Аляксандру — 37 гадоў. Дваццаць з іх ён правёў у служэнні Богу. Быў паслушнікам, інакам, манахам, іерадыяканам, іераманахам. Прапаноўвалі зрабіць ігуменам, але ён адмовіўся. Будаваў цэрквы, быў настаяцелем у вёсцы. А потым — сышоў…

Жыццё з Богам…

Аляксандр нарадзіўся ў мястэчку Камарын Гомельскай вобласці. Рос без бацькі. Потым паступіў у політэхнічны тэхнікум на электрыка, перабраўся ў Гомель.

«У маладосці заўсёды ёсць патрэба ў сэнсе жыцця, у мэце. І мяне цікавіла: дзеля чаго я жыву? І так выйшла, калі я вучыўся ў тэхнікуме, разваліўся атэістычны СССР, пачалі адраджаць храмы. І мне здавалася, што царква і ёсць тая аснова, да якой трэба імкнуцца, бо яна прайшла праз столькі ганенняў і зняваг і выстаяла. З аднагрупнікамі мы пачалі наведваць царкву, маліцца, чымсьці дапамагаць, — расказвае Аляксандр. — Усе падлеткі максімалісты: калі нечым захапляешся, дык аддаешся цалкам. Увогуле, шчырая вера ў Бога вельмі падобная да закаханасці: калі кахаеш, то гатовы на ўсё, так і тут».

Але, акрамя аднагрупнікаў новае захапленне хлопца ніхто не падтрымаў.

Сям’я ў яго была абсалютна не рэлігійная, і маці катэгарычна была супраць яго дачыненняў з Богам. Для яе гэта было дзікунства. Нават настаўніца, класны кіраўнік з тэхнікума, спрабавала адгаварыць свайго навучэнца, але нічога не выйшла.

«Падчас вучобы якраз адкрыўся гомельскі Свята-Мікольскі мужчынскі манастыр, і мяне таксама запрашалі туды. Хутка я ўжо заставаўся ў манастыры і на ноч, — кажа Аляксандр. — Там былі хлопцы, мае аднагодкі, няшмат, але нас аб’ядноўвала тое, што мы былі маладыя, шчырыя, і ў гэтым асяроддзі мне было камфортна. Мы верылі, што цяпер, на нашых вачах і з нашым удзелам, адраджаецца царква, і трэба яе максімальна падтрымаць. Я і сёння ганаруся тым, што мы сябравалі».

Спачатку хлопец не думаў, што застанецца ў манастыры. Але яму там падабалася, і хутка ён сышоў з інтэрната, пасяліўся ў кляштары. Вучобу не кідаў, ездзіў у тэхнікум. Так прайшло каля трох гадоў. І думка прыняць пострыг выспела паступова.

«З пострыгам спяшацца не трэба, нядаўна патрыярх Кірыл увогуле казаў, што лепш ісці ў манахі пасля трыццаці. Але ў той час пастрыгалі і ў 18, і ў 19 гадоў. Я скончыў вучобу, і праз пару месяцаў прыняў пострыг. У манастыр, дарэчы, я прыйшоў на дзень святога Мікалая. І манастыр насіў яго імя. Таму і маё манаскае імя было Мікалай, — расказвае Аляксандр. — Пасля пострыгу чалавек дае тры найгалоўныя запаветы: цнатлівасць, паслухмянасць, няхцівасць. Я, канечне, думаў: а як я буду жыць без жанчын? Але ў манастырах ёсць метады, як перанесці гэтую праблему. Я яе пераадолеў. Мне вельмі дапамагала засяроджанае чытанне «Ісусавай малітвы». Большай праблемай для мяне стала разуменне таго, што ў мяне ніколі не будзе дзяцей. Гэта вельмі ціснула на мяне. Але і з гэтым я б змог справіцца. Сышоў я не таму».

У манахаў усе дні падобныя адзін да аднаго.

Пад’ём каля 5 раніцы. Паўгадзіны на гігіенічныя працэдуры, затым брацкі малебен. Ён працягваецца некалькі гадзін. Прыкладна а 8 пачынаецца ранішняя літургія, яшчэ адно богаслужэнне, якое таксама цягнецца 2—3 гадзіны. Затым лёгкі сняданак і послух, прасцей кажучы — праца. Далей — абед. Усе ядуць моўчкі, а адзін з манахаў чытае ўголас нешта з жыцця святых ці нейкае павучанне. Пасля абеду невялікі адпачынак, затым ізноў праца. А 17 гадзіне — вячэрняе богаслужэнне, затым вячэра, малітва і некалькі гадзін на прыватныя справы. І каля 11 гадзіны — адбой. Па словах Аляксандра, паміж выходнымі і буднямі — розніцы амаль не было.

