Усе тут, у лягеры, браты і сёстры, у іх венах цячэ аднолькавая кроў – свабодная. Успамінае Юрка Бакур, які правёў некалькі дзён у намётавым мястэчку і там быў затрыманы.

«Едзем у сваты»

«Зьбірайся, час прыйшоў», – чую знаёмы голас у мабільніку. Бяру усё неабходнае: пашпарт, грошы, сьцяг, бел-чырвона-белыя стужачкі. Выходжу з пакою – і нечакана сутыкаюся з дэканам факультэту. Размова тычылася майго стаўленьня да ўлады. Чарговая беспасьпяховая спроба паўплываць на мяне. «Прапаную прагаласаваць датэрмінова і ехаць дадому» – кінула дэканша і зачыніла дзьверы. Яна ня ведае, што я наогул ня буду галасаваць, а свой выбар зраблю на цэнтральнай плошчы сталіцы, куды зьбіраюся ехаць.

Паехалі ў Менск загадзя, бо ведалі, што ў дзень выбараў шляхі будуць перакрывацца, але ўсё роўна не змаглі абмінуць даішнікаў, якія на МКАД спынялі ўсе аўтамабілі. «Хлопца сватаць едзем», – адказваем на пытаньне «Куды?» і праяжджаем у Менск. Сёньня канцэрт на плошчы Бангалор, а заўтра – РЭВАЛЮЦЫЯ!

19 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу прыйшлі 30 тыс. чалавек. Прыйшлі, нягледзячы на запалохваньні тэрактамі, абвінавачаньні ў тэрарызьме – каб сказаць Лукашэнку «Хопіць!».

На наступны вечар на Плошчы сабраўся шматтысячны натоўп, і на раніцу вырас цэлы намётавы лягер. Людзі зрабілі жывы ланцуг вакол яго і абвясьцілі гэтае месца тэрыторыяй свабоды (пазьней – плошчай Кастуся Каліноўскага). Людзі ня толькі суткамі начавалі на Плошчы, штовечар пасьля працы ці вучобы да іх прыходзіла падмога, каб выказаць словы падтрымкі і спачуваньня, яны прыносілі ў лягер ежу, вопратку, гарбату. Мы на плошчы вытрывалі шмат правакацыйных атак з боку ўладаў, холад і сон, стаялі некалькі сутак запар, адпачываючы толькі па 2–3 гадзіны ў дзень. Мы ведалі: калі пашанцуе дастаяць да Дня Волі – падымецца вялікая народная хваля, якую ўжо цяжка будзе запыніць.

Дзекабрысты

Побач з намі– прыгожая палова чалавецтва. Спадарыні, якіх турбуе лёс краіны, і дзяўчаты – сапраўдныя патрыёткі. Стаіш і табе цяжка пакінуць лягер хоць на гадзіну, бо ведаеш – за тваёй сьпінай жаночыя сэрцы і ты павінен апраўдаць іх надзеі.

Я заўсёды дзівіўся мужнасьці дзяўчат. Іх не пужала магчымасьць выключэньня з вучобы, працы, мажлівасьць трапіць за краты. Яны заўсёды знаходзіліся побач, падпітваючы мужчынскія сэрцы ня толькі ежай і гарбатай, але яшчэ любоўю, цеплынёй, надзеяй, верай.

Па пэрымэтры лягер кантралявалі ўсяго толькі каля дзесяці міліцыянтаў і столькі ж алмазаўцаў. Але кожны дзень мы гублялі людзей. Іх хапалі на падыходзе да плошчы раніцай, удзень, увечары, уначы – усіх, хто быў падазроны. Пад «хапун» траплялі нават звычайныя мінакі. Міліцыянты пераглядалі торбы, і калі там знаходзілі ежу, вопратку, не пускалі на плошчу, часам «пакавалі» ў аўтобусы. Даходзіла да ідыятызму: дзьве бабулі накіроўваліся на пляц, міліцыянты запынілі іх – знайшлі ў кішэні два яблыкі і не хацелі пускаць іх на плошчу. Пусьцілі толькі пасьля таго, як бабулька надкусіла гэтыя яблыкі.

Вочы з наяўнасьцю рэвалюцыі

Чацьвёрты вечар свабоды на плошчы Каліноўскага. Вочы заплюшчваюцца ад стомы, а ногі ўжо даўно згубілі кантроль і дзейнічаюць самастойна. Іх справа невялікая – стаяць да перамогі. У руцэ сьвечка, на сэрцы незразумелая песьня – малітва да Сонца. Стаю. Вакол людзі. Шмат людзей. Шмат сьвечак. Сьцягі, сінія стужачкі, балёнікі, родная музыка – усё перамяшалася ў адзіны подых – дух рэвалюцыі! Засталося няшмат – дастаяць да Дня Волі. Недзе побач і перамога.

