Нядаўна Беларусь уступіла ў Балонскі працэс. Кажуць, што авансам. Ці зможа наша адукацыйная сістэма скарыстацца гэтай магчымасцю і выйсці на еўрапейскі ўзровень?

…Сёння я апынулася ў чытальнай зале перакладчыцкага факультэта МДЛУ. Кінуўшы позірк на стэнд з газетамі ды часопісамі, адразу ўбачыла сярод звыклых дзяржаўных выданняў расейскую газету «Слово». Дарэчы, больш расейскай прэсы на стэндзе не было, толькі беларуская.

Разгарнула і здзівілася: тут і «великий Сталин», і руская вясна (усё доўжыцца, па меркаванні яе прыхільнікаў), і нейкія «неабандэраўцы», і — самы смак — «мемуары» тэрарыстаў пад аднабока-гераічным соусам пуцінскай прапаганды. Дык праект «Наваросія» ўжо не існуе, эксперымент жа скончыўся…

Такім чынам, у сталічным ВНУ, наўпрост у чытальні, можна бесперашкодна даведацца пра апошнія навіны… Адкуль, вы думалі?

Ды не проста даведацца, а атрымаць сваю дозу імперскай мікстуры, клапатліва выпісанай з Масквы загадчыкам ін’язаўскай бібліятэкі.

На пытанне, хто складае падпіску, лабарант адказала так: «Наш галоўны бібліятэкар складае гэты спіс. Але кожны факультэт сам замаўляе сабе газеты, якія лічыць патрэбнымі». Яе словы прагучалі не надта ветліва. «Прабачце, а дзеля якой мэты Вы цікавіцеся?»

…І сапраўды. Якая мэта? Ды проста праз чытальную залу факультэта кожны дзень праходзяць сотні замежных студэнтаў ды дзясяткі выкладчыкаў: з Амерыкі, Еўропы, Азіі. І мяне абсалютна не павінна турбаваць, што, узяўшы свежы нумар «Слова», яны ўбачаць здзек з самога факта (!!!) незалежнасці суседняй Украіны: пахабныя «анекдоты», за якімі насамрэч стаяць загубленыя жыцці людзей.

 

Што прачытае наш госць, захоплены вывучэннем рускай мовы і культуры? Як абараняць вялікую дзяржаву ад «жыдамасонаў»?

 

Чаму пасля анексіі Крыма жыць там стала лепей, жыць стала весялей?

 

Ці, можа, чытач атрымае эстэтычную асалоду ад вершыкаў кшталту «абамка-абезьянка»?

 

А, магчыма, яму будзе цікава даведацца, з якой чарговай ініцыятывай выступілі лімонаўскія нацболы?

 

А вось выказванне-перл, залатое правіла лінгвіста: «Русский язык – самый лучший и богатый язык на свете».

 

«Гэта не тое, што я марыў вывучаць, не тая культура», — зробіць высновы адэкватны замежны студэнт. 

Разумны чалавек задумаецца: чаму гэткія выданні распаўсюджваюцца ў Беларусі, дый яшчэ ў асветніцкім цэнтры? Чым кіруецца бібліятэка МДЛУ, замаўляючы «Слова»? І калі ватная макулатура спакойна ляжыць на паліцах, чаму адсутнічае незалежная альбо апазіцыйная прэса?

Я прыйшла да Ларысы Іванаўны, загадчыцы бібліятэкі alma mater, у надзеі атрымаць адказ:

— Мяне як грамадзянку Беларусі крыўдзяць некаторыя рэчы ў гэтай газеце, лічу, што ва ў універсітэтах распаўсюд прапаганды не можа мець месца. Зазірніце ў любы артыкул – спрэс «русскій мір»!

Жанчына паглядзела на мяне, быццам бы ўбачыла цуд прыроды.

— Ой, праўда?! Дзякуй, што сказалі. На наступнае паўгоддзе адмовімся ад падпіскі!

Вось як проста, аказваецца. А калі «адмовімся» — значыць, хтосьці прапануе?

Думаю, бібліятэкарка не захацела падымаць гоман вакол тэмы.

Няма чаго здзіўляцца – у тым жа МДЛУ працуюць вельмі цікавыя выкладчыкі.

Я памятаю, як загадчык кафедры філасофіі, дацэнт Баранаў, прымаў у мяне залік па дысцыпліне «Сацыялогія грамадскай думкі». У якасці прыкладу праяўлення грамадзянскай актыўнасці я прыводзіла падзеі на Майдане, прычым з нейтральнага пункту гледжання. У адказ пачула агрэсіўны тон: «Мала ім было! «Беркут», кажаш, страляў?!» — дацэнт узняўся над партай — «Дык я сам «Беркут»! Я маёра атрымаў у Данецку, яшчэ ў васьмідзясятых! Уся мая сям’я адтуль!» Калі я задала лагічнае пытанне, ці гатовы ён сёння пры любой пагрозе абараняць Радзіму, незалежную Рэспубліку Беларусь, яе народ, яе прэзідэнта, той замяўся, а пасля выпаліў: «Бела – русь… што заўгодна… Русь я гатовы абараняць! А з прэзідэнтам я шмат у чым не згодны… Ідзіце, таварыш журналіст». І сунуў мне залікоўку.

Толькі ўчора такія сацыёлагі заганялі студэнтаў у БРСМ. Цяпер ён, бач ты, не згодны.

Сяргей Даўлатаў калісьці пісаў: «сказались тенденции исторического процесса».

На заліку па рэлігіязнаўстве мой ужо падрыхтаваны мозг зноў апрацоўвалі, пры гэтым ужываючы словаспалучэнні «духовные скрепы», «міровая закуліса», час ад часу ўзгадваліся любімыя «бандэраўцы»… 

Дзякуй Богу і Балонскаму працэсу, не ўся прафесура такая. Сярод выкладчыкаў МДЛУ ёсць годныя людзі і сапраўдныя прафесіяналы слова.

Іх час яшчэ прыйдзе, а пакуль што — вось вам гарэзлівая ўсмешка Сталіна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0