Лідэры гуртоў Naka, «Серебряная свадьба» і Sounduk запісалі сумесную песьню на трох мовах – расейскай, украінскай і беларускай пра вайну побач і вайну ўнутры. Прэм’ера на Tuzin.fm.

Cловы і музыку да трэку «Про любовь/Про любов/Пра любоў» напісала Наста Шпакоўская. Яна прапанавала Сьвеце Бень з «Серебряной свадьбы» і Ганне Хітрык з гурта Sounduk выканаць яе разам. Кампазыцыю запісаў гурт Naka.

Наста Шпакоўская: «Наш абавязак – нагадаць»

«Асноўны матыў напiсаньня гэтай песнi – гэта вайна. Вайна побач,вайна ўнутры. Вайна, ў якой страчваецца асноўнае ў жыцьцi – любоў. Страшна,што нават разумныя людзi ў той цi iншай ступенi ўдзельнiчаюць у гэтай вайне. I зразумела,што ужо не выправiць нiчога, але ж мы ўсе, утрох, лiчым сваiм абавязкам нагадаць як сабе самім, так і тым, хто нас пачуе пра тое адзінае, што здольнае нас уратаваць.

Вельмі хацелася, каб песьня гучала на трох мовах, як на адной. Каб нас аб’ядноўвала ня мова, а думка, якая была б зразумелая для ўсіх, у незалежнасьці ад ступені валоданьня адной з моваў. Мы доўга выбоўвалі кампазыцыю. Спачатку зрабілі асноўнае – голас і фано Ірыны Кліменкі. А потым шукалі як паказаць зьнешнюю барацьбу, нейкі кантрапункт. І прыдумалі з музыкамі такі фінал: фано у 4/4, а музыкi на ¾ граюць, такім чынам песьня набывае асаблівы сэнс, нібы два вымярэньні ў адным часе суіснуюць».

Сьвета Бень: «У мяне комплекс віны перад украінскімі сябрамі»

«Для мяне вялікай радасьцю было ўзяць удзел у выкананьні песьні Насты. Па-першае – такая песьня цяпер вельмі важная. І ў Насты добра атрымалася сказаць пра важнае без завялікага патасу. Па-другое, Наста і Аня вельмі добрыя. І людзі, і сьпявачкі. У нашым трыё я адказвала за ўкраінскую частку пераклада. І вельмі добра, што выйшла менавіта так. Україна для мяне вельмі шмат значыць. У мяне там столькі сяброў! І перад кожным зь іх у мяне комплекс віны. Я ня ведаю, што магу зрабіць для іх яшчэ, акром таго, што скажу «дэкильки слив про любов». Бо сярод маіх сяброў і тыя, хто жыве ў Данецку, і тыя, хто жыве ў Львове, і тыя, хто ратуе дзяцей і старыкоў у Антрацыце, калі прывозіць гуманітарную дапамогу пад абстрэлам з абодвух бакоў, і тыя, хто змагаецца ў Айдары. І кожны сьвята верыць у тое, што робіць. А я веру, што хоць якая вайна – дзярмо і аніводным сваім словам або справай не хачу садзейнічаць яе распальваньню.

Тэкст пераклала наша любімая сяброўка-журналіст Даша Кветкіна з Марыюпалю – чалавек, які перажыў абстрэлы, уцёкі з роднага гораду, сапраўдную небясьпеку, сапраўдны страх. Под перакладам яна напісала: «Прывітаньне! Даруй мне за доўгае маўчаньне. Ня ведала, як сказаць, але ў тых знаёмых, якія валодаюць украінскім словам лепш мяне ў дадзены момант настрой трохі далёкі ад гэтай прымірэнчай і жыцьцясьцвярджальнай лірыкі:(«.

Я пасля гэтых слоў яшчэ больш пераканалася ў важнасьці такой песьні. Неверагодна цяжка не даваць разрастацца ў сабе варожасьці, нянавісьці, нецярпімасьці. Але трэба!»

Ганна Хітрык: «Гэта пяшчотная, але зусім не дзявочая песьня»

«У мяне складанае стаўленьне да тэмы вайны і выкарыстаньня гэтай тэмы ў песьнях, вершах, пьесах. Гэта – глябальная трагедыя, а на ёй вельмі шмат спэкулююць. У Насьці атрымалася напісаць рэдкую песьню, у якой няма словаў «кроў», «вайна», «выбух». І я вельмі ўдзячная ёй за тое, што мы зь Беней узялі ўдзел у запісе гэтай песьні. Яна вельмі шчырая, пяшчотная, і ў той жа час не дзявочая, яна сур’ёзная. Мне здаецца, што песьня адбылася.

Прыемна ўсьведамляць, што твае калегі – вядомыя акторкі і сьпявачкі – такія ранімыя і шчырыя асобы. Я наогул з замілаваньнем згадваю запіс гэтай песьні, таму што гэта не было халтурай, песьняй дзеля песьні: о, маўляў, усе пішуць пра вайну і мы запішам. Гэта вельмі дарогае дзецішча і для Насьці, і для ўсіх нас. Таму што кожную інтанацыю, кожную ўсьмешку нашу чуваць у гэтай песьні, калі паслухаць уважліва. Там няма скрыўленьняў голасу, наваротаў, упрыгожаньняў, а ёсьць галоўнае – чысьціня. Дзякую Андрэю Хадановічу, які пераклаў маю частку песьні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?