Беларусь сутыкаецца з перашкодамі пры пастаўцы харчовай прадукцыі ў краіны Еўрасаюза, паведаміў журналістам 2 чэрвеня ў Мінску міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.

Паводле яго слоў, сёння пяць беларускіх прадпрыемстваў сертыфікаваныя для паставак прадукцыі на еўрапейскі рынак. «Напрыклад, «Савушкавы прадукт» пастаўляе малочную прадукцыю. Але вельмі цяжка туды ідзе прасоўванне нашага тавару. Не па якасці, а ў сувязі з пошліннай аховай. ЕС з мэтай аховы свайго вытворцы загарадзіўся вялікімі пошлінамі. Наш тавар паводле азначэння не праходзіць па цэнавым фактары», — сказаў міністр. 

Заяц таксама паведаміў пра вынікі нядаўняга візіту ў ЗША (17—21 мая) дэлегацыі Мінсельгасхарча, якую ён узначальваў. «Мы акрэслілі пэўныя пазіцыі, якія павінны прасоўваць на рынак ЗША. Гэта 11 пазіцый, сярод якіх малочная, віна-гарэлачная прадукцыя, кандытарскія вырабы, пушныя вырабы, лёнавыя тканіны і гатовыя вырабы з лёну», — сказаў міністр. Паводле яго слоў, тавараабарот прадукцыі сельскай гаспадаркі пакуль невялікі — 2,5 млн. долараў. «Але мы бачым: ЗША — магутны, глабальны рынак, на які нам неабходна выходзіць», — падкрэсліў кіраўнік Мінсельгасхарча. 

Сёлета, паводле яго слоў, пастаўленая задача — забяспечыць прыток валюты ад экспарту харчовай прадукцыі ў памеры не меншым за 7 млрд. долараў.

«Гэта вельмі сур'ёзная, амбіцыйная лічба, але мы працуем у гэтым кірунку», — сказаў Заяц. Ён выказаў надзею на тое, што згаданы аб'ём экспарту будзе дасягнуты, «як бы цяжка ні ішла рэалізацыя прадукцыі». «Гэта звязана са знешнімі фактарамі, якія ад нас не залежаць», — растлумачыў міністр, адзначыўшы дэвальвацыю валюты ў Расіі і Казахстане, партнёрах Беларусі па Еўразійскім эканамічным саюзе. 

Пры гэтым Заяц падкрэсліў, што асноўным рынкам была і застаецца Расія.

«Гэты рынак больш прэміяльны, больш аб'ёмны, больш маштабны. Мы даражым гэтым рынкам і ўсяляк будзем імкнуцца замацавацца на ім», — заявіў міністр.

Разам з тым, паводле яго слоў, адбываецца дыверсіфікацыя паставак — на рынкі Блізкага Усходу, Азіі, Амерыкі. На рынкі трэціх краін з пачатку года аб'ём экспарту вырас на 8%. «Гэта нас не задавальняе, але мы знаходзімся ў пошуках больш глабальных рынкаў, напрыклад Кітая», — зазначыў Заяц. Паводле яго слоў, сертыфікаты на пастаўку прадукцыі ў КНР ужо атрымалі 15 беларускіх прадпрыемстваў. 

Што да ўнутранага рынку, то, як запэўніў міністр, у Беларусі вырабляецца дастаткова прадукцыі для забеспячэння яго патрэбаў. На экспарт жа пастаўляецца 55% ад агульнага аб'ёму вытворчасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?