Некалькі дзён таму меў размову з вэтэранам нацыянальнага руху, якому ўжо 75 гадоў. Шмат пра што пагаманілі, а калі згадалі шэсьце на 90‑годзьдзе БНР, ён сумна зазначыў: «Гады ня тыя, каб хадзіць. Ногі баляць, ледзь да крамы даходжу…» Сьвята для такога чалавека можа і ня ўдацца. Бадай што каля радыёпрымача.

Пасьля той размовы даведаўся, што літоўцы ў трэці раз 26 студзеня правялі па ўсім сьвеце агульнанацыянальную дыктоўку. Прычым шмат каму зь беларусаў знаёмы міністар замежных справаў Літвы Пятрас Вайтэкунас пісаў яе ў Нямеччыне разам з кіраўнікамі літоўскіх грамадаў краінаў ЭС. Пісалі і беларускія літоўцы ў пасольстве Літвы ў Менску… Пісалі, каб мацаваць павагу да роднай мовы, каб яна разьвівалася. І гэта была грамадзкая акцыя эўрапейскай краіны, дзе дзяржаўнасьць мовы гарантуе яе неўміручасьць. Дарэчы, пераможцы конкурсу дыктовак робяцца мэдыйнымі героямі Літвы.

Я падумаў, а чаму б і нам, беларусам, перад 25 Сакавіка не напісаць разам агульнанацыянальную дыктоўку? Уявіце, як а вызначанай гадзіне скрозь, дзе толькі мажліва: у офісах партыяў, у Таварыствах беларускай мовы, у школах і рэдакцыях — селі грамадзкія лідэры разам з шараговымі сябрамі рухаў і партыяў. Выбітныя пісьменьнікі, гісторыкі, навукоўцы селі поруч са сваімі чытачамі і разам напісалі сваю дыктоўку на тэму «Чаму і як я сьвяткую 90‑годзьдзе БНР». Дыктуе аўтар тэксту, праз радыё «Свабода», а таксама з аўдыёзапісаў. А пасьля, на мітынгу, удзельнікам раздаецца правільны тэкст. Камісія абвяшчае пераможцаў. Поўныя тэксты друкуюцца ў «Народнай волі», «Нашай Ніве»…

Сама акцыя сумеснага напісаньня дыктоўкі ва ўсіх куточках Беларусі і за яе межамі можа стаць усясьветнай дэманстрацыяй салідарнасьці беларусаў з роднай мовай.

Кожны зможа забраць дыктоўку ў свой уласны архіў, праверыць сам сябе па матрыцы і потым паказваць дзецям і ўнукам тэкст першай агульнанацыянальнай дыктоўкі.

Хто напіша тэкст дыктоўкі? Нашы пісьменьнікі здольныя.

Чым узнагародзіць пераможцаў? Напрыклад, падарыць пераможцу копію «Звону Волі». Марачкін ужо падтрымаў гэтую ідэю. Цяпер зьвяртаюся да тых людзей, што лічаць сябе паліттэхнолягамі ці робяцца такімі напярэдадні акцыі і пакутуюць, вынаходзячы так званыя мабілізацыйныя мэтады.

Асобная тэма — звароты да ўладатрымальнікаў з прапановамі ўзяць удзел у агульнанацыянальнай дыктоўцы. Год таму нельга было прадбачыць, што яны з 25 Сакавіка будуць гнаць хвалю акцыяў пад лёзунгам «За незалежную Беларусь». Гэта вынік нашай настойлівай працы. Наўрад ці ўлады далучацца да дыктоўкі апазыцыі. Але зь цягам часу хай самі ладзяць нешта падобнае. Калі беларусы па ўсім сьвеце будуць пісаць у адзін дзень, дэманструючы шанаваньне роднай мовы, то ніякая прапаганда ня зможа збэсьціць салідарнасьць з культурай, з традыцыяй.

У тэхналягічных момантах маёй прапановы шмат што трэба ўзгадняць, але трэба і рабіць, нават калі першы раз нешта і ня ўдасца ідэальна.

Дарэчы, ведаю, што беларусы сьвету гатовыя дапамагчы з памяшканьнямі для напісаньня такой дыктоўкі нашым землякам за мяжою.

90‑годзьдзе БНР дае вельмі добрую нагоду распачаць новую традыцыю. І тады мой знаёмы, якому ўжо 75 гадоў, а таксама малыя, якіх бацькі палохаюцца выводзіць на вуліцы, змогуць узяць свой удзел у дэманстрацыі за партай у гонар слыннай даты. І будучы змагар за Незалежнасьць будзе помніць, як пісаў дыктоўку разам зь беларусамі ўсяго сьвету, тым самым баронячы мову і волю, і сваю будучыню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?