Паводле інфармацыі, якой валодае «Пэрспэктыва», стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў будуць павялічаны ад паўтара да двух разоў.

У хуткім часе стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) будуць перагледжаны, паведаміў 14 лютага БелаПАН старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. Паводле яго слоў, пра гэта было заяўлена на пасяджэнні рабочай групы па падрыхтоўцы прапаноў для вырашэння праблемных пытанняў дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў пры Міністэрстве эканомікі, на якое ён быў запрошаны ў якасці члена групы.

Паводле слоў лідэра «Перспектывы», прадстаўнікі Міністэрства па падатках і зборах паведамілі, што «стаўкі будуць пераглядацца мясцовымі саветамі народных дэпутатаў і падводзіцца да ўзроўню падаткаабкладання юрыдычных асоб».

«Паводле інфармацыі, якой валодае «Перспектыва», стаўкі падатку будуць павялічаны ад паўтара да двух разоў. На мой погляд, гэта робіцца для таго, каб стымуляваць ІП пераходзіць у прыватныя унітарныя прадпрыемствы», — сказаў А.Шумчанка.

Лідэр «Перспектывы» праінфармаваў, што падчас пасяджэння рабочай групы, куды апрача ІП былі запрошаны прадстаўнікі прыватных унітарных прадпрыемстваў (ПУП) з рэгіёнаў, была прызнана нездавальняючай праца гарачых ліній, арганізаваных у міністэрствах і аблвыканкамах. Як зазначалі прадпрымальнікі, яны не атрымліваюць дакладных адказаў на пытанні, што іх цікавяць, іх адпраўляюць або ў іншыя ведамствы, або адказваюць дзяжурнымі фразамі.

Вялікую крытыку ў ІП выклікала спрошчаная сістэма бухгалтарскага ўліку, створаная для ПУП.

«Самі прадстаўнікі ПУП сказалі, што прапанаваная ім спрошчаная сістэма бухуліку не можа працаваць з‑за складанасці агульнага падаткаабкладання. Больш за тое, яны сутыкнуліся з тым, што няма такіх першасных дакументаў бухгалтарскага ўліку, як кніга даходаў і расходаў», — зазначыў лідэр прадпрымальніцкага руху.

Каментуючы вынікі пасяджэння рабочай групы, А.Шумчанка сказаў:

«І індывідуальныя прадпрымальнікі, і прадстаўнікі прыватных унітарных прадпрыемстваў салідарныя ў тым, што эканамічныя і заканадаўчыя ўмовы для вядзення малога бізнесу ў Беларусі не створаны».

Наталля Кароткая, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0