«Хоць у маёй працоўнай кнізе і запісаны стаж, але грошай манахі не зарабляюць і не маюць. Усім неабходным іх забяспечвае манастыр: патрэбен абутак — набудуць, трэба з’ездзіць да бацькоў — дадуць грошы на квіток. Выходзіць з манастыра можна, але трэба папярэджваць «начальства». Цяпер увогуле манахі маюць афіцыйныя вакацыі. Тэарэтычна, можна нават паехаць адпачываць за мяжу, але ізноў жа трэба напісаць прашэнне на імя епіскапа ці кіраўніцтва манастыра, указаць дзе будзеш і як з табой звязацца. Па вялікім рахунку, гэта нагадвае армію».

…і без Яго

З манастыра сыходзіць шмат людзей. Але большасць па знешніх прычынах: канфлікты ці проста цяжка. Аляксандр жа — адзін з тых нешматлікіх святароў, якія страцілі веру ў тое, што складала аснову іх жыцця, і таму прынялі сваё рашэнне.

«Я сышоў, бо я зняверыўся ў царкоўных дагматах. У мяне заўсёды былі сумневы. І мне было важна ў іх разабрацца, я іх не баяўся, — тлумачыць Аляксандр. — Я шмат чытаў па гэтай тэме і прыйшоў да высновы, што Ісус быў цудоўным і незвычайным чалавекам, але не быў Богам, як вучыць царква. І гэта было асноўным, пасля чаго ўсё пасыпалася. Бо калі Хрыстос не Бог, то ўзнікаюць пытанні аб Тройцы, аб літургіі, еўхарыстыі…»

«Я хацеў сысці ціха, але падзяліўся сваімі думкамі не з тымі людзьмі, і пра гэта даведаліся. Былі і такія, хто казаў пра мяне: «Юда», што я адрокся ад Хрыста.

Але я з імі не згодны. Калі б я сапраўды верыў і сышоў — вось тады б я адрокся. Мне кажуць, што я здрайца і пакінуць веру — гэта тое самае, што пакінуць сваю жонку з дзецьмі, сваю сям’ю. Але ж гэта не так. Мая сітуацыя: нібыта я прачнуўся і зразумеў, што жонкі ніколі і не існавала, яна была галюцынацыяй, фантомам, у які я чамусьці паверыў», — тлумачыць Аляксандр.

Увогуле, лічыць ён, пытанняў сёння да царквы шмат. Калі чалавек пачынае жыць так, як вучыць царква, і ставіцца да гэтага сур’ёзна, ён бачыць шмат супярэчнасцей. «Я не супраць царквы, — падкрэслівае наш суразмоўца, — я лічу, што царква павінна таксама мяняцца, рэфармавацца з цягам часу. Нельга ўпіхнуць людзям ХХІ стагоддзя сярэднявечныя правілы і погляды на жыццё».

«Я ведаю, што рэлігія дапамагае. Але сёння шмат святароў забываюцца на сваё месца, забываюцца на сумленне і сціпласць. І ў адносінах да праваслаўнай царквы сёння адчуваецца напружанасць у грамадстве. У тую ж Кастрычніцкую рэвалюцыю загінула столькі святароў, бо народ ім не верыў. Каб царква тады была б іншай, людзі б яе адстаялі, не пагадзіліся так лёгка на бальшавіцкі лозунг «Бога няма», — мяркуе Аляксандр.

Сам я цяпер агностык, кажа ён. Калі вы спытаеце, ці ёсць Бог, я адкажу: не ведаю. З трох хрысціянскіх цнотаў: веры, надзеі і любові — мая вера перайшла ў надзею. Я не веру, што Бог існуе, але спадзяюся, што так».

Цяпер ідзе другі год, як Аляксандр пакінуў царкву. Калі сыходзіш з манастыра, ніякі грашовы разлік не праводзяць. Сыходзіш з тым, з чым прыйшоў. Але ў яго трошкі грошай было, калісьці нешта давалі знаёмыя, сябры. На першы час хапіла. Месяц ён пражыў у Гомелі, затым перабраўся ў Мінск. Сёння ён — слесар-электрык у сталічнай прыватнай фірме.

«Хачу неяк зачапіцца ў жыцці, успомніць свае працоўныя навыкі і завесці сям’ю, нарадзіць дзяцей — простыя чалавечыя жаданні, — кажа Аляксандр. — Фактычна ад царквы мяне не адлучылі. Я магу пакаяцца і вярнуцца. Але калі я не змяню сваіх поглядаў — гэта будзе падман. А падманваць я не хачу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?