Новы дакументальны фільм пра вайсковае ўварванне ў Чэхаславакію ў жніўні 1968 года, паказаны ў эфіры тэлеканала «Расія 1», выклікаў гнеў урадаў Чэхіі і Славакіі, якія абвінавацілі Маскву ў спробе перапісаць гісторыю.

У жніўні 1968 года ў Прагу ўвайшлі танкі краін — удзельніц Варшаўскай дамовы. У ходзе падаўлення вайскоўцамі выступаў прыхільнікаў ліберальных рэформаў загінулі больш за сто грамадзян Чэхаславакіі.

Аўтары фільма, які выйшаў у эфір 23 мая, кажуць, што «мэтай ўводу войскаў у Чэхаславакію было прадухіленне ваеннага перавароту, які падтрымліваўся Захадам».

Чэшскі ўрад выклікаў ў МЗС расійскага амбасадара. Як адзначыла прэс-сакратар МЗС Чэхіі Міхаэла Лагронава, кіраўнік чэшскага МЗС лічыць, што гэты фільм «уводзіць у зман».

Славакія выказала афіцыйны пратэст у сувязі з паказам дакументальнай стужкі.

У фільме, як гаворыцца ў заяве уладаў Славакіі, уварванне савецкіх войскаў прадстаўлена як дружалюбны крок з мэтай абароны краіны ад патэнцыйнай пагрозы.

У МЗС Славакіі падкрэслілі, што настойваюць на «павазе праўды», асабліва ў кантэксце «вялікай трагедыі для Чэхаславакіі і яе грамадзян».

«Мы ўпэўненыя, што расійскія ўлады прымуць неабходныя меры для прадухілення скажэнняў у гэтай трагічнай главе ў гісторыі славацка-расійскіх двухбаковых адносінаў», — гаворыцца ў заяве на сайце знешнепалітычнага ведамства краіны.

Нядоўгая «Пражская вясна»

Ліберальныя рэформы ў Чэхаславакіі працягваліся са студзеня па жнівень 1968 года. На чале пераменаў, якія засталіся ў гісторыі як «Пражская вясна», стаяў лідар Камуністычнай партыі Аляксандр Дубчак. Пры ім была змякчана цэнзура ў СМІ, меркавалася, што ў краіне будзе створаны сацыялізм з чалавечым тварам.

Але савецкае кіраўніцтва адрэагавала адпраўкай у Чэхаславакію 2 тысяч танкаў і за пяцьсот тысяч вайскоўцаў, сярод якіх былі прадстаўнікі армій краін Варшаўскай дамовы (акрамя Румыніі). Пачаліся сутыкненні, ахвярамі якіх сталі больш за сто чалавек.

У фільме «Варшаўскі дагавор. Рассакрэчаныя старонкі» гаворыцца пра тое, што ваенны блок на чале з Савецкім Саюзам быў чыста абарончай арганізацыяй, што супрацьстаяў агрэсіўнаму НАТА.

Аўтары дакументальнай стужкі сцвярджаюць, што пад прыкрыццём легенды аб мірным грамадзянскім паўстанні з рамантычнай назвай «Пражская вясна» быў узброены пераварот з падтрымкай ад НАТА.

У фільм уключаныя кадры з прапагандысцкага фільма савецкага часу, знятага па слядах уварвання, а таксама сведчанні члена Дзярждумы ад Камуністычнай партыі РФ Юрыя Сінельшчыкава, што быў у той час вайскоўцам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?