святланай Кірпай.

«Наша Ніва»: Як даўно ўзнікла жаданне напісаць даведнік па Беларусі?

— У 2012 годзе, калі мы з Ганнай Мігіц — куратарам праекта — канчалі аналагічны даведнік па Польшчы. У рамках серыі ёсць даведнікі па Германіі, Францыі, Турцыі, Чарнагорыі, нават па Афрыцы, а вось пра Беларусь на той момант нічога не было. Мы прапанавалі нашу ідэю, і яе падтрымалі ў Маскве. Так усё пачалося.

«НН»: Як доўга вы над ім працавалі?

— Амаль тры гады. Доўга! Пакуль я пісала тэкст, Ганна сышла ў дэкрэтны адпачынак. Перад тым яна прапанавала мне заняць яе пасаду ў выдавецтве «Айдыёномікс», якое працуе з «Эксмо» на беларускім рынку. Я пагадзілася. Так я стала не толькі аўтарам гэтага праекта, але і яго куратарам. На другім этапе працы я кантралявала вёрстку, адмалёўку мапаў, вяла перамовы з маскоўскімі замоўцамі. Але абставіны склаліся так, што сканчаць гэтую працу прыйшлося ўжо трэцяму чалавеку. Напрыканцы восені я сышла на іншую работу, а даведнік у якасці куратара дарабляла Марыя Кукліс. Ёй дастаўся таксама складаны этап — унесці ўсе папраўкі замоўцы і давесці даведнік да друкарні. Але, на мой погляд, Маша выканала сваю працу бліскуча, і вось мы можам патрымаць у руках вынік усіх нашых намаганняў.

«НН»: Як была арганізавана работа і хто вам дапамагаў?

— Паколькі я была не толькі аўтарам, але і куратарам даведніка па Беларусі, я прайшла з ім усе этапы, пачынаючы ад зместу і канчаючы карэктурай. На пачатку стварэння тэксту мне дапамагала шмат людзей: Ганна Бадзяка і Ганна Нежавец працавалі над практычнай часткай даведніка, удакладнялі адрасы і тэлефоны гатэляў, музеяў і кавярань, Алена Мацкевіч распрацоўвала маршруты велападарожжаў. Гатовыя часткі рукапісу па абласных гарадах я адсылала сябрам, якія адтуль родам. Яны былі не толькі самымі жорсткімі крытыкамі, але і дапамагалі з практычнай інфармацыяй: як называецца прыпынак аўтобуса, побач з якім знаходзіцца тая ці іншая выдатная мясціна горада, як прасцей да яе праехаць. Так, частку пра Гародню дапамагаў рэдагаваць выкладчык ЕГУ Сцяпан Стурэйка, над Магілевам мы працавалі разам з кандыдатам гістарычных навук Аленай Паддубскай, Гомель даследавалі разам з Вольгай Хаміцэвіч. Частку рукапісу па Брэсце праглядала карэспандэнтка брэсцкай «Вячоркі».

Калі мы сталі перад праблемай недахопу на фотастоках фотаздымкаў Беларусі, я пачала шукаць фатографа. Так выпадкова мы пазнаёміліся з Андрэем Дзмітрыевым, фотаздымкі якога зрабілі наш даведнік яшчэ лепшым. Карты маршрутаў маляваў Зміцер Былкін. А рэдактарам, які ўклаў у даведнік сіл не менш за аўтараў, была Аліна Галаскок. Ёй асабліва дзякую за цярпенне і вельмі карпатлівую працу. Вярстала кнігу Таццяна Сачкова, якой таксама хацела б выказаць словы падзякі.

«НН»: Як увогуле пішуцца такія даведнікі?

— У кожнага сучаснага кніжнага праекта існуе свой куратар, які атрымлівае ад замоўцы працоўную назву будучай кнігі, схематычна накіданы канцэпт, пажаданні аб макеце вёрсткі і звесткі аб фармаце выдання. Куратар працуе з усімі ўдзельнікамі працэсу ад аўтара да вярстальніка. Калі аўтар піша кнігу «з поклічу сэрца», ён вольны ствараць яе такой, якой бачыць сам. Іншая справа кніга на замову. Мэта куратара — пракантраляваць, каб аўтар напісаў менавіта тое, што патрэбна замоўцы. Часам гэта бывае зусім няпроста.

Калі рукапіс напісаны і аздоблены фотаздымкамі, ён ідзе да рэдактараў, а ад іх — да вярстальнікаў. На апошнім этапе куратар праглядае вёрстку, пры неабходнасці ўносіць свае праўкі. Сканчае працу карэктар, які ўжо па чарнавой раздрукоўцы кнігі праглядае тэкст.

Важны этап — ухваленне гатовага праекта ў замоўцы. Часам погляд замоўцы на тое, якая павінна быць кніга, можа адрознівацца ад таго, якой бачылі кнігу яе стваральнікі. Так, падчас працы над даведнікам па Беларусі, мы былі вымушаны цалкам прыбраць адзін маршрут і дадаць іншы, які першапачаткова ўвогуле не планавалі.