Каля мяне дзьве спадарыні: незнаёмыя, але досыць родныя. Усе тут, у лягеры, браты і сёстры, у іх венах цячэ аднолькавая кроў – свабодная. Дзяўчынкі гутараць між сабой, я неўпрыкмет для самога сабе, далучаюся да іх размовы. Таксама далучаюцца і іншыя людзі. Паступова нашая размова зьліваецца з тысячамі такіх жа гутарак. Узьнікае адзіная палымяная прамова, якая, як малітва, уздымаецца над вячэрнім Менскам.

«Сёньня тэлефануе мне брат і запытваецца: «А ці праўда, што вам на плошчы даюць па дваццаць тысячаў у дзень?» – крыўдзіцца суразмоўца. – Я не магла яму нічога адказаць. Няўжо ён здольны пра такое нават падумаць». Твар дзяўчыны хаваўся пад сіняй хусткай, але вочы, гэтыя родныя, простыя вочы, зь нейкім болем і дзявочай пяшчотай час ад часу глядзелі на мяне, шукаючы адказу на складанейшыя пытаньні.

Трэцяя гадзіна ночы. Аднекуль зьявіліся АМАПаўскія аўтазакі. Усім стала зразумела – будзе «хапун». Мужчыны шчыльнымі радамі атачылі лягер, у якім засталіся адныя дзяўчаты. Прасілі калідор, каб вывесьці дзяўчат, але ваякам было ўсё роўна, яны выконвалі загад.

Дзесьці каля 400 чалавек трапілі за краты з надпісам 3.15.

Жыццё ў няволі

«Дзесяць сутак», – судзьдзя скорагаворкай аб’яўляе прысуд. Але дзесяць дзён няволі – нішто ў параўнаньні з чатырма днямі свабоды.

Акрэсьціна. Дабіраюся да драўлянага ложка і заплюшчваю вочы. Ня сьпіцца! Перад вачыма паўстае твар, захутаны ў сінюю бандану, гэтыя вочы, поўныя загадкавых пытаньняў, голас, напоўнены болем за лёс Радзімы.

У камэры на дзесяць чалавек сем ложкаў. Думаў, што будзе горш. Дзеля нас перад выбарамі адчынілі новы турэмны корпус, які цалкам «засялілі» апазыцыянэрамі. Ежа, якой нас кармілі, была дрэннай. Трымаліся на перадачах.

На другі дзень разумееш, што тут літаральна няма чаго рабіць, настрой псуецца, але хутка ён паляпшаецца – прыносяць першую перадачу. Робім з хлебу шашкі, шахматы, а з цалафанавага пакунку і зубной пасты – дошку для гульні. Ладзім спаборніцтвы.

Чарговая перадача – першая кніга. Чытаем па чарзе. Мне сумна, бо не перадаюць асадкі ці алоўка, таму не магу запісаць на паперы сваіх думак, марна губляецца час. Раблю з хлеба бел-чырвона-белага вожыка і яго сяброў. Палову сутак праводзім на ложках. Па начох халодна, бо адно акно няшчыльна зачынена. Нарэшце перадаюць спальнік і аловак, але няма нататніка, даводзіцца пісаць на ўсім, на чым можна.

Самы марудны сёмы дзень, але перадаюць асадку і нататнік – гуляем у марскі бой і іншыя гульні, з сурвэтак робім бела-чырвоныя кветкі, настрой узьнімаецца, трымаемся.

Апошнія суткі. Я паглыбляюся ў кнігу і цэлы дзень чытаю.

03.15. Мне разам зь Сержуком Марчыкам з Баранавічаў шанцуе першым выйсьці на свабоду. Нас сустракае некалькі соцень чалавек. Сьвежае паветра абдало твар, абдымаюся зь сястрычкай, я шчасьлівы. Шукаю вачыма тыя дзявочыя вочы, поўныя цеплыні.

Жыцьцё працягваецца, але гэтыя вочы заўсёды суправаджаюць мяне, а разам з тым жыве надзея ўбачыць зноў яе – дзяўчынку, народжаную рэвалюцыяй!

Юрка Бакур, Дзівін (Кобрынскі р-н)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0