З жніўня 2014 года ў Расіі дзейнічае забарона на імпарт харчавання з Еўрасаюза, ЗША, Канады, Аўстраліі і Нарвегіі. У «чорны спіс» патрапілі мясныя і малочныя прадукты, рыба, гародніна і садавіна. Па ацэнках экспертаў, агульны гадавы аб’ём імпарту, які трапіў пад санкцыі, складае $9 мільярдаў.
Расія не можа сваімі сіламі задаволіць унутраны попыт на харчаванне, таму мясцовыя прадаўцы шукаюць шляхі абыходу эмбарга. І беларусы гатовыя ім у гэтым дапамагчы.
Блогер iva-dim знайшоў цікавыя несупадзенні, параўнаўшы дадзеныя беларускай статыстыкі і нашых гандлёвых партнёраў.
Возьмем яблыкі. У 2013 годзе Беларусь імпартавала 181 тысяч тон гэтага тавару. А летась апетыты «раптоўна» выраслі. Імпарт яблыкаў павялічыўся да 415 тысяч тон.
Асноўнымі пастаўшчыкамі імпартных яблыкаў для Беларусі традыцыйна былі палякі, але іхняя прадукцыя стала для Расіі забароненай. Затое яблыкі з краінаў за межамі Еўрасаюза расейцы гатовыя купляць неабмежавана. Беларускія пастаўшчыкі адрэагавалі імгненна.
Паводле дадзеных Белстата, было набыта яблыкаў з Сербіі на $14,4 мільёна. Вось толькі тамтэйшая статыстыка налічыла паставак толькі на $1,4 мільёна.
Падобная сітуацыя з Чылі. Беларусы закупілі там мясцовых яблыкаў на $9,1 мільёна, вось толькі чылійцы… не прадавалі іх у нашу краіну.
Македонія — таксама выгадны варыянт. Да 2014 года яблыкі з гэтай краіны не пастаўляліся ў Беларусь, затое летась прыехала прадукцыі ажно на $6,4 мільёна. Але македонская статыстыка пра гэта не здагадваецца.
Расейцы выкарыстоўваюць перавагі краін за межамі Еўрасаюза і наўпрост, без беларускіх пасярэднікаў. З той самай Македоніі выехала яблыкаў на $1,4 мільёна, а прыехала — на $4,1 мільёна.
Расія нібыта спрабуе абмежаваць дзіўныя пастаўкі. Месяц таму Рассельгаснагляд абмежаваў імпарт яблыкаў з «дазволенай» Сербіі. «Пад выглядам сербскіх яблыкаў кампаніі масава завозяць рээкспартныя фрукты з Еўрасаюза», — паскардзіліся чыноўнікі.
Аднак схема працягвае працаваць. Прымітыўна, але эфектыўна.