«НН»: Як вы лічыце, ці будзе гід запатрабаваны?

— Безумоўна. Але трэба памятаць, што даведнік арыентаваны перш за ўсе на расійскага чытача, які прыязджае ў Беларусь на выходныя ці ў санаторый. Там вы не знойдзеце занадта «эксклюзіўнай» інфармацыі. Мне падаецца, там увогуле няма нічога такога, чаго б не ведаў кожны адукаваны і захоплены сваім краем беларус. У даведніку шмат практычнай інфармацыі, у тым ліку адрасы і тэлефоны санаторыяў, аграсядзіб і гасцініц.

Месца для саміх маршрутаў было не так шмат, як хацелася б. Але я імкнулася, распавядаючы нават пра вельмі банальныя для беларусаў рэчы, расказаць расійскаму чытачу трошкі больш пра нашу краіну, паказаць як мы самі бачым нашу гісторыю, нашы гарады, пагаварыць аб тым, што мае значэнне для саміх беларусаў. Спадзяюся, што ўрэшце, нягледзячы на давалі «папсовы» выбар маршрутаў, нам гэта ўдалося.

«НН»: Што было самым складаным падчас напісання?

— Пошук практычнай інфармацыі. Калі я пісала даведнік па Польшчы, з гэтым увогуле не было ніякіх праблем. Адрасы, цэны на квіткі ў музеі, расклады руху транспарту, час работы кавярань — усе можна было знайсці ў інтэрнэце. А паспрабуйце ў нас адшукаць, колькі каштуе квіток у які-небудзь музей у абласным цэнтры. Нават калі нешта знойдзеце, то гэта будзе падазрона нізкая цана, відавочна якога-небудзь 2008 года. На шчасце, з тэлефонамі справа ў нашай краіне лепш, чым з інтэрнэтам. Брала трубку і тэлефанавала, пытала, запісвала. Але пры гэтым добра разумела, што пакуль мы пройдзем усе этапы працы, цэны яшчэ дзесяць разоў паспеюць змяніцца і прыйдзецца пасля зноў тэлефанаваць і пытацца. Усё занадта хутка мяняецца.

«НН»: Ці адкрылі вы для сябе самой новую Беларусь?

— Асабіста я — не. У нашым даведніку няма інфармацыі, напрыклад, пра руіны манастыра картэзіянцаў у Бярозе ці пра неагатычны касцёл у Гервятах. Толькі самае асноўнае. Нашай мэтай было расказаць расійскаму турысту, што ён можа паглядзець у Гародні за адзін дзень, што ёсць цікавага ў Берасці, акрамя Брэсцкай крэпасці, і што можа наведаць падчас «Славянскага базару» ў Віцебску.

«НН»: Ці ёсць у вас любімыя месцы ў Беларусі?

— Як бы гэта банальна ні гучала, але я вельмі люблю Нясвіж. Для мяне гэта своеасаблівае месца сілы. Я памятаю часы, калі вежа Марылі была абвітая плюшчом, а равы зацягнутыя зялёнай раскай. Гэта было дрэнна для стану замка, але тая закінутасць стварала нейкую асаблівую рамантычную атмасферу. Але я не скарджуся. Мне і цяпер усё падабаецца. Добра, што замак жыве.

Яшчэ люблю Полацк і край Браслаўскіх азёраў, мне добра на Мядзельшчыне і ў Ракаве, цудоўна бывае з’ездзіць на выходныя ў Гародню ці завітаць у Наваградак. Падарожнічаць заўсёды добра, а калі ўмець пры гэтым чытаць у кожным мястэчку, у кожным лясочку нашы беларускія культурныя коды, тады любое падарожжа набывае асаблівы сэнс і смак.

«НН»: Можаце назваць топ-5 месцаў, якія варта наведаць беларусу?

— Напэўна, я не ўзяла б на сябе такую смеласць. Хоць у нас у даведніку і ёсць раздзел топ-5 рэчаў, якія трэба зрабіць у Беларусі.

Топ-5 кожны беларус стварае сам. Для аднаго чалавека самыя знакавыя месцы звязаны з гісторыяй, для другога з прыродай. Я, напрыклад, вельмі люблю сасновыя лясы пад вёскай Палонка. Там шмат лецішчаў жыхароў гораду Баранавічы, з якога я родам. У дзяцінстве я любіла там бегаць і ўяўляць, што недзе тут (можа за той сасной?) адбылася знакамітая бітва пад Палонкай XVII стагоддзя, марыла, што знайду ў агародзе нашага лецішча скарб якога-небудзь казака. Палонка дакладна для мяне ўвайшла б у топ-5. Але толькі для мяне.

Кожны рэгіён, кожны раён мае свае асаблівасці, сваю гісторыю, сваю атмасферу. Але па кнігах і артыкулах гэта складана ўявіць. Трэба збірацца і ехаць, шукаць і знаходзіць свае топ-5,сваю Беларусь, бо насамрэч лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?