5 чэрвеня адкрываецца XV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна».

Падчас фестывалю, які будзе праходзіць у Маладзечне па 7 чэрвеня, адбудуцца канцэрты беларускіх артыстаў і калектываў мастацкай самадзейнасці, а таксама конкурс маладых эстрадных выканаўцаў. Дзесяцігоддзе творчай дзейнасці адзначыць у межах фестывалю музычны праект «Зорны дыліжанс». 

Урачыстае адкрыццё мерапрыемства адбудзецца сёння на сцэне Летняга амфітэатра.

У канцэрце-адкрыцці «Беларусь незалежная ў песнях і вершах» возьмуць удзел беларускія кампазітары, паэты, вядомыя выканаўцы, у тым ліку народныя артысты Беларусі Ядвіга Паплаўская, Аляксандр Ціхановіч, Анатоль Ярмоленка, заслужаныя артысты Беларусі Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Алена Ланская, заслужаны артыст БССР Леанід Барткевіч, Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», ансамбль «Сябры», арт-група «Беларусы», а таксама Вікторыя Алешка, Аляксандр Саладуха, Анастасія Ціхановіч. 

«Наш канцэрт-адкрыццё мае, як мне здаецца, некалькі адметных момантаў.

Па-першае, упершыню ў ім удзельнічаюць і чытаюць класічную беларускую паэзію драматычныя акцёры такога рангу, як народны артыст Беларусі Віктар Манаеў, Валянціна Гарцуева, Павел Харлачнук-Южакоў, — расказала БелаПАН рэдактар канцэрта Людміла Палкоўнікава.

— Па-другое, да раяля будуць выходзіць кампазітары, таксама прадставяць публіцы паэтаў — аўтараў слоў песень. Імёны аўтараў песень будуць не толькі гучаць, але і дэманстравацца на экране ў відэарадзе. Гэта дасць магчымасць публіцы запомніць імёны творцаў. Спецыяльна да канцэрта падрыхтаваны дуэты, трыа, і вядомыя песні будуць гучаць па-новаму». 

У другі фестывальны дзень, 6 чэрвеня, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга запрашае гледачоў на III тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. У гэты дзень адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу. 

Арганізатары абяцаюць, што яркай падзеяй заключнага дня XV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна» стане юбілейны аўтарскі канцэрт «Песня мая…» кампазітара Алега Молчана. Павіншаваць маэстра з 50-годдзем і праспяваць яго хіты на сцэну выйдуць народныя артысты Беларусі Ядвіга Паплаўская, Аляксандр Ціхановіч, Мікалай Скорыкаў, заслужаны артыст БССР Анатоль Кашапараў, а таксама БДА «Песняры», лаўрэат Нацыянальнай музычнай прэміі Ірына Відава, артысты ансамбля «Песняры» розных гадоў. 

У гэты ж дзень адзначыць 10-годдзе музычны праект «Зорны дыліжанс». Папулярныя артысты Дзмітрый Калдун, Герман, гурт IOWA, трыа «Інжыр», Мікіта Фаміных, Дзяніс Ліс, Алена Пішчыкава, кар'ера якіх пачыналася ў «Зорным дыліжансе», таксама выступяць у Маладзечне